“Калі не палова, дык траціна насельніцтва Беларусі — за Лукашэнку”

Валянцін Жданко

Новая перадача сэрыі “Паштовая скрынка 111”. Эфір 10 лютага 2010 году.
За апошні час і ў Беларусі, і ў Расеі прывыклі да таго, што з надыходам кожнага новага году Менск і Масква пачынаюць актыўна спрачацца наконт коштаў на газ альбо нафту. Ня стаў выключэньнем і мінулы студзень. Апошняе нафтавае пагадненьне далося перамоўнікам зь вялікай цяжкасьцю.

На гэтую тэму — значная частка пошты “Свабоды”. Вось што піша з нагоды беларуска-расейскіх супярэчнасьцяў наш слухач Станіслаў Тунік зь вёскі Шупейкі Сьветлагорскага раёну:

“І чаму ў нас штогод замест дзелавой дружалюбнай абстаноўкі — усё новыя гандлёвыя войны: нафтавыя, газавыя, малочныя? Чаму за шматгадовыя шматмільярдныя субсыдыі ў выглядзе танных вуглевадародаў Лукашэнка, замест таго каб дзякаваць Расеі, лае яе?

Калі ўжо Беларусь і Расея перастануць высьвятляць адносіны?

На працягу ўсяго кіраваньня Лукашэнкі Расея падстаўляла Беларусі плячо, думаючы, што тая нарэшце навучыцца жыць самастойна, без хадункоў. Але ж Беларусь, замест таго каб станавіцца на ногі, без падпорак апускаецца на карачкі. Прычынай гэтаму — бяздарнае кіраўніцтва, а адсюль — і бяздарнае марнатраўства мільярдаў даляраў на аграгарадкі, лядовыя палацы, армію, міліцыю, чыноўнікаў-прыстасаванцаў, якія думаюць толькі пра ўласную кішэню і ўмеюць выконваць толькі каманды “зьверху”.

Вядома, што Беларусь патраціла вялізныя грошы на мадэрнізацыю гігантаў нафтаперапрацоўкі ў Мазыры і Полацку. Усё рабілася ў разьліку на танную расейскую нафту. А калі гэтай нафты ня стане — каму яны будуць патрэбныя?

Яшчэ я зьвярнуў увагу на нядаўняе даручэньне прэзыдэнта Лукашэнкі распрацаваць новую канцэпцыю дзяржаўнай бясьпекі. Цікава, каму мы зьбіраемся абвяшчаць вайну? Ці хто пагражае вайной нам? Ці не разумней было б, замест таго каб гуляць у вайну, скараціць армію і міліцыю да разумных межаў, якія б адпавядалі нашай невялікай і зусім не багатай краіне?”
.

Сапраўды, Беларусь — зусім не багатая краіна, і ва ўмовах жорсткага эканамічнага крызысу яна вымушана ашчаджаць на самым неабходным. Вельмі многія людзі з гэтай прымусовай дзяржаўнай эканоміяй (якая часам — на мяжы абсурду) сутыкаюцца штодня. Мэдыкі ў паліклініках ня могуць папіць гарбаты, бо ім забаронена карыстацца электрачайнікамі. Дзеці ў школах вымушаны сядзець на занятках у паліто, бо адміністрацыя эканоміць на ацяпленьні. Жыхары шматкватэрных дамоў навобмацак паднімаюцца ў цемры па лесьвіцы, бо жыльлёвыя службы эканомяць на асьвятленьні... Калі б такая эканомія была татальнай, абавязковай для ўсіх — магчыма, людзі да гэтага ставіліся б з разуменьнем. Але ж адначасова ў Менску адкрываецца чарговы лядовы палац коштам у дзясяткі (калі ня сотні) мільёнаў даляраў; фасады дамоў на цэнтральных вуліцах штоночы асьвятляюцца магутнымі лямпамі, а прэзыдэнт Лукашэнка ня здраджвае сваім даўнім звычкам і едзе катацца на лыжах на пэрсанальным самалёце ў швайцарскія Альпы...

Пра сваё стаўленьне да ўлады, пра неабходнасьць знаходзіць паразуменьне з чыноўнікамі разважае ў сваім новым лісьце на “Свабоду” Валянціна Сакаловіч зь вёскі Бакшты Івейскага раёну. Слухачка піша:

“Лукашэнка хоць і дыктатар, але ўсё ж спрабуе нешта рэальна зрабіць. У яго мноства недахопаў. Я і сама яго не люблю. Але трэба мець цярпеньне. Усё ж гэта — рэальная сіла ў Беларусі, зь якой неабходна лічыцца і спрабаваць знайсьці агульную мову. Які толк ад бессэнсоўнага супрацьстаяньня? Ад гэтага толькі людзі цярпяць. Між тым давайце глядзець на рэчы рэальна: калі не палова насельніцтва Беларусі, дык траціна — за Лукашэнку. Гэта — тыя, каго ён купіў: міліцыя, вайскоўцы, студэнты, пэнсіянэры... У іх больш-менш прыстойныя ўмовы жыцьця, і яны будуць іх абараняць. Тое ж можна сказаць і аб прадстаўніках улады, чыноўніках. Яны б, можа, і хацелі зрабіць для краіны што-небудзь добрае, ды не разумеюць — як. Паверце, я ведаю, што кажу. Трэба задаваць ім пытаньні — як гэта робяць здольныя вучні сваім настаўнікам. Галоўнае тут — такт і дыпляматыя. А калі груба і адкрыта казаць чалавеку ўвесь час у твар: “Сьвіньня! Сьвіньня!” — дык ён урэшце рэшт і зарохкае... Паверце, што ў гэтых людзей насамрэч неймаверна цяжкае, драматычнае жыцьцё — нягледзячы на ўсе іхныя рэгаліі і перавагі. Але ўсё гэта ў сапраўднасьці — толькі танны бляск і мішура”.

Слушна, спадарыня Валянціна, напісалі вы пра тое, што трэба шукаць з чыноўнікамі агульную мову, і задаваць ім пытаньні, і дыскусію з прадстаўнікамі ўлады весьці паважліва і тактоўна. Але ж усё гэта магчыма толькі пры ўмове, што яны самі гатовыя весьці такую размову. А што рабіць, калі ў адказ на просьбу аб сустрэчы альбо зададзенае пытаньне чуеш у тэлефоннай трубцы няўцямнае мармытаньне альбо перапалоханы голас са спасылкай на татальную занятасьць і некампэтэнтнасьць у гэтых пытаньнях... А гэта ж — найбольш тыповая сытуацыя, калі журналісты “Свабоды” спрабуюць скантактавацца з чыноўнікамі і атрымаць адказы на свае пытаньні.

Віталь Камарэвіч з Валожынскага раёну напісаў нам пасьля таго, як пачуў па “Свабодзе” гісторыю Сяргея Каваленкі — віцебскага грамадзкага актывіста, які 7-га студзеня пасярод дня на вачах у соцень людзей усталяваў на цэнтральнай плошчы гораду на 40-мэтровай вышыні бел-чырвона-белы сьцяг. Слухач піша:

“Мяне асабліва абурыла тое, што Сяргея Каваленку прымусілі прайсьці псыхіятрычную экспэртызу. Гэты выпадак вельмі падобны і да маёй гісторыі. За тое, што абскардзіў неправамерныя дзеяньні работніка міліцыі, мяне гвалтам кінулі ў “псыхушку”. Было гэта, праўда, даўно, 20 год таму.

За мінулы час да лепшага ў гэтым пытаньні ў Беларусі мала што зьмянілася. Можа, толькі больш не змушаюць да псыхшпіталя — баяцца грамадзкай думкі. Але і рэабілітаваць таксама ня хочуць. На тое, што невінаватаму чалавеку скалечылі жыцьцё, папсавалі здароўе — відаць, усім напляваць.

Асабіста я дайшоў ужо да Вярхоўнага суду — усе іншыя інстанцыі ўпарта не жадаюць прызнаваць відавочнае злоўжываньне. Я ўсё больш пераконваюся ў тым, што правы чалавека ў нас — на апошнім месцы. Сумна, што за 15 год прэзыдэнт Лукашэнка ў справе абароны правоў беларускіх грамадзянаў практычна нічога не зрабіў. Хоць ужо тройчы даваў клятву абараняць гонар і годнасьць беларусаў. Вельмі шкада, што ўсё так адбываецца.

Напрыканцы прашу захаваць маё сапраўднае імя ў сакрэце. Бо ў Беларусі цяпер і за гэта можна пацярпець. Такая ў нас атрымалася дзяржава: казаць праўду — небясьпечна
”.

Мы з разуменьнем ставімся да падобных засьцярогаў і заўсёды ў выпадку такіх просьбаў ідзем насустрач сваім слухачам і аўтарам.

Адзін зь дзяржаўных тэлеканалаў нядаўна пацікавіўся ў сваіх гледачоў — што аб’ядноўвае Беларусь і Расею? Прапаноўвалася тры варыянты адказу: эканоміка, палітыка, гісторыя. Сам факт такога апытаньня абурыў нашага слухача Міколу Канаховіча з Пружанаў. У сваім лісьце на “Свабоду” ён піша:

“Ставіць так пытаньне ня толькі неэтычна, а нават злачынна. Яно хлусьлівае ад першай да апошняй літары. Скажыце, людзі беларускія, што можа аб’ядноўваць акупанта-калянізатара з адукаваным, але каляніяльна абрабаваным народам? На працягу апошніх шасьці стагодзьдзяў Расея толькі тым і займаецца, што пад корань вынішчае беларускі народ — дзе агнём, дзе мячом, дзе расейскім праваслаўем, дзе шавіністычна-камуністычнай ідэалёгіяй…

І што ж паказала галасаваньне? 580 чалавек адказалі, што аб’ядноўвае эканоміка, 215 — палітыка, і ажно 1350 — гісторыя.

Няўжо гэтыя людзі страцілі розум і не адчуваюць сябе часткай беларускага народу?

Вядома, гісторыю можна сфальшаваць (як гэта робіць беларускі марыянэтачны рэжым) на карысьць сваіх крамлёўскіх гаспадароў. Але гэта — часовая справа. А вось тое, што насельнікі Беларусі (не магу назваць іх народам) страцілі розум — гэта, сапраўды, невылечная паталёгія.

Вось у такім асяродку цемрашальства даводзіцца выжываць нашчадкам Тадэвуша Касьцюшкі, Кастуся Каліноўскага, Янкі Купалы, Васіля Быкава”
.

Ня варта, спадар Мікола, так блізка да сэрца браць гэта апытаньне, вынікі якога калі пра што і сьведчаць, дык толькі пра ступень адукаванасьці і ангажаванасьці тых, хто яго праводзіў. Запэўніваю вас, калі б пытаньне было сфармулявана дыямэтральна супрацьлеглым чынам — напрыклад: “Што разьядноўвае Беларусь і Расею?” — вынікі былі б прыблізна такімі ж. Вартымі ўвагі, аб’ектыўнымі дасьледаваньнямі грамадзкай думкі можна лічыць толькі тыя, што праводзяцца прафэсійнымі незалежнымі сацыялягічнымі службамі, якія валодаюць адпаведнымі мэтодыкамі. Але ў сёньняшняй Беларусі дзейнасьць такіх службаў фактычна забароненая.

Дзякуй усім, хто знайшоў час для ліста на “Свабоду”. З вамі быў Валянцін Жданко. Пішыце нам, адрас ранейшы: Менск-5, паштовая скрынка 111.

Праграма “Паштовая скрынка 111” выходзіць у эфір кожную сераду.

Аўтару можна пісаць на адрас zdankov_rs@tut.by