Першы віцэ-прэм’ер ураду Расеі Ігар Шувалаў на сустрэчы з прэм’ер-міністрам Уладзімерам Пуціным заявіў, што найбольш складаныя пагадненьні па фармаваньні адзінай эканамічнай прасторы Расеі, Беларусі і Казахстану маюць быць распрацаваныя і прынятыя ў 2010 годзе.
Як падае БелаПАН, Шувалаў заявіў:
“Мы зыходзім з таго, што ўсю працу па фармаваньні адзінай эканамічнай прасторы трэба завяршыць за 24 месяцы, гэта значыць да 1 студзеня 2012 году...”
Агулам, паводле Шувалава, маюць быць распрацаваныя і прынятыя 20 пагадненьняў, якія будуць выносіцца на разгляд урадаў трох краінаў паэтапна. Паводле чыноўніка, пры ўзгадненьні пазыцыяў трэба зыходзіць з правілаў і прынцыпаў, якія дзейнічаюць у Сусьветнай Гандлёвай арганізацыі.
Пуцін у адказ заявіў, што падчас перамоваў аб уступленьні Расеі ў СГА трэба ўзгадняць пазыцыі з партнэрамі Расеі па Мытным зьвязе.