Забытыя ахвяры

27 студзеня — Міжнародны дзень памяці ахвяраў Галакосту. Паводле афіцыйных дасьледаваньняў, на тэрыторыі Беларусі ў гады Другой усясьветнай вайны загінулі 805 тысяч габрэяў, у тым ліку 90 тысяч дэпартаваных з Аўстрыі, Нямеччыны, Нідэрляндаў, Вугоршчыны, Польшчы, Чэхіі й Францыі. У Менску знаходзілася адно з самых буйных гета на тэрыторыі Эўропы. Да сёньня, аднак, у Беларусі застаюцца не ўшанаванымі некаторыя габрэйскія могілкі і месцы, дзе гінулі вязьні гета. Канкрэтныя адрасы гэтага называюць рэгіянальныя карэспандэнты “Свабоды”.

МАГІЛЁЎШЧЫНА

У Шклове занядбаныя габрэйскія могілкі

27 студзеня ў Магілёве да памятнага знаку “Ахвярам нацызму” прыйшлі каля паўсотні чалавек — пераважнага сталага веку.

Памятны знак усталявалі летась на месцы, дзе ў 1941 годзе фашысты плянавалі ўзьвесьці браму ў гета. Сродкі на яго магілёўскія габрэі зьбіралі талакой. Сёньня ля гэтага знаку й прайшоў мітынг. Яго адкрыў лідэр габрэйскай грамады Барыс Гольдэнбэрг.

“Мы сёньня стаім на месцы, дзе праходзіла дарога ў сьмерць. Тут зьнішчана, дакладна мы ня ведаем, недзе 10 тысяч чалавек. Тут камень нібыта непрыкметны, на ім высечаныя далоні. Яны — тых людзей, якія зьвяртаюцца да нас. Яны ня просяць дапамогі, але, дакрануўшыся да іх, вы адчуеце сябе вышэйшымі і лепшымі”.

Шэсьць зьнічак пра шэсьць мільёнаў забітых

Непрацяглы паўгадзінны мітынг скончыўся ўскладаньнем кветак і, паводле габрэйскай традыцыі, каменьчыкаў. Прагучала малітва, і запалілі шэсьць сьвечак — у памяць пра шэсьць мільёнаў забітых фашыстамі габрэяў.

На габрэйскіх могілках абласнога цэнтру сёньня мітынгу не было. Хаця тут і ляжаць парэшткі забітых у гета людзей. Памятны знак з зоркай Давіда і надпісам “тут пахаваныя савецкія грамадзяне, забітыя фашыстамі” прыбіралі ад сьнегу трое сьмецяроў. Больш за дзесяць гадоў тутэйшыя габрэі дамагаюцца ад уладаў, каб якраз на гэтых кладах ім выдзелілі плошчу для пахаваньня сваіх нябожчыкаў паводле габрэйскіх традыцыяў.

“Гэта дужа шмат часу для таго, каб цывілізаваная дзяржава дапускала такі нецывілізаваны падыход. Могілкам 300 гадоў. Там пахаваныя 20 тысяч чалавек. Гэта ўжо наша памяць. Хацелася б, каб здаровы розум дзеля памяці перамог”, — зазначыў руплівец габрэйскіх традыцыяў Аляксандар Генеліс.

Прыбіраюць могілкі, калі едуць замежныя госьці…

Не было мітынгу з нагоды ўсясьветнага дня памяці ахвяраў Галакосту і ў Шклове. Мясцовыя габрэйскія могілкі прыбралі тут летась. У верасьні райцэнтар наведвала дэлегацыя габрэяў з Амэрыкі. Гаворыць шклоўскі краязнаўца Аляксандар Грудзіна.

“Яны дужа занядбаныя. За тыдзень перад гэтым патэлефанавалі зь Менску, і камунгас іх троху прыбраў. Высеклі дрэвы троху, вычысьцілі іх ад сьмецьця. Вывезьлі гэта ўсё. Касмэтычны дагляд зрабілі. Габрэяў тут засталося мо зь дзясятак які. У асноўным старых. Таму ніхто й не даглядае”.

Практыка прыбіраць габрэйскія могілкі тады, калі іх плянуюць наведаць заможныя габрэі з-за мяжы, на Магілёўшчыне пашырана паўсюдна. Дарэчы, упарадкаваць габрэйскія могілкі ў Магілёве таксама дапамаглі замежныя грошы. Аднак пасьля таго, як улады ня выканалі свайго абяцаньня спыніць там негабрэйскія пахаваньні і ня выдзелілі плошчы для традыцыйных габрэйскіх пахаваньняў, фундатары адмовіліся працягваць супрацоўніцтва.

Дзялянка, якой дамагаюцца габрэі на сваіх могілках.


Памятны знак на габрэйскіх могілках


Барыс Гольдэнбэрг


Традыцыйная габрэйская малітва па нявінна забітых


Памятны знак “Ахвярам нацызму”


Дакрануцца да далоняў на камені — ушанаваць памяць па ахвярах галакосту.


Ускладалі да памятнага знаку кветкі, каменьчыкі, запальвалі сьвечкі.



Мітынг



ГОМЕЛЬШЧЫНА

Да сёньня не ўшанавана памяць пра мазырскую Масаду

У Мазыры на цяперашняй вуліцы Кірава да сёньня не ўшанавана памяць пра самаахвярных габрэяў. Нібыта забыў горад, што ўвосень 1941 году 20 габрэяў учынілі тут акцыю самаспаленьня на знак пратэсту супраць распачатага фашыстамі генацыду. Мазырскія габрэі, па сутнасьці, паўтарылі подзьвіг сваіх далёкіх продкаў, абаронцаў юдэйскай крэпасьці Масада на скале ля Мёртвага мора.

Мазырская актывістка габрэйскай абшчыны Ада Баравіцкая тлумачыць:

“Па-першае, трэба, каб райвыканкам прызнаў мазырскую Масаду. Мы ж акурат напісалі заяву, каб увекавечыць памяць. У Менску ў Міністэрстве культуры ёсьць на ўліку гэтае месца — Масада. Яно ж прызнанае”.

Сапраўды, мазырская Масада ўнесена ў Дзяржаўны сьпіс гісторыка-культурных каштоўнасьцяў Беларусі. Тут раней быў усталяваны валун і мэмарыяльная шыльда. Аднак яшчэ за савецкай уладай помнік зьнесьлі.

Мінулай восеньню прэзыдэнт УАБГ Якаў Гутман ды іншыя выхадцы з Мазыра напісалі Аляксандру Лукашэнку адкрыты ліст, у якім выказалі занепакоенасьць станам габрэйскіх могілак і месцаў гібелі ахвяраў Галакосту. Аднак афіцыйнага адказу зь Менску няма і да сёньня.

ГАРАДЗЕНШЧЫНА

“Ніхто ня ўзгадвае забытых габрэяў…”

На Гарадзеншчыне амаль у кожным гарадку і мястэчку можна адшукаць сьляды габрэйскіх могілак, але нават у Міжнародны дзень Галакосту ніхто пра іх ня ўзгадвае. Паведамляе журналіст Міхал Карневіч.

У Слоніме перад вайной было трое габрэйскіх могілак. Мясцовы журналіст і краязнаўца Сяргей Чыгрын распавядае, што на адных зь іх яшчэ ў 1970-я гады збудавалі школу.

Гадоў 10 таму габрэйскія міжнародныя арганізацыі ўсталявалі тут памятную шыльду і прапаноўвалі, са слоў Чыгрына, уладам зьнесьці школу, збудаваць за свой кошт новую, а на гэтым месцы зрабіць мэмарыял. Але тыя не пагадзіліся.

У Слоніме на габрэйскіх могілках збудавалі школу, а таксама рынак і жылыя дамы

Яшчэ адны могілкі ў цэнтры гораду, побач з касьцёлам сьвятога Андрэя, — распавядае Сяргей Чыгрын, — пасьля вайны забудавалі прыватнымі дамамі. А на трэціх, побач з сынагогай, зрабілі гарадзкі рынак.

Чыгрын: “І калі там нядаўна рамонт быў, клалі асфальт, то бульдозэрамі выкопвалі на паверхню рэшткі габрэйскіх пахаваньняў. Вельмі шмат касьцей выкідалі на паверхню зямлі…”

Сяргей Чыгрын кажа, што ўжо многія гады ў Міжнародны дзень Галакосту ніхто не ўшаноўвае памяць габрэяў у Слоніме.

У Зэльве зьнішчылі помнікі і вуліцу назвалі імем Чапаева

У суседняй Зэльве перад вайной жыло болей за 70% габрэяў, але ад іх магілак не засталося і сьледу. Распавядае мясцовы актывіст Юры Качук.

Качук: “Дамы паставілі на габрэйскіх могілках шматпавярховыя, а вуліцу назвалі — Чапаева”.

Карэспандэнт: “А хоць нейкая шыльдачка ўсталявана на месцы, дзе былі могілкі?”

Качук: “Няма нічога. Я прапаноўваў усталяваць помнік, зрабіць дзеля гэтага конкурс, але ўладам нічога не патрэбна”.

Юры Качук кажа, што некалькі гадоў таму ён разам зь сябрам зрабіў дакумэнтальны фільм пра габрэяў Зэльвеншчыны з успамінаў людзей. Але фільм надалей застаецца незапатрабаваным.

У Ваўкавыску праз могілкі праклалі водаправод

Летась напрыканцы году ў Ваўкавыску разгарэўся скандал: тут праклалі водаправод праз старыя габрэйскія могілкі і павыкопвалі экскаватарам парэшткі з магіл. Шум паднялі журналісты, але ўсё хутка заціхла.

Я тады запытаўся ў кіраўніка раённай ідэалёгіі Рычарда Мулярчыка — чаму дагэтуль не ўшануюць памяць габрэйскага насельніцтва, якое пахавана ў Ваўкавыску? Вось што ён мне адказаў.

Мулярчык: “А ведаеце, якія гэта затраты? Гэта вялікія грошы. Трэба ж усё агарадзіць, выраўняць, падправіць… там жа ніхто нічым не займаўся гадоў сто”.

Ваўкавыскі краязнаўца Мікалай Быхаўцаў тады так пракамэнтаваў нашаму радыё стаўленьне ўладаў да габрэйскіх магіл.

Быхаўцаў: “У 1885 годзе праз Ваўкавыск пракладалі чыгунку Баранавічы — Беласток, і яна павінна была прайсьці праз габрэйскія і часткова каталіцкія могілкі. Царскія інжынэры прапанавалі гарадзкім уладам заплаціць за знос дамоў, каб ня класьці рэйкі па могілках. І ўлады пагадзіліся і заплацілі людзям за дамы, а могілкі засталіся некранутымі”.

Пакуль помнікі ўсталёўваюць там, дзе забівалі большую колькасьць людзей

На Гарадзеншчыне на месцах зьнішчэньня габрэяў зьяўляюцца ўсё новыя памятныя знакі. Праўда, на старых помніках, пастаўленых у савецкія часы, улады стараліся не акцэнтаваць, што расстраляныя немцамі мірныя жыхары былі габрэйскай нацыянальнасьці.

Алена Куцэвіч — дырэктарка Гарадзенскага габрэйскага дабрачыннага фонду “Хэсэд Нохум”. Яна распавядае пра помнікі ў месцах Галакосту на тэрыторыі вобласьці.

Куцэвіч: “У нас ёсьць спонсар — сям’я Лазарусаў, ангельская, і яны стараюцца па ўсёй Беларусі, дзе ёсьць магчымасьць, усталяваць памятныя знакі. Вось у нас быў усталяваны, яшчэ не адкрыты афіцыйна, знак у Міхалішках Астравецкага раёну, а таксама ў Песках — у Мастоўскім раёне, якраз усё было дароблена перад Новым годам. Увогуле, калі ўзяць практычна любое мястэчка, то вядома, што там былі зьнішчаныя габрэі. Але пакуль ставяць помнікі там, дзе крыху большая колькасьць людзей загінула, чымсьці адна сям’я ці дзьве”.

“Улады не фінансуюць, яны толькі даюць дазвол”

А чаму ў тых жа Міхалішках не атрымалася адкрыць памятны знак, што перашкодзіла? Алена Куцэвіч удакладняе:

“Іх ужо паставілі, толькі адкрыцьця не было. Таму што мы хацелі абшчынай туды дабрацца, але такое надвор’е, што пакуль не пацяплее, мы туды не дабярэмся. А помнікі пастаўленыя”.

Алена Куцэвіч пагаджаецца, што далёка не паўсюль адзначаны месцы зьнішчэньня габрэяў падчас апошняй вайны.

Куцэвіч: “Канечне, такія месцы пакуль застаюцца. І ў любым выпадку — тыя знакі, якія ўсталяваны, на іх часьцяком не ўказваецца, што габрэі загінулі, былі зьнішчаны, напісана проста — “мірныя грамадзяне”, у тым жа Жалудку. Канкрэтна пастаўленыя помнікі габрэям, якія загінулі, якіх зьнішчылі, у Дзятлаве на могілках, у Наваельні. Апошнім часам па Беларусі і па Гарадзенскай вобласьці вельмі многа ставяць знакаў. Нават часта нам не паведамляюць, перад адкрыцьцём могуць пазваніць і сказаць”.

З дазволу мясцовых уладаў гэтым займаюцца габрэйскія дабрачынныя арганізацыі, напрыклад, тыя, якія знаходзяцца ў Менску, зазначае Алена Куцэвіч.

ВІЦЕБШЧЫНА

Аршанскае гета яшчэ мае нераскрытыя таямніцы

Да Міжнароднага дня памяці ахвяраў Галакосту ў Віцебскім краязнаўчым музэі адчынілася фотавыстава “Галакост. Погляд праз 65 гадоў”.

Матэрыялы для фотавыставы былі ўзятыя і з музэйных фондаў, і з архіваў, сабраных грамадзкім аб’яднаньнем “Габрэйскі культурны цэнтар “Мішпоха”.

Экспазыцыя налічвае 70 фотаздымкаў, мае дзьве асобныя часткі. Першая — гэта дакумэнтальныя чорна-белыя фотаздымкі, зробленыя ў Віцебску ў 1941-44 гадах. На іх выявы замучаных вязьняў гета, мірныя жыхары, расстраляныя фашыстамі. Такія фотаздымкі нямецкія жаўнеры часам дасылалі дахаты ў якасьці сувэніраў.

Другая частка выставы — фотаздымкі, зробленыя цягам апошніх гадоў. Гэта помнікі, усталяваныя на месцах масавых расстрэлаў, і партрэты праведнікаў народаў сьвету — тых, хто ратаваў ад загубы габрэяў, рызыкуючы ўласным жыцьцём.

Успамін пра Калышанскае гета

Памятны знак ахвярам галакосту ў Віцебску. Камунальныя службы пра дзень памяці Галакосту ня ведаюць?
У 2002 годзе на адкрыцьці такога помніка ў вёсцы Калышкі Лёзьненскага раёну пабываў вядомы віцебскі апазыцыянэр Барыс Хамайда — ягоная маці паходзіла з тых мясьцінаў і шмат распавядала пра тое, як фашысты зьнішчалі мясцовых габрэяў:

“Там у 1942 годзе 17 сакавіка зьнішчылі Калышанскае гета. Больш як 500 чалавек сабралі, пагналі ў бок вёскі Адаменкі ды расстралялі. Дзеда майго таксама забілі — немцы выгналі яго на вуліцу і ганялі па коле, а потым забілі ўдарам прыкладу. Маці і бабуля засталіся жывыя — іх уратаваў беларускі настаўнік”.

Вялікай праблемай, на думку спадара Хамайды, цяпер ёсьць догляд помніка ў Калышках:

“Калісьці гэта было габрэйскае мястэчка — дзьве трэція часткі жыхароў былі габрэі. А цяпер нікога не засталося, і ня ведаю нават, хто даглядае гэты помнік”.

“У талачынскай вёсцы Славені ня помнік, а агрызак нейкі…”

Пра праблему захаванасьці помнікаў і іх догляд гаворыць і старшыня віцебскага габрэйскага цэнтру “Мішпоха” Аркадзь Шульман, які аб’езьдзіў ці ня ўсе жалобныя мясьціны вобласьці з фотаапаратам:

“У Талачынскім раёне вёска Славені, дык там у лесе помнік стаіць, як агрызак нейкі, таблічка зьбітая. А ў Гарадоцкім раёне ёсьць станцыя Бычыха — там увогуле стаіць тумбачка бэтонная на нейкім гародзе, з зорачкай наверсе. Таблічкі ніякай увогуле няма”.

Рыхтуецца мэмарыяльны знак на месца расстрэлу габрэяў у Тулаве

Аркадзь Шульман кажа, што ўсё залежыць ад мясцовай ініцыятывы і ад пазыцыі ўладаў: бо ў Браславе, у Верхнядзьвінску ці ў Глыбокім, да прыкладу, у памяць пра Галакост узьведзены цэлыя мэмарыялы, і яны заўжды ў добрым стане.

Паводле спадара Шульмана, апошнім часам узводзіцца багата новых помнікаў, да 65-х угодкаў Перамогі плянуецца адкрыць мэмарыяльны памятны знак на месцы расстрэлу габрэяў у Тулаве пад Віцебскам і шмат дзе яшчэ. Але памяць ахвяраў Галакосту ўшанавана далёка не паўсюль.

Генадзь Віньніца
Дасьледчык Галакосту, навуковец Генадзь Віньніца, які цяпер жыве ў Ізраілі, лічыць, што неабходна правесьці дасьледаваньні на месцы Аршанскага гета:

“Гэта раён вуліцы Савецкай у навакольлі спартовай школы № 1. Верагодна, там было расстраляна да 800 габрэяў. Але досьледы ніхто не праводзіў. Павінна быць зацікаўленасьць мясцовых уладаў, бо гэта месцы пахаваньняў — гэта ў іхняй кампэтэнцыі”.

Трагедыю Аршанскага гета ўраджэнец Воршы Генадзь Віньніца апісаў са слоў сьведак у сваіх кнігах “Горыч і боль” і “Слова памяці”. У іх ён згадвае таксама, што там, дзе гэтага ня робяць улады, помнікі ахвярам Галакосту ўсталёўваюць і даглядаюць звычайныя неабыякавыя грамадзяне — у мястэчку Ветрына пад Полацкам, у Барані пад Воршай, у вёсцы Слаўнае на Талачыншчыне.