Люц Гюльнэр, прэсавы сакратар вярхоўнага прадстаўніка Эўразьвязу па зьнешніх сувязях і палітыцы бясьпекі Кэтрын Эштан, сказаў карэспандэнту Радыё Свабода Рону Сынкавіцу, што спосаб, у які беларускія ўлады будуць выкарыстоўваць прэзыдэнцкі ўказ пра рэгуляцыю нацыянальнага сэгмэнту Інтэрнэту, будзе мець уплыў і на супрацоўніцтва Эўразьвязу зь Беларусьсю ў рамках Усходняга партнэрства.
"Эўразьвяз хоча паступова разьвіваць адносіны зь Беларусьсю, але гэта будзе залежаць ад адчувальнага прагрэсу ў канкрэтных сфэрах, якія былі вызначаныя раней, — сказаў Гюльнэр. — Эўразьвяз шкадуе, што не адбылося прагрэсу ні ў сфэры правоў чалавека і асноўных свабодаў, ні ў адносінах уладаў да палітычнай актыўнасьці грамадзянаў — я маю на ўвазе разгон мірных палітычных акцый і адмаўленьне ў рэгістрацыі шматлікім палітычным партыям і незалежным СМІ. Дык вось, мы разглядаем гэты новы ўказ якраз у такім кантэксьце".
Паводле Гюльнэра, паколькі ўказ уступае ў дзеяньне 1 ліпеня, у беларускіх уладаў "застаецца магчымасьць, каб зьмяніць некаторыя яго аспэкты".
Гюльнэр падкрэсьліў, што прасоўваньне кантактаў Эўразьвязу зь Беларусьсю ва Ўсходнім партнэрстве — уключна з гандлёвымі — ўвязана з агульным узроўнем дэмакратызацыі краіны:
"Эўразьвяз выклаў на стол прапанову ўдзелу для Беларусі ва Ўсходнім партнэрстве, якая можа прынесьці шмат станоўчага для абодвух бакоў — як у міжчалавечых кантактах, так і ў некаторых іншых пытаньнях, якія для Беларусі зьяўляюцца надзвычай важнымі, і ў якіх мы хацелі б рухацца ўперад. Але зноў жа, трэба ў гэтым прытрымлівацца пэўнай колькасьці асноўных парамэтраў".
Пра свой намер вывучыць прэзыдэнцкі ўказ аб рэгуляваньні Інтэрнэту ў Беларусі заявіла і Арганізацыя бясьпекі і супрацоўніцтва ў Эўропе зь сядзібай у Вене.