Крытык Ганна Кісьліцына перакананая, што чытаць некаторыя кнігі пра пісьменьнікаў і іх герояў ня менш, а часам і больш цікава, чым самі мастацкія творы. І таму ў сваім сёньняшнім прыватным рэйтынгу выступае гідам па беларускім кнігазнаўстве.
Гісторыя беларускай літаратуры ХХ ст. У 4 тамах. Менск, 2000-2004.
На мой погляд, самае ўдалае выданьне, прысьвечанае гісторыі беларускай літаратуры за ўсю яе гісторыю. Безумоўна, яго можна паляпшаць і дапаўняць, і ўсё ж… Яно было задумана на хвалі перабудовы, у самым канцы 80-х, і гэта істотна адбілася на зьмесьце пяці грунтоўных тысячастаронкавых кніг. У аснову выданьня быў пакладзены прынцып эстэтычнай вартасьці, таму аўтары імкнуліся пісаць пра творы, а не пра час, пасады, рэгаліі. Тамы сталі выходзіць толькі ў 2000-х, калі палітычная сытуацыя зноў зьмянілася, і ўсё ж навукоўцы пасьпелі выказаць сваю думку пра ролю і задачы пісьменьніка. “Пісьменнік закліканы няўхільна абараняць нацыянальную ідэю, прынцыпы дэмакратыі, высокія гуманістычныя ідэалы, агульначалавечыя каштоўнасьці, сьцьвярджаць права народа на свабоду, незалежнасьць, на пабудову ўласнай дзяржавы і развіцьцё нацыянальнай культуры, праўдзіва, у высокамастацкіх формах, у паўнавартасных вобразах адлюстроўваць гістарычнае, духоўнае жыцьцё беларусаў…” На жаль, пяты том, куды павінны былі ўвайсьці самыя сучасныя пісьменьнікі, так і не з’явіўся…
Арнольд Макмілін, “Беларуская літаратура ў 50 – 60-я гады ХХ стагоддзя”. Менск, 2001.
Імя Макміліна мае поўнае права ўвайсьці ня толькі ў гісторыю беларускага літаратуразнаўства, але і ў гісторыю беларускай філялягічнай адукацыі. Справа ў тым, што здача кандыдацкага мінімуму па замежнай мове прадугледжвае вывучэньне замежных крыніц па спецыяльнасьці. У савецкія часы навуковых прац на ангельскай мове па сьпецыяльнасьці “беларуская літаратура” фактычна не было. Адзінай кнігай была макміланаўская “A History of Byelorussian Literature: From Its Origins to the Present Day”, асобнік якой захоўваўся ў бібліятэцы Саўміна. Хто і калі яе туды прынёс і хто яе першы там знайшоў, я не ведаю. Але дакладна адно, гэты ратапрынтны экзэмпляр увесь час знаходзіўся на руках, бо ў 90-х яго ўвесь прасілі праз знаёмых міністэрскіх чыноўнікаў і перакладалі на занятках ўсе аспіранты, якія займаліся літаратуразнаўствам. Праца стала легендарнай – вестка пра яе перадавалася ад аднаго пакаленьня да другога. Таму калі ў 2001 годзе выйшаў беларускі пераклад кнігі “Беларуская літаратура ў 50 – 60-я гады ХХ стагоддзя”, айчынная навука не была моцна зьдзіўлена альтэрнатыўным поглядам на гісторыю беларускай савецкай літаратуры, які прадэманстраваў у ёй Арнольд Макмілан.
Генадзь Кісялёў, “Жылі-былі клясыкі: Хто напісаў паэмы “Энеіда навыварат” і “Тарас на Парнасе”. Менск, 2005.
Некалі аўтара гэтай кнігі калегі любоўна называлі "Генусам Кротусам Кісялёвым" -- менавіта пад такім іменем ён з'яўляецца ў знакамітым "Сказе пра Лысую гару"... Ён сапраўды глыбока капаў, дасьледуючы самыя загадкавыя месцы беларускай культуры. Кісялёў быў першым і адзіным айчынным навукоўцам, які працаваў у жанры "дэтэктыву без злачынства". Менавіта так напісана яго лепшая, на мой погляд, кніга "Жылі-былі класікі...", якая раскрывае таямніцу аўтарства самых вядомых ананімных паэм "Тарас на Парнасе" і "Энеіда навыварат". Яе можна перачытваць бясконца, здзіўляючыся не толькі навуковай эрудыцыі Кісялёва, але і той далікатнасьці, якую ён заўсёды выяўляў пры дакрананьні да чужых лёсаў.
Віктар Каваленка, “Вытокі. Уплывы. Паскоранасьць. Разьвіцьцё беларускай літаратуры ХІХ – ХХ стагодзьдзяў”. Менск, 1975.
Мяне даўно займае пушкінская думка пра несумяшчальнасьць “генія і зладзейства”… Падцьверджаньнем ёй – працы нашых выбітных навукоўцаў. Дзіўная заканамернасьць -- усе цікавыя беларускія літаратуразнаўцы, якія зрабілі ўнёсак у развіцьцё айчыннай навукі, былі прыстойнымі, годнымі людзьмі, з тых, каго любяць і помняць пасля сьмерці. Такім быў Кісялёў, такім быў Каваленка… На жаль, многія маладыя дасьледчыкі забываюць, што тэорыяй паскоранага разьвіцьця нашай нацыянальнай літаратуры мы абавязаны апошняму. Менавіта ён задаўся пытаннем: “Якім чынам адсталая ў мінулым культура можа падняцца на ўзровень перадавых духоўных дасягненьняў і дагнаць самыя разьвітыя народы ў галіне мастацкай дзейнасьці?” Адказваючы на яго, ён пераканальна давёў – а мы і не былі адсталымі…
Ірына Багдановіч, “Авангард і традыцыя: Беларуская паэзія на хвалі нацыянальнага адраджэньня”. Менск, 2001.
Ёсьць такія працы – іх бясконца пераказваюць у іншых навуковых даследаваньнях, кандыдацкіх і курсавых, але забываюць указаць крыніцу натхненьня… Кніга “Авангард і традыцыя”– зь іх ліку. Прадстаўленая ў ёй канцэпцыя развіцьця літаратуры як адзінай плыні ў першай трэці ХІХ – першай трэці ХХ ст. апладніла не адзін юны навуковы мозг. Аднак многія забываюць на тое, што стварэньне гэтай канцэпцыі развіцьця пад знакам нацыянальна-вызваленчага змаганьня было зьвязана зь вялікай дасьледчай працай: ня толькі аналізам фактаў, але вывучэньнем і зборам раней не вядомых матэрыялаў. Вельмі сумна назіраць, як адзін у пошуках ісціны глытае архіўны пыл, а іншыя здымаюць з яго працы вяршкі. На мой погляд, праца Ірыны Багдановіч яшчэ не ацэненая напоўніцу – ні калегамі, ні заангажаванымі ў беларушчыну чытачамі.