Уводзіцца дзяржаўная рэгістрацыя сетак, сыстэмаў і рэсурсаў, прапісваецца перавод беларускіх сайтаў у дамэнную зону by, фактычна ўзаконьваецца кантроль за інтэрнэт-карыстальнікамі. Дзеля чаго беларускім уладам спатрэбілася «ўпарадкаваць» віртуальную прастору?
Інтэрнэт-супольнасьць Беларусі ў замяшаньні ад новага ўказу. Шмат хто суцяшаецца думкай, што за 6 месяцаў, пакуль дакумэнт набудзе сілу, нешта зьменіцца. Як кажа прадстаўнік аднаго з інфармацыйных рэсурсаў Леанід Гусеў, паўгадавая фора нясе зусім не акрэсьленыя пэрспэктывы:
«Пачалі абмяркоўваць указ даўно, і меркаваньні рознапалярныя, бо там як станоўчыя, так і адмоўныя моманты будуць прысутнічаць. І гэта натуральна, бо кожны па-рознаму да ўсяго падыходзіць. Але, разам з тым, ва ўсясьветнай практыцы такога ўвогуле яшчэ не было: то бок няма такой сыстэмы, якая, як наша, спрабуе цалкам рэглямэнтаваць інтэрнэт. Хоць, як мне падаецца, шмат у якіх краінах пра гэта думаюць. Аднак ня многія адважваюцца на такі крок».
Самы просты спосаб уберагчыся ад магчымага нэгатыўнага ўплыву ўказу — увогуле дыстанцыявацца ад сеціва. Адзін з уладных ідэолягаў Эдуард Скобелеў кажа, што асабіста для сябе ня бачыць ніякіх праблемаў:
«На гэты конт не магу нічога пракамэнтаваць, таму што я не карыстаюся інтэрнэтам. Зусім. Таму ня ведаю, якія для каго наступствы могуць быць. Вось так, даражэнькі...»
У адпаведнасьці з дакумэнтам дзеля «гарантаваньня бясьпекі грамадзянаў і дзяржавы» ад 1 ліпеня правайдэры павінны будуць ажыцьцяўляць ідэнтыфікацыю, весьці ўлік і захоўваць дадзеныя пра абанэнцкія прыстасаваньні карыстальнікаў інтэрнэт-паслугаў. У адным зь менскіх інтэрнэт-клюбаў кажуць, што істотна новы ўказ на іх працу не паўплывае. А што да архіваваньня дадзеных, то такая практыка мае даўнія традыцыі:
«Калісьці на ўзроўні гарадзкім было зацьверджанае часовае палажэньне аб тым, што інтэрнэт-кавярні павінны запісваць усіх інтэрнэт-карыстальнікаў у журнал — імя, прозьвішча, час прыходу, сыходу з клюбу.
Логі вядуцца даўно і ніяк не ўплываюць на асабістае жыцьцё людзей.
Для ўсіх пастаўшчыкоў інтэрнэт-паслугаў у Беларусі ўводзіцца дзяржаўная рэгістрацыя. Афіцыйны пералік дакумэнтаў яшчэ фармуецца, аднак, падкрэсьліваюць экспэрты, указ упершыню рэглямэнтуе мэханізм абмежаваньня доступу да інфармацыі. Прыкладам, на запыт адпаведных структураў інтэрнэт-пастаўшчык абавязаны ізаляваць абанэнцкае прыстасаваньне ад зьвестак, зьмест якіх накіраваны на распаўсюджваньне парнаграфіі, прапаганду гвалту, жорсткасьці ды іншых дзеяньняў, забароненых заканадаўствам. Але, як лічыць былы начальнік Галоўнага дзяржаўна-прававога ўпраўленьня адміністрацыі прэзыдэнта Аляксандар Пласкавіцкі, за фасадам барацьбы з парнаграфіяй можа хавацца банальная «помста» сайтам апазыцыйнага зьместу:
«Безумоўна, улада стварыла сабе ўмовы, каб менавіта ўмешвацца ў інтэрнэт-прастору. Больш тут нічога не праглядаецца. Гэта азначае толькі адно: яны зараз больш уважліва чытаюць інтэрнэт, і ён іх крыўдзіць. Па-дзіцячаму крыўдзіць: чытаюць пра сябе, крыўдзяцца».
Карэспандэнт: «Ці можна кантраляваць інтэрнэт пры сучасных тэхналёгіях?»
«А татальны кантроль і не патрэбны. Проста неабходны мэханізм, каб помсьціць, больш нічога. Каму трэба адпомсьціць — гэта зробяць. А каму не — тыя нічога і не заўважаць. Таму для большасьці гэта ня мае ніякага сэнсу. Але тым, хто зрабіў барацьбу з уладай сваёй мэтай, будзе цяжка. І, магчыма, улада, каб зрабіць прыемнае царкве, а таксама Эўропе, закрые нейкія парнаграфічныя ды іншыя сайты ня вельмі прыстойнага зьместу».
Карэспандэнт: «То бок — „бамбаваньне“ выбарнае, кропкавае?»
«Так, вы ўжываеце менавіта тое слова, якое любіць наш кіраўнік дзяржавы — „кропкавае“. Але ў дадзеным выпадку амаль „дывановае“, бо пакрые ўсіх, хто лічыць, што інтэрнэт — гэта акно ў свабоду».
Кантроль над рэсурсамі інтэрнэту будзе ажыцьцяўляць Апэратыўна-аналітычны цэнтар пры прэзыдэнцкай адміністрацыі (ААЦ). Пад кантроль ААЦ, у прыватнасьці, трапляюць інтэрнэт-правайдэры, а пералік апэратараў электрасувязі, якія маюць права непасрэднага падлучэньня да міжнародных сетак, будзе вызначаць ААЦ пасьля ўзгадненьня з Аляксандрам Лукашэнкам.