Пра гэта паведаміў журналістам падчас прэсавай канфэрэнцыі міністар сувязі і інфарматызацыі Беларусі Мікалай Панцялей.
5 лютага на прэс-канфэрэнцыі ў Менску міністар сувязі і інфарматызацыі Мікалай Панцялей, камэнтуючы новаўвядзеньні, прадугледжаныя ўказам прэзыдэнта № 60 "Аб мерах па ўдасканаленьні выкарыстаньня нацыянальнага сэгмэнта сеткі Інтэрнэт", паведаміў, што ў Беларусі абмежаваньні доступу грамадзян на пэўныя інтэрнэт-рэсурсы будуць ажыцьцяўляцца правайдэрамі толькі па заявах саміх карыстальнікаў.
Агенцтва БелаПАН цытуе міністра, які сказаў: "Гэта значыць, кожны карыстальнік мае права зьвярнуцца да свайго апэратара доступу і папрасіць абмежаваць доступ да тых ці іншых сайтаў. Гэта будзе вырашацца тэхнічнымі сродкамі кожным канкрэтным апэратарам". Па яго словах, такім мэтадам можа быць рэалізаваная функцыя кантролю з боку бацькоў за дзецьмі.
"Гэта значыць, што канкрэтны грамадзянін зьвяртаецца да свайго інтэрнэт-правайдера і просіць, каб апэратар прыняў меры да таго, каб з яго пэрсанальнага кампутара было немагчыма трапіць на некаторыя канкрэтныя сайты. Гэта не азначае якіх-небудзь збораў подпісаў грамадзянамі і іншых грамадзкіх дзеяньняў – усё індывідуальна ", – патлумачыў М.Панцялей.
Разам з тым, па яго словах, прадугледжана ўвядзеньне абмежаваньняў доступу да інтэрнэт-рэсурсаў у адносінах да дзяржаўных органаў і арганізацый. "У дадзеным выпадку рашэньні будуць прымацца органамі дзяржкіраваньня – у чым канкрэтна абмяжоўваць работнікаў дзяржаўных органаў і арганізацый, якія ў працоўны час павінны займацца сваімі службовымі абавязкамі і якім, напэўна, не варта ў працоўны час зьвяртацца да пэўных інфармацыйных рэсурсаў", – сказаў міністар.
М.Панцялей таксама паведаміў, што ў адпаведнасьці з указам карыстальнікі інтэрнэт-паслугаў у калектыўных пунктах доступу будуць прад'яўляць пашпарт для ідэнтыфікацыі.
"Як я разумею, карыстальнікам інтэрнэт-паслугаў у інтэрнэт-клюбах прыйдзецца прад'яўляць дакумэнт, які засьведчвае асобу, таму што ўказ прадугледжвае для інтэрнэт-клюбаў ідэнтыфікацыю не абанэнцкай прылады, а пэрсаналіі", – сказаў кіраўнік Мінсувязі.