Памёр пісьменьнік Джэром Дэйвід Сэлінджэр.

Амэрыканскі пісьменьнік Джэром Дэйвід Сэлінджэр, аўтар славутага раману “Лавец у жыце”, памёр у сераду 27 студзеня ва ўзросьце 91 год. Яго галоўны раман, несьмяротным героем якога зьяўляўся падлетак-бунтар Голдэн Колфільд, выйшаў у 1951 годзе. Калі раман быў перакладзены на расейскую мову ў часы кароткай хрушчоўскай адлігі ў канцы 1950-х- пачатку 1960-х гадоў, ён выклікаў вялікі рэзананс у душах тысячаў людзей у Савецкім Саюзе і Ўсходняй Эўропе.

Сэлінджэр: ад “папсовасьці” да элітарнасьці

J. D. Salinger, "Catcher in the Rye". Прайграная бітва


З 1953 году Сэлінджэр вёў вельмі закрытае жыцьцё у маленькім гарадку Корніш амэрыканскага штату Нью-Гемпшыр. Пачынаючы з таго часу пісьменьнік ня браў удзелу ў літаратурных імпрэзах, не даваў інтэрвію і нават казалі, калі яго нехта пазнаваў на вуліцы, ён ратаваўся ўцёкамі. Ад 1965 году ён таксама адмовіўся публікаваць свае новыя творы, не спыняючы пры гэтым пісьменьніцкай працы. Яшчэ ў моманты сваёй найвышэйшай славы ён максымальна пазьбягаў публічнасьці ды ўвагі мэдыяў.

Найбольш папулярны твор Сэлінджэра – "Лавец у жыце" (The Catcher in the Rye), апублікаваны ў 1951-ым годзе. Галоўны пэрсанаж кнігі – падлетак Голдэн Колфілд – стаў сымбалем бунту супраць істэблішмэнту ў часы канфармізму ў Злучаных Штатах на працягу першых год Халоднай вайны.

Яго раман быў напісаны для дарослых, але менавіта падлеткі ва ўсім сьвеце найбольш блізка ўспрынялі тэмы “Лаўца ў жыце” – адчужэньне, невінаватасьць і фантазіі. На сёньняшні дзень раман выйшаў у 60 мільёнах экзэмпляраў, і яшчэ мільёны і мільёны былі пазычаныя для чытаньня ў бібліятэках і перададзены для таго ж сябрам.

Герой “Лаўца ў жыце”, 16-гадовы Голдэн Колфільд, якога вось-вось выганяць са школы, вырашае ўцячы ў Нью-Ёрк. На працягу трох дзён Колфільд блукае па горадзе, сустракаючы яго дзіўных пэрсанажаў – былых настаўнікаў, прастытутак і ліфцёраў. Гэты вопыт пераконвае юнак, што сьвет знаходзіцца пад уладай ашуканцаў. Паратунак і адхланьне, у рэшце рэшт, Колфільд знаходзіць у асобе сваёй малодшай сястры Фібі.

Прафэсар амэрыканскай літаратуры Калюмбійскага ўнівэрсытэту Рос Поснак кажа, што ролю і ўплыў Сэлінджэра на літаратуру і культуру немагчыма пераацаніць:

Поснак: Значэньне Сэлінджэра ў тым, што ён быў новым голасам, новым адчуваньнем у амэрыканскай літаратуры. Яго можна назваць не па гадах разьвітым габрэйскім гарадзкім эстэтам... чый бліскучы падлеткавы голас вельмі адрозьніваўся ад галасоў яго сучасьнікаў – Джона Апдайка, Філіпа Рота, Джэка Керуака.

Апошняй апублікаванай працай Сэлінджэра стаў фрагмэнт прозы пад назвай "Hapworth 16, 1924", якая выйшла 19 чэрвеня 1965 году ў часопісе " New Yorker ".

Пасьля гэтага Сэлінджэр нязьменна адкідаў прапановы аб публікацыях, судзіўся з выдавецтвамі і аўтарамі “працягаў” яго твораў, і сёньня дакладана ніхто нават ня ведае, ці пісаў ён нешта за тыя 57 гадоў пустэльніцтыва.

Як піша сёньня расейска-амэрыканскі філёзаф Барыс Парамонаў, Сэлінджэр быў блізкі да дзэн-будызму і іншых усходніх духоўных практык, але ў адрозьненьне ад іншых заходніх людзей, зрабіў зь іх вельмі ці ня самыя радыкальныя высновы – пакінуў пісьменьніцтва.


Для старшыні беларускага ПЭН-цэнтру, паэта і перакладчыка Андрэя Хадановіча, Джэром Сэлінджэр гэта "неўміручая асоба":

“Сказаць, што Сэлінджэр пісьменьнік уплывовы -- нічога не сказаць. Ён выхаваў некалькі пакаленьняў чытачоў ня толькі ў Амэрыцы, але і ў Беларусі, ва ўсім сьвеце. Пасьля Сэлінджэра пісаць, удаваючы, што яго не было, немагчыма і вельмі дурны занятак, непапраўная літаратурная наіўнасьць. Ягоны “Лавец ў жыце”, застаецца, па-мойму, адной з самых чытаных і запатрабаваных кніжак. Запатрабаваных, перш за ўсё, маладым чытачом , чалавекам адкрытым, свабодным і нонканфармісцкім. Сэлінджэр як мала хто, па-мойму, адчуваў фальш, балюча рэагаваў на гэта. Ён вучыў быць шчырымі, ён вучыў пісьменьнікаў не карыстацца літаратурнымі штампамі. Умеў, калі здавалася, што ў ягоны час літаратура драбнее, а словы дэвальвуюцца, умеў чапляць за жывое.
Сэлінджэр - выпадак невыпадковага пісьменьніка немітусьлівай славы, годных літаратурных паводзінаў. Гэта пісьменьнік, які ў адзін момант адмовіўся ад казачнай славы, папулярнасьці і не стаў пажынаць пладоў гэтага посьпеху, у тым ліку, камэрцыйнага посьпеху. Мне здаецца, што было б здорава, калі б усе літаратурныя пэрсоны, у тым ліку ў Беларусі, хоць напалову паводзілі б сябе так годна і адначасова так сьціпла як Сэлінджэр".

Беларускі літаратар Сяргей Дубавец у адным з сваіх эсэ ў кнізе "Вострая Брама" некалі назваў "Лаўца ў жыце" "бібліяй усіх падлеткаў другой паловы мінулага стагодзьдзя". Вось як ён адгукнуўся на сьмерць пісьменьніка:

"Безумоўна, вельмі сумная навіна для тых, хто гадаваўся на гэтай літаратуры. Але што зробіш?.. Жыцьцё ёсьць жыцьцё. Тым больш што Сэлінджэр шмат гадоў жыў у затворніцтве, нічога не пісаў, не публікаваў і не паказваўся сьвету. І тое, што мы маглі ведаць пра яго за гэты час, гэта нейкія скандалы, зьвязаныя зь кніжкай ягонай дачкі, якая распавядала ўсялякія пікантныя падрабязнасьці гэтага жыцьця. На маю думку, гэта ня мае ніякага дачыненьня да ягоных твораў, як, напрыклад, “The Catcher in the Rye.” Тое, што гэты твор будзе чытацца ва ўсім сьвеце, у тым ліку ў Беларусі, асабліва ў падлеткавым веку і далей, гэта не падлягае аніякаму сумневу, бо напісаны абсалютна шчыра, таленавіта, унікальна і ня страчвае сваёй актуальнасьці".