Як Янчэўскі будзе прасоўваць у Інтэрнэце дзяржаўную ідэалёгію?

Аляксандар Класкоўскі

«Натуральна, дзяржава будзе займацца Інтэрнэтам, але ня ў пляне забароны, а ў пляне таго, што дзяржава павінна там безумоўна прысутнічаць. Там павінна прысутнічаць наша ідэалёгія, і прысутнічаць эфэктыўна,» — заявіў сёньня памочнік прэзыдэнта Беларусі, начальнік галоўнага ідэалягічнага ўпраўленьня Адміністрацыі прэзыдэнта Ўсевалад Янчэўскі. Ці можна зрабіць выснову, якую тактыку абяруць чыноўнікі ў дачыненьні да інтэрнэту? Якімі спосабамі дзяржаўныя структуры будуць прасоўваць у сеціве дзяржаўную ідэалёгію? На гэтыя пытаньні адказвае публіцыст Аляксандар Класкоўскі.
Цыганкоў: За апошні час прадстаўнікі кіраўніцтва дзяржавы, пачынаючы ад самога Лукашэнкі, неаднаразова рабілі заявы пра неабходнасьць неяк упарадкаваць Інтэрнэт. Лукашэнка, напрыклад, у сваім стылі казаў пра сусьветнае сеціва як пра «памыйку», іншыя чыноўнікі зьмякчалі ягоныя словы. Ці магчыма ў тым ліку і пасьля сёньняшніх выказваньняў Янчэўскага зразумець, што ўсё ж дзяржава зьбіраецца рабіць з Інтэрнэтам, якая стратэгія будзе абраная?

Класкоўскі: Па-першае, варта адзначыць, што спадар Янчэўскі заўжды выступае ў ролі такога «добрага сьледчага». Ён ніколі не казаў пра «памыйку», наадварот, сьцьвярджаў, што Інтэрнэт будзе свабодным. Але ж дзяржава, як сказана, будзе гэтым займацца.

Мяркую, што заявы Янчэўскага сьведчаць, што наверсе ўсё ж адсочваюць рэакцыю, у тым ліку міжнародную, на гэты пераднавагодні «ўкід» наконт указу па рэгуляваньні Інтэрнэту. Рэзананс, як вядома, быў моцна нэгатыўны. Таму зараз Янчэўскі выступае як «сьпін-доктар» (ёсьць такі тэрмін у піяры) — то бок адкручвае неспрыяльную сытуацыю назад.

Інтэрнэт ужо становіцца важным сэктарам эканомікі. Можна адпудзіць інвэстараў — і гэтыя прагматычныя меркаваньні дзейнічаюць.
Увогуле, для ўладаў справа нават ня ў тым, што зноў можна трапіць у сьпіс «ворагаў Інтэрнэту». Усё ж такі Інтэрнэт ужо становіцца важным сэктарам эканомікі. Можна адпудзіць інвэстараў — і гэтыя прагматычныя меркаваньні дзейнічаюць. Таму, найхутчэй, будзе нейкі зьмякчаны варыянт указу. Тым больш што рэгістрацыя інтэрнэт-СМІ прадугледжана нават ужо дзейным законам аб друку. Карацей, тут тая сытуацыя, калі ўладам і хочацца, і колецца. Таму, я думаю, яны будуць браць на ўзбраеньне свой улюбёны мэтад «кропкавага ўзьдзеяньня»

Цыганкоў: Усевалад Янчэўскі сярод іншага заяўляў, што дзяржава павінна прасоўваць у інтэрнэт сваю ідэалёгію. Дзеля гэтага, напрыклад, усім дзяржаўным рэгіянальным СМІ дадзеная задача да канца кварталу запусьціць свае сайты. Наколькі, па-вашаму, рэальная гэтая задача і як дзяржава будзе прасоўваць сваю ідэалёгію?

Класкоўскі: Некаторыя раёнкі ўжо маюць сайты, але пераважна яны дубовыя, і наведваньне ў іх нулявое. Вядома, прымусяць — і возьмуць пад казырок, але, я думаю, папулярнасьцю такія сайты карыстацца ня будуць, бо кантэнт ня той, казённыя рэчы ніхто ня будзе чытаць.

Дарэчы, калі ўзяць рэгіянальныя незалежныя СМІ, такія як «Інтэкс-прэс» у Баранавічах, ці «Бабруйскі кур’ер» ці «Хімік-інфо» ў Наваполацку, яны даволі папулярныя ў Інтэрнэце і значна выйграюць у сайтаў дзяржаўных СМІ. Тут недзяржаўная журналістыка кладзе на лапаткі дзяржаўную.

Таму, падаецца, што зараз хочуць ужыць прыёмы несумленнай канкурэнцыі, бо сутнасьць праекту указу — татальнае ліцэнзаваньне. Хто ня пройдзе — магчыма, адсякуць ад рэклямы, будуць душыць рознымі мэтадамі. Карацей, гэта тое, што называецца несумленнай канкурэнцыяй.