Лявон Дзейка – адзін з заснавальнікаў Беларускай сацыял-дэмакратычнай партыі (Грамады), дэпутат Вярхоўнага Савета 12 скліканьня, член парляманцкай апазыцыі БНФ і фракцыі БСДГ. Удзельнічаў у распрацоўцы Дэклярацыі аб дзяржаўным сувэрэнітэце Беларусі, у галадоўцы дэпутатаў апазыцыі 11-12 красавіка 1995 году супраць ініцыяванага А. Лукашэнкам рэфэрэндуму аб зьмене дзяржаўнай сымболікі, скасаваньня статусу беларускай мовы як адзіна дзяржаўнай, праве прэзыдэнта распускаць Вярхоўны Савет і эканамічнай інтэграцыі з Расеяй. Цяпер – прэс-сакратар БСДГ, рэдагуе партыйны сайт www.bsdp.org 2 лютага Лявону Дзейку спаўняецца 60 гадоў.
Што для вас свабода?
Магчымасьць быць самім сабою.
Што найбольш абмяжоўвае вашу свабоду?
Узрост, здароўе і ўласныя фобіі.
Што для вас шчасьце?
Дзесьці я чытаў, што шчасьце – гэта адсутнасьць няшчасьця.
Чаго вы найбольш баіцеся?
Што мяне ня будзе памятаць мая ўнучатая пляменніца Надзя. Ёй цяпер шэсьць гадоў.
Які талент вы хацелі б мець?
Бачыць скрозь зямлю.
Кім з сучасьнікаў вы захапляецеся?
Васіль Быкаў, Зянон Пазьняк, Рыгор Барадулін, каралева Альжбэта Другая (з Віндзараў).
Што вы найбольш любіце рабіць?
Цяпер – рэдагаваць партыйны сайт www.bsdp.org
Калі б можна было пражыць жыцьцё яшчэ раз, што б вы зьмянілі?
Пастараўся б атрымаць грунтоўную гуманітарную адукацыю.
Якую найлепшую параду вы атрымалі?
Трэба жыць, як набяжыць...
Які ваш улюбёны дэвіз?
Сваю не абыйдзеш плаху,
Колькі б ты жыць ня праг...
У якой палітычнай сыстэме вы хацелі б жыць?
Нешта накшталт Вялікай Брытаніі.
У якой краіне вы хацелі б жыць?
“Там дзе людзі ніколі ня будуць рабамі...”
У якую эпоху вы хацелі б жыць?
Зазірнуць у ”Залаты Век” Вялікага княства Літоўскага.
Калі б вы сталі кіраўніком Беларусі, што б зрабілі найперш?
Амніставаў лейтэнанта Дзявяткіна, які за сваё жаданьне “пагаварыць за жызьнь” з А.Лукашэнкам атрымаў 19 гадоў турэмнага зьняволеньня.
Якія адносіны Беларусь павінна мець з Эўразьвязам?
Такія, якія непазьбежна вынікаюць з усяе нашае гісторыі і сёняшняга геапалітычнага становішча Беларусі.
Якія адносіны Беларусь павінна мець з Расеяй?
Выгадныя для Беларусі. Дабрасуседскія, наколькі гэта магчыма.
Некаторыя думаюць так: “Хай дыктатура, абы свая”. А Вы?
Калі дыктатура, тады мы чаго вартыя?
Калі і як у Беларусі зьменіцца ўлада?
Цяжка прагназаваць, але гэта, нажаль, не адбудзецца электаральным шляхам. Апошнія дваццаць гадоў прадэманстравалі, што гістарычныя падзеі могуць адбывацца нечакана і імкліва, літаральна за некалькі дзён.
Калі беларусы загавораць па-беларуску?
Калі стане беларускай адукацыя і тэлевізія, і пачне гаварыць па-беларуску начальства – ад прэзідэнта да брыгадзіра.
Што будзе, калі беларусы не загавораць па-беларуску?
Яны і так пакрысе гавораць, думаюць і асабліва маўчаць па-беларуску...пакуль што ня ўсе, але гэта пакуль...