Анкета Свабоды: Алег Трусаў

Алег Трусаў

Нарадзіўся 7 жніўня 1954 году ў горадзе Амсьціславе Магілёўскай вобласьці. Археоляг, гісторык беларускай архітэктуры, адзіны ў краіне выкладчык гісторыі філятэліі Беларусі. З 1996 да сакавіка 1998 году — дэкан факультэту бібліятэчна-інфармацыйных сыстэмаў Беларускага ўнівэрсытэту культуры. Цяпер дацэнт катэдры гісторыі Беларусі і музэязнаўства.

У 1990 годзе быў адным з заснавальнікаў Беларускага гуманітарнага ліцэю імя Якуба Коласа і цяпер у ім выкладае. У
1990-1996 гадох — дэпутат Вярхоўнага Савету ХІІ скліканьня. З 1999 году і да сёньня — старшыня Таварыства беларускай мовы імя Францішка Скарыны.


Што для вас свабода?

Магчымасьць добра пачуць іншых і самому без перашкодаў данесьці сваю думку іншым.


Што найбольш абмяжоўвае вашу свабоду?

Недахоп вольнага часу.


Што для вас шчасьце?

Прачнуцца раніцай з усьмешкай на твары.


Чаго вы найбольш баіцеся?

Жыцьцё навучыла мяне нічога не баяцца, але пры гэтым быць асьцярожным.


Які талент вы хацелі б мець?

Мне хапае таго, што маю.


Кім з сучасьнікаў вы захапляецеся?

Нікім.


Што вы найбольш любіце рабіць?

Працаваць у сваю асалоду.


Калі б можна было пражыць жыцьцё яшчэ раз, што б вы зьмянілі?


Нічога.


Якую найлепшую параду вы атрымалі?

Гэта парада маёй прабабкі: «Унучак, трэба ўмець рабіць усё, але ня ўсё рабіць».


Які ваш улюбёны дэвіз?

«Per aspera ad astra» («Праз церні да зораў»).


У якой палітычнай сыстэме вы хацелі б жыць?

Парлямэнтскай рэспубліцы.


У якой краіне вы хацелі б жыць?

У Беларусі.


У якую эпоху вы хацелі б жыць?

У сёньняшнюю.


Калі б вы сталі кіраўніком Беларусі, што б зрабілі найперш?

Вярнуў бы ў дзеяньне Канстытуцыю 15 сакавіка 1994 году, а потым абмежаваў правы Прэзыдэнта.


Якія адносіны Беларусь павінна мець з Эўразьвязам?

Самыя шчыльныя, з мэтай туды патрапіць.


Якія адносіны Беларусь павінна мець з Расеяй?

Такія, якія маюць краіны Эўразьвязу.


Некаторыя думаюць так: «Хай дыктатура, абы свая». А Вы?

Як кажуць амэрыканцы, «Свой Самоса лепей, чым чужы».


Калі і як у Беларусі зьменіцца ўлада?

Калі Бог дасьць.


Калі беларусы загавораць па-беларуску?

Калі па-беларуску загаворыць усё іх начальства.


Што будзе, калі беларусы не загавораць па-беларуску?

Яны будуць па-беларуску маўчаць.