Партыя БНФ аспрэчыла ў судзе неўключэньне сваіх вылучэнцаў у Менскую выбарчую камісію. Прадстаўнікі гарадзкой рады партыі палічылі прычыны адводу сваіх прадстаўнікоў незаконным і падалі сёньня скаргу у Менскі гарадзкі суд.
Ад партыі БНФ і грамадзкага аб'яднаньня БНФ "Адраджэньне" на ўдзел у працы камісіі прэтэндавалі праваабаронца Ўладзімір Лабковіч і палітоляг Юры Чавусаў.
Склад менскай гарадзкой выбарчай камісіі быў зацьверджаны на сёньняшнім паседжаньні Менгарвыканкаму і прэзыдыюму Менскага гарсавету. У камісію ўвайшлі прадстаўнікі Аб'яднаньня вэтэранаў, Саюзу афіцэраў, Саюзу жанчынаў, прафсаюзу працаўнікоў дзяржаўных і іншых установаў, Камуністычнай партыі Беларусі, Асацыяцыі шматдзетных бацькоў, аб'яднаньня "Белая Русь", Рэспубліканскай партыі працы і справядлівасьці і БРСМ. З апазыцыйных структураў у склад камісіі ўвайшлі вылучэнцы ад Аб'яднанай грамадзянскай партыі і партыі левых сілаў "Справядлівы сьвет".