Інтэрнэт-цэнзура: кітайскі вопыт

У сувязі са зьяўленьнем у Беларусі Ўказу пра рэгуляваньне інтэрнэту, шмат паралеляў пачалі праводзіць з тым, што зараз адбываецца ў гэтай сфэры ў Кітаі. Тым больш, што беларускія ўлады ўжо паведамлялі пра набыцьцё адпаведнага кітайскага абсталяваньня для выкарыстаньня ў РБ. Таму варта прыгледзецца, што зь сябе ўяўляе кітайскі вопыт.

Сыстэму інтэрнэт-цэнзуры ў Кітаі ад самога пачатку ахрысьцілі як «Вялікі кітайскі файрвол» (ангел. Great Firewall of China, ад ангел. Great Wall of China — Вялікая кітайская сцяна) на падабенства з Вялікай кітайскай сьцяной, што віртуальна адмежавала жыхароў КНР ад зьнешняга сьвету, пакінуўшы выключна дазволеныя КПП. Афіцыйная назва сыстэмы — Праект «Залаты шчыт» (ангел. The Golden Shield Project). Праект уяўляе з сябе сыстэму сэрвэраў на інтэрнэт-канале паміж правайдарамі і міжнароднымі сеткамі перадачы інфармацыі, якая фільтруе і маніторыць усю зыходную і ўваходную інфармацыю. То бок, блякуюцца ня толькі цэлыя сайты і сэрвісы, але адсочваецца і сама інфармацыя, якую атрымлівае, адпраўляе ці нават шукае кітайскі карыстальнік.

Кітайскім уладам у цэнзуры патураюць і сусьветна вядомыя кампаніі, якія ідуць на супрацоўніцтва з-за страху страціць вялікі кітайскі рынак інтэрнэт паслугаў і рэклямы. Напрыклад, кампанія Microsoft ажыцьцяўляе цэнзуру пошукавых вынікаў і маніторынг прыватных блогаў, якія неаднаразова зачыняла па палітычных прычынах. А кітайская вэрсія праграмы Skype сканфігуравана такім чынам, каб адсочваць тэкставыя чаты карыстальнікаў па вызначаных ключавых словах. Зразумела, ніхто не інфармуе пра гэта саміх карыстальнікаў. Апраўданьнем такой практыкі служаць спасылкі на мясцовыя заканадаўства.

Афіцыйна кіраваньне цэнзурай у Кітаі ажыцьцяўляе "Бюро назіраньня за грамадзкай бясьпекай інфармацыйнай сеткі" (БНГБІС), афіцыйна ўсталяванай у 1998 году міністэрствам грамадзкай бясьпекі ў нацыянальным маштабе. Зараз гэта распаўсюджана і маецца ў кожнай сыстэме грамадзкай бясьпекі па ўсёй краіне. Дарэчы, у Беларусі існуе аналяг у выглядзе Апэратыўна-аналітычны цэнтар пры Прэзыдэнце Рэспублікі Беларусь, колішнім “Дзяржаўным цэнтры бясьпекі інфармацыі пры Прэзыдэнце Рэспублікі Беларусь (ДЦБІ).

У КНР шэраг пашуковых сыстэмаў альбо забаронены, альбо іх дзейнасьць жорстка рэглямэнтуецца, калі яны ня могуць праводзіць пошук па цэламу шэрагу словаў ці фразаў, што высокія партыйныя цэнзары палічылі крамольным. Напрыклад, словы “Бог” альбо “Тыбэт”. Таксама сыстэмай блякуюцца сайты шэрагу рэлігійных і філязофскіх плыняў, у прыватнасьці, трансгуманістычных. Цікава, што пры гэтым парнаграфічныя вэбсайты можна знайсьці дзе заўгодна, і кампартыя галоўным чынам патурае ім. Аднак кампартыя імкнецца зрабіць усё магчымае, каб кантраляваць інфармацыю, злучаную з дэмакратыяй і правамі чалавека, і прадухіліць доступ людзей да яе. Даходзіць нават да абсурду.

Як піша кітайскі карыстальнік Оўян Фэй, аўтаматычны інтэрнэт цэнзар адрэагаваў нават на слова “кантррэвалюцыйны”, што было на старонцы цалкам афіцыйнага сайту “Гарманічнае грамадзтва”. Пры спробе прачытаць артыкул, выскачыла дыялёгавае акно з надпісам: «Кантрольная сыстэма інфармацыі выявіла забароненую фразу: кантрэвалюцыйная». Пасьля чаго Оўян Фэй быў перанакіраваны на старонку вэбсайту паліцыі, дзе было напісана:

«На жаль, вы наведалі ці запатрабавалі інфармацыю, якая ўтрымоўвае ключавыя словы, забароненыя аддзелам цэнзуры краіны, ці вашаму IP забаронены доступ да гэтага вэбсайту, вашы дзеяньні незаконныя, сыстэма зафіксавала ваш IP і дадзеныя, якія вы прадставілі. Калі ласка, запомніце, не падавайце ніякай інфармацыі небясьпечнага ўтрыманьня, ці інфармацыі, парушаючай нацыянальныя інструкцыі! Забароненыя ключавыя словы: контррэвалюцыйны. Калі ў вас паўсталі якія-небудзь пытаньні, калі ласка, зьвяжыцеся з вашым пастаўшчыком сэрвісу інтэрнэт!

Папярэджаньне кітайскай паліцыі пра наведваньне недазволенага сайту

Невялікі (у параўнаньні з дзясяткамі тысячаў) сьпіс найбольш папулярных у сьвеце сайтаў прыведзены на старонцы greatfirewallofchina.org. Як паведамляюць аўтары праекту, з прычыны ўсё нарастаючай цэнзуры інтэрнэту ў КНР, яны мусілі прыпыніць дзеяньне пошукавай базы ў онлайне. Але зараз дзейнічае іншы сэрвіс на амэрыканскім сайце WebSitePulse. Вызначыць, якія сайты блякуюцца, можна праз разьмешчаны тут адмысловы бясплатны сэрвіс Website Test behind the Great Firewall of China. У спэцыяльнае вакенца ўводзіцца правяраны адрас і выбіраецца адзін з чатырох буйных гарадоў Кітаю, адкуль будзе ісьці запыт на наведваньне такога сайту. Калі сайт даступны, то празь некалькі сэкундаў на экране будзе вынік тэсту з радком Status: OK. Калі сайт заблякаваны, то тэст як бы завісае, альбо выдае інфармацыю пра яго недасягальнасьць Status: Failure in receiving network data. Сайт Радыё Свабода кітайцы пакуль чытаць могуць.

Наколькі падзеі з цэнзурай інтэрнэту будуць нагадваць кітайскі сцэнар, пакажа час. Але прэцэдэнт, калі па “просьбе працоўных” адбываецца фільтрацыя сайтаў, існуе ў Беларусі ўжо некалькі гадоў. Так, у кастрычніку 2004 году Рэспубліканская камісія па прадухіленьні прапаганды парнаграфіі, гвалту і жорсткасьці вынесла экспэртнае заключэньне пра шэраг расейскіх сайтаў геяў і лесьбіянак. У ім было сказана, што гэтыя сайты ўтрымоўваюць ненарматыўную лексыку, а таксама малюнкі з прыкметамі парнаграфіі. Камісія не рэкамэндавала распаўсюджваць гэтыя сайты на тэрыторыі Рэспублікі Беларусь. Пасьля чаго «Белтелекам», які мае манаполію на зьнешні інтэрнэт-трафік, пачаў іх блякаваць.