Новая перадача сэрыі “Паштовая скрынка 111”. Эфір 27 студзеня 2010 году
Як заўсёды, у пошце “Свабоды” нямала допісаў на тэму становішча беларускай мовы. Усё меней у Беларусі школ, дзе навучаньне вядзецца на мове тытульнай нацыі, усё вузей кола грамадзкіх асяродкаў, дзе можна пачуць беларускую гаворку.
Наконт дыскрымінацыі мовы, выцісканьня яе з грамадзкага ўжытку разважае наша слухачка Марыя Салей зь Менску, зь ліста якой пачну сёньняшнюю размову. Яна піша:
“У сучасных умовах надзвычай актуальнае пытаньне — мова дзяржаўнага справаводзтва. Мы ведаем, што без існаваньня беларускай мовы на ўсіх узроўнях беларусы ня выжывуць. Асабліва ва ўмовах канкурэнцыі, калі рынак тавараў, паслугаў, грошай і працоўнай сілы адкрыты. Выключэньне можа быць толькі для асобных выпадкаў у навуцы і адукацыі. Спэцыялісты высокага ўзроўню, якія прыносяць вялікую карысьць дзяржаве, могуць выкладаць ці рабіць адкрыцьці, выкарыстоўваючы любую мову.
Кітайцы ўзьнялі эканамічны ўзровень сваёй дзяржавы толькі дзякуючы нацыянальнаму фактару, не патрабуючы танных энэрганосьбітаў ці аб’яднаньня з суседнімі краінамі. Навучыўшыся ў замежжы новым тэхналёгіям, адукаваныя кітайцы вярнуліся ў небагаты Кітай і працуюць над паляпшэньнем эканамічнай сытуацыі ў роднай краіне. Але ў Кітаі ва ўсіх сфэрах жыцьця пануе адзіная дзяржаўная кітайская мова”.
Сапраўды, спадарыня Марыя, цяжка будаваць нацыянальную дзяржаву, уздымаць нацыянальную эканоміку, ня маючы трывалага ідэйнага, духоўнага падмурку ў выглядзе згуртаванай нацыі, народа. Асэнсаваньне таго, што такі падмурак неабходны, у сёньняшняй улады нібыта ёсьць. На працягу апошніх гадоў на вуліцах ледзь ня ўсіх беларускіх гарадоў і пасёлкаў зьявіліся шматлікія плякаты і лёзунгі кшталту: “Мы — беларусы”, “За Беларусь!” ды падобныя. Іншая справа, што моўнае пытаньне пры гэтым улада ігнаруе, спрабуючы спалучыць працэс нацыянальнага яднаньня і згуртаваньня з палітыкай татальнай русыфікацыі ўсяго грамадзкага жыцьця.
Духоўны ўзровень беларускага грамадзтва і глябальныя праблемы ўсяго чалавецтва турбуюць нашага слухача Аляксандра Дрынеўскага з Гомеля. У сваім лісьце на “Свабоду” ён піша:
“Слухаю першы канал дзяржаўнага радыё. Такое ўражаньне, што ўвесь час гучыць адна і тая ж песьня з агульным лейтматывам: “Паднімем чарку на пасашок”...
Радыё Свабода — іншая справа, яно больш зьмястоўнае. Але надта ўжо палітызаванае. Вас пастаянна хвалююць адны і тыя ж тэмы — эканоміка, Беларусь — Расея — Захад, Лукашэнка, фінансы, цэны на газ... Усё гэта — матэрыяльна, груба і надта прагматычна... Такое і ўсё беларускае грамадзтва — жывы труп. Духоўнасьць — нулявая. І поўнае невуцтва ды няведаньне будучыні.
У свой час расейская імпэратрыца Ганна дзеля пацехі загадала збудаваць ледзяны дом. А Лукашэнка будуе лядовыя палацы. Між тым у Беларусі трэба тэрмінова ўзводзіць прытулкі для ўцекачоў. Вы паглядзіце, што робіцца навокал: глябальнае пацяпленьне. Думаю, ужо ў другой палове 2010 года зь Нямеччыны ды Польшчы да нас хлынуць натоўпы ўцекачоў. І Англіі ніхто не дапаможа. І Амэрыцы — таксама. Яны хутка апусьцяцца на дно акіяна. Так што цяпер трэба думаць не пра курс даляра, а пра выратаваньне душы...” .
Чытаю гэты ваш ліст, спадар Аляксандар, а за вакном — марозны сонечны дзень, мінус дваццаць. Праблема глябальнага пацяпленьня на гэтым тле падаецца ня надта актуальнай. Дарэчы, і ва ўсёй Эўропе зіма сёлета надзвычай марозная і сьнежная.
Вядома, праблема існуе, і на Захадзе пра яе шмат гавораць, пішуць, спрабуюць скараціць выкід у атмасфэру вуглякіслага газу, каб не такім адчувальным быў так званы “парніковы эфэкт”... Але чакаць, што ўжо празь некалькі месяцаў у Беларусь масава кінуцца ратавацца ад сусьветнага патопу ўцекачы з Захаду — наўрад ці варта. Дарэчы, чаму вы думаеце, што гэты патоп (калі ён надарыцца) абміне Беларусь — раўнінную краіну, далёка ня самую высокую на кантынэнце?
Сумны ліст з нараканьнямі на ўласнае нярадаснае жыцьцё даслала нам Ірына Генюк з пасёлку Наваельня Дзятлаўскага раёну. Слухачка піша:
“Ужо чвэрць стагодзьдзя я не адзначаю навагодняе сьвята. Бо ніводзін мінулы год не прынёс мне нічога добрага. Дужыя і багатыя — жывуць, а такія, як я, — існуюць. Вось калі б вы сапраўды маглі дапамагчы мне... Тады я, канечне, папрасіла б у вас падтрымкі. Але ж у вас няма сваёй газэты, якую б чытала высокае начальства. Хацелася б, каб вы маглі сябраваць з прэзыдэнтам і данесьлі да яго ўсе людзкія беды, крыўды і нягоды, якія нам даводзіцца цярпець. Гаварыць па радыё можна ўсё што заўгодна — хто з начальства будзе гэта слухаць? А трэба пісаць, паказваць, даказваць...
Ну вось, здаецца, выказала той сум, што накіпеў на душы, — і нібыта лягчэй стала”.
Навіны, рэпартажы, камэнтары, якія гучаць па “Свабодзе”, даўно ўжо, спадарыня Генюк, можна ня толькі слухаць, але і чытаць у інтэрнэце. У любы час, адкрыўшы інтэрнэт-старонку, тыя, у каго ёсьць падлучаны да інтэрнэту кампутар, маюць магчымасьць і са зьместам праграмаў пазнаёміцца, і фотаздымкі ды відэасюжэты паглядзець. Для прэзыдэнта ды іншых чыноўнікаў, адрозна ад беларускіх пэнсіянэраў, доступ да інтэрнэту — не праблема. І яны самі выбіраюць, што ім чытаць, глядзець ды слухаць. А ў той сыстэме беларускіх дзяржаўных сродкаў масавай інфармацыі, якую яны стварылі і фінансуюць з агульнанароднага бюджэту, жыцьцё ў Беларусі паказваецца пераважна ў ружовым колеры. У сувязі з гэтым — вялікае пытаньне: ці хочуць яны, каб людзі ведалі пра рэальны стан рэчаў у Беларусі.
Пытаньне гэтае задаюць сабе і многія слухачы “Свабоды”. Вось як адказвае на яго, напрыклад, пэнсіянэр Міхаіл Бакулеў зь вёскі Кісьцяні Рагачоўскага раёну. Ён піша:
“Што зробіш, такі ўжо ў нас склаўся рэжым: хлусяць усе — з самага верху і да нізу. Жыцьцёвы ўзровень у Беларусі, кажуць, вельмі высокі. Дык чаму тады столькі людзей корпаюцца на сьметніках, зьбіраюць па завугольлі парожнія бутэлькі? Зразумела ж — не хапае на самае неабходнае. Вось так і жывём. Зарплаты і пэнсіі паднялі на 10 тысяч, а тым часам кошты на харчаваньне ды іншыя самыя неабходныя тавары ўзьляцелі ў 2-3 разы. Што ж, усё зразумела: такі клопат нашага роднага ўрада аб людзях. І калі ўсё гэта зьменіцца?
... Свабоду слухаю часта. Сам — беларус, але пісаць, чытаць і размаўляць па-беларуску не магу. Прычына: так ужо нас навучылі”.
А зьменіцца ўсё, спадар Міхаіл, відавочна, тады, калі большасьць грамадзтва перастане мірыцца з гэтай хлусьнёй, якая так абурае і вас, і многіх іншых. Людзі скардзяцца, наракаюць, бурчаць між сабой, на кухнях і ў курылках. Але дзеля таго, каб ва ўмовах аўтарытарнага рэжыму ў дзяржаве адбыліся істотныя зьмены, гэтага мала. Усьвядоміць гэта грамадзтва, пажадае прыкласьці дзеля зьменаў хаця б невялікія ўласныя намаганьні — тады зрухі і адбудуцца.
На заканчэньне — некалькі кароткіх лістоў з заўвагамі, прэтэнзіямі ды прапановамі, адрасаванымі “Свабодзе”.
Вось што пішуць Маргарыта і Руслан Бацянковы зь Менску:
“Радыё Свабода — галоўны сябра нашай сям’і. Як толькі заходзім у хату — бягом да прымача, каб добры дружа хутчэй зайшоў да нас. Але на працягу апошніх месяцаў — хоць сьлязьмі аблівайся: “Свабоды” на звыклай хвалі або няма, або яна ледзь чутна. А часам ваш голас прарвецца толькі за пяць хвілін да канца эфіру.
Майце на ўвазе, што ў большасьці вашых слухачоў — прымачы, а не спадарожнікавыя антэны ды інтэрнэт”.
А Ўладзімер Еўтух зь Менску зьвяртаецца да нас з наступнай прапановай:
“Вельмі добра было б, каб на беларускай “Свабодзе” зьявілася перадача “З хрысьціянскага пункту гледжаньня” — як на “Свабодзе” расейскай. Усё больш і больш людзей шукаюць адказы на складаныя пытаньні аб нацыянальнай ідэі, будаўніцтве нацыянальнай дзяржавы ў Бібліі. Там сказана: “І ўсе народы Табою створаны, Госпадзе”. А што гэта азначае? Хацелася б пачуць адказы багасловаў і на многія іншыя пытаньні”.
Усе вашы прапановы і заўвагі, шаноўныя сябры, мы ўважліва вывучым і пастараемся ўлічыць у сваёй працы. Асабліва турбуе нас праблема якасьці прыёму перадач “Свабоды”, пра якую паведамляюць ня толькі Маргарыта і Руслан Бацянковы, але і некаторыя іншыя нашы слухачы.
Дзякуй усім, хто знайшоў час для ліста на “Свабоду”. З вамі быў Валянцін Жданко. Пішыце нам, адрас ранейшы: Менск-5, паштовая скрынка 111.
Праграма “Паштовая скрынка 111” выходзіць у эфір кожную сераду.
Аўтару можна пісаць на адрас zdankov_rs@tut.by