Фаварыт перадвыбарчых апытаньняў, прэм’ер-міністар Польшчы і лідэр кіруючай партыі “Грамадязнская плятформа” Дональд Туск адмовіўся браць удзел у восеньскіх прэзыдэнцкіх выбарах.
На адмысловай прэсавай канфэрэнцыі Туск заявіў, што больш важным за прэзыдэнцтва лічыць працу ва ўрадзе і пасаду прэм’ера, якая дае рэальныя рычагі ўплыву.
Туск: “Прэзыдэнцкія выбары -- гэта важна. Але гэта выбары, у якіх стаўкаю перадусім прэстыж і гонар, вялікі гонар, а ня ўлада і інструмэнты для добрага і эфэктыўнага кіраваньня. Мы падрыхтавалі занадта шмат праектаў, я занадта цаню эфэктыўнасьць інструмэнтаў кіраваньня, якія былі створаныя ў тым ліку і “Грамазянскай плятформай”, каб рызыкаваць усім гэтым”.
Калі б выбары адбыліся гэтымі днямі, дык за Туска прагаласавалі б каля траціны палякаў, а за цяперашняга прэзыдэнта Леха Качыньскага – 14%.
Выбары адбудуцца ў верасьні, але пакуль афіцыйна не абвешчана, ці будзе Качыньскі балятавацца на другі тэрмін.
Каго выставіць “Грамадзянская плятформа” – таксама пакуль невядома. Аглядальнікі найчасьцей называюць цяперашняга сьпікера Сэйму Браніслава Камароўскага, які раней неаднаразова выказваўся па беларускіх пытаньнях.