Літаратуразнаўца і пісьменьнік Пятро Васючэнка свой чарговы прыватны рэйтынг прысьвяціў кнігам, якія, на ягоную думку, маюць лёсавызначальную ролю ў фармаваньні беларускай нацыі.
Прадмова Францыска Скарыны да «Кнігі Юдзіф».
У кнізе «Францыск Скарына. Творы». Менск, «Навука і тэхніка», 1990.
Напачатку было Слова, і Беларусь была прапісана ў Слове, пасьля чаго яна ажыцьцявілася. Мяркую, што ў кожнай з нашых вялікіх кніг прапісвалася адна з ідэяў нашае Бацькаўшчыны, пасьля чаго ідэя ўвасаблялася ў рэчаіснасьць загадкавым для нас шляхам. Прыгадаем Скарынава Слова з «Прадмовы» да «Кнігі Юдзіф», якое беларускія школьнікі вучаць на памяць:
«Понеже от прирожения звери, ходящие в пустыни, знають ямы своя; птицы, летающие по возъдуху, ведають гнезда своя; рибы, плывающие по морю и в реках, чують виры своя; пчелы и тым подобная боронять ульев своих, — тако ж и люди, игде зродилися и ускормлены суть по Бозе, к тому месту великую ласку имають».
Недарэмна, працягвае Скарына, Юдзіф-удавіца дзеля прыражонага свайго месца паклала жыцьцё сваё на небясьпеку і перамагла, бо Бог спрыяў ёй.
Адгэтуль вобраз Радзімы ўпершыню паўстае як Дом. Беларускі дом.
Dudka Białaruskaja Macieja Buraczka. Менск,
«Мастацкая літаратура», 1990. (Факсымільнае выданьне).
Вуснамі Мацея Бурачка Францішак Багушэвіч праказаў чатыры пастуляты будучага нацыянальнага Адраджэньня.
Пра гісторыю. Мацей давёў ідэю пра гістарычную пераемнасьць Вялікага Княства Літоўскага і сучаснай яму Беларусі, з тым, каб беларус, у былым ліцьвін, ня блытаў сябе з летувісамі.
Пра мову. «Не пакідайце ж мовы нашай беларускай, каб не ўмёрлі». Бурачок ня кажа «не пакідайце», бо мову мала памятаць — яе трэба разьвіваць, тварыць на ёй ксёнжачкі, каб не сталася мёртвай. Але ў выніку гэта патрэбнае не мове, а нацыі, каб ня ўмёрла, не сканала духоўнай сьмерцю, як гэта бывае з чалавекам, якому перад сьмерцю «мову займе».
Новая саманазва краіны, як бы яе ні называлі раней, — Беларусь. У Багушэвічавай рэдакцыі яна і трапіла ў Канстытуцыю: менавіта «Беларусь», а не «Белоруссия».
Этнічныя, пракаветныя межы Беларусі. Дзе Беларусь? Яна «там, братцы, дзе наша мова жывець, яна ад Вільні да Мазыра, ад Віцебска за малым не да Чарнігава, гдзе Гродна, Мінск, Магілёў і шмат мястэчак і вёсак...» Інакш кажучы, этнічныя межы Беларусі супадаюць з яе моўным арэалам.
Наша ніва: першая беларуская газэта з рысункамі. Выпуск першы. 1906 — 1908 гг.
Менск, Навука і тэхніка, 1992. (Факсымільнае выданьне).
Перавыдадзеная «Наша ніва» сталася для кожнага сьвядомага беларуса Кнігай кніг, якая павінна ляжаць у яго на стале поруч з Бібліяй. Бо тут — пачатак і канец беларускага Адраджэньня. Узяўшы за аснову ідэі Багушэвіча і ягоных паплечнікаў, «нашаніўцы» пашырылі іх на ўсю этнічную тэрыторыю Беларусі («гдзе мова наша жыве»). Яны вылучылі ідэю нацыянальнай кансалідацыі, незалежна ад канфэсійных, палітычных, клясавых прыярытэтаў.
«Наша ніва» была ня проста газэтай або гіпэртэкстам. Яна была кшталту грыбніцы, вакол якой, бы пладовыя целы, прарасталі партыі, суполкі, выдавецтвы, гурткі. І паўстала пляяда клясыкаў — Купала, Колас, Багдановіч, Гарэцкі, Гарун, Ластоўскі, — кожны з якіх па-свойму праектаваў Беларусь, і праекты тыя так або інакш спраўдзіліся.
Ігнат Абдзіраловіч. Адвечным шляхам.
Дасьледзіны беларускага сьветагляду. Менск, «Навука і тэхніка», 1993.
Ігнат Абдзіраловіч (Канчэўскі), які стаўся пачынальнікам нацыянальнай філязофскай школы, акрэсьліў асаблівасьці беларускага мэнталітэту, паставіў і адказаў на пытаньні: што такое Беларусь паміж Усходам і Захадам і з кім быць Беларусі — з Усходам або з Захадам?
Адказ быў празрысты і дальнябачны: браць усё лепшае з Усходу і Захаду, адмаўляць усё горшае і церабіць свой уласны шлях у гісторыі.
Ён праказаў недаацэнены пакуль прынцып ліючайся формы як мадэль нацыянальнага разьвіцьця, у адпаведнасьці з якой у гэтым адвечна зьменлівым сьвеце беларусы павінны прыстасоўваць да яго паваротаў форму свайго нацыянальнага жыцьця.
Караткевіч Уладзімір. Збор твораў у 8 тамах.
Менск, «Мастацкая літаратура», 1987 — 1991.
Уладзімір Караткевіч зьдзейсьніў для беларускай літаратуры тое, што Вальтэр Скот для ангельскай, Аляксандр Дзюма для французскай, Генрык Сянкевіч для польскай: ён бэлетрызаваў і рамантызаваў беларускую гісторыю. Істы рамантык, ён ствараў тэксты, споўненыя эксклюзіўнасьцю, эксцэнтрыкай, экзотыкай, авантурамі. Да Караткевіча беларусы баяліся зазірнуць у калодзеж сваёй гісторыі, бо яна падавалася ім непраглядна змрочнай. Аўтар «Вока тайфуна» імкнуўся дабрацца туды, куды ніхто да яго не сягаў, да самага «вока» неабазнанага. Не дапісаўшы дзесяткі заплянаваных кніг, ён усё-ткі стварыў сваю галоўную Кнігу, якая абярнула на беларушчыну цэлае пакаленьне тутэйшых людзей.