“Мы не абмяркоўвалі дэталёва пытаньне паставак нафты ў Беларусь з нашымі беларускімі партнэрамі”, заявіў адзін з кіраўнікоў казахстанскай нацыянальнай кампаніі “КазМунайГаз” Даніяр Тыесаў.
Гэтак ён пракамэнтаваў выказваньне амбасадара Казахстану ў Беларусі Анатоля Смірнова, якое раней трапіла ў СМІ, адносна “новых магчымасьцяў транспартаваньня казахстанскай нафты на беларускія НПЗ у Мазыр і Полацак для яе перапрацоўкі і далейшых паставак у краіны ЭЗ”. Паводле амбасадара, такія магчымасьці адкрываюцца дзякуючы “стварэньню Мытнага саюзу Расея-Беларусь-Казахстан”.
Як заявіў Тыесаў, Казахстан “павінен бараніць уласныя інтарэсы”, а таму мусіць “разглядаць гэтае пытаньне праз прызму эканомікі, прагматычна”.
Паводле ягоных слоў, “тэарэтычна пастаўкі казахстанскай нафты ў Беларусь магчымыя”, але толькі ў выпадку, “калі гэта карысна для казахстанскага боку”.