Энэргетычныя войны: суседзі Расеі зводзяць зь ёй рахункі

У Эўропе ўжо стала навагодняй традыцыяй кожную раніцу першага студзеня прачынацца зь цяжкім «галаўным болем па-расейску», – піша ў сёньняшнім нумары часопіс “Time”. У першыя дні 2006 і 2009 гадоў Расея сварылася з Украінай з-за цэнаў на прыродны газ і перакрывала ёй пастаўкі энерганозьбітаў, што прыводзіла да перабояў з палівам ў Эўропе – проста пасярод зімы. А цяпер усе погляды прыкаваныя да Беларусі, якая пасварылася гэтым разам з Масквой з-за цэнаў на нафту і зноў паставіла пад пагрозу энергазабесьпячэньне Эўропы.

«Але праз тры тыдні пасьля таго, як разгарэлася спрэчка, адбыўся раптоўны паварот сюжэту: умяшаўся Казахстан (яшчэ адна былая савецкая рэспубліка) і прапанаваў Беларусі набыць нафту ў яго. Цяпер ужо ў небяспецы апынуўся Крэмль: палітыка энэргетычнага шантажу – самы надзейны інструмэнт уціску волі суседзяў – цяпер можа быць павернутая і супраць яго», – мяркуе аўтар “Time” Сайман Шустэр.

Незалежнасьць у хітры спосаб


«Пачыналася ўсё даволі стандартна. Падобна многім былым савецкім краінам, Беларусь на працягу дваццаці гадоў атрымлівала ад Расеі нафту і газ па зьніжаных цэнах, у тым ліку і дзякуючы імкненьню Расеі забясьпечыць ляяльнасць Менску пасьля развалу Савецкага Саюзу. Беларусі дазвалялася нават вельмі танна купляць сырую нафту, перапрацоўваць яе і прадаваць нафтапрадукты ў Эўропу, атрымліваючы вялікі прыбытак. Але цягам апошніх трох гадоў прэзыдэнт Беларусі Аляксандар Лукашэнка пачаў праяўляць сваю незалежнасьць у хітры спосаб. Пасля расейска-грузінскай вайны 2008 году Лукашэнка адмовіўся прызнаць незалежнасьць Абхазіі і Паўднёвай Асэтыі, хоць Расея патрабавала ад яго гэта зрабіць. Акрамя таго, Лукашэнка далучыўся да ініцыятывы ЭЗ «Усходняе партнэрства», вылучанай ў 2008 годзе дзеля збліжэньня Эўропы з краінамі былога савецкага блёку, – Маскву гэта абурыла. Нарэшце, у чэрвені мінулага году Беларусь не даслала сваіх прадстаўнікоў на найважнейшую маскоўскую сустрэчу ў вярхах, прысвечаную пытаньням бяспекі, бо Расея тады забараніла ўвоз зь Беларусі малочных прадуктаў», – нагадвае разьвіцьцё падзеяў “Time”.

«Пры канцы мінулага году спрэчкі разгарэліся з новай сілай: у Расеі вырашылі, што Беларусь больш не заслугоўвае забесьпячэньня энерганосьбітамі па льготных цэнах. Існуючыя паміж дзьвюма краінамі дамоўленасьці аб пастаўках нафты скончыліся 31 сьнежня, і Расея запатрабавала ад Беларусі заплаціць два з паловай мільярды даляраў, што складае пяць працэнтаў ад усяго ВУП Беларусі. Таксама расейская дзяржава дала зразумець, што калі Беларусь хоча і надалей атрымліваць нафту па нізкай цане, то яна павінна падзяліцца з Масквой доляй сваёй энэргетычнай інфраструктуры, а менавіта – нафтаперапрацоўчых заводаў, прадукцыя якіх перапрадаецца ў Эўропу. Гэта наблізіла б Расею да яе доўгатэрміновай мэты: кантролю над усім маршрутам, які злучае нафтаносныя палеткі Сібіры з аўтазаправачнымі станцыямі Заходняй Эўропы», – працягвае Сайман Шустэр.

Лукашэнка ня хоча ўсьлед за Юшчанкам

Беларусь, аднак, амаль месяц адмаўлялася прыняць умовы Расеі, у выніку чаго адносіны паміж краінамі рэзка пахаладалі, а таксама зьявілася небясьпека літаральнага ахаладжэньня памяшканьняў на значнай частцы тэрыторыі Эўропы. У канчатковым выніку двухбаковыя перамовы ператварыліся ў абмен лістамі з сустрэчнымі патрабаваньнямі. Нягледзячы на жорсткую пазыцыю, занятую Лукашэнкам, аналітыкі мяркуюць, што Расея ў канчатковым выніку дасягне свайго, бо і ў пляне эканомікі, і ў плане бясьпекі Беларусь моцна залежыць ад Расеі, нават нягледзячы на паляпшэньне стасункаў з Захадам. У сьнежні гэта прызнаў сам Лукашэнка, сказаўшы, што, адмовіўшыся ад сувязяў з Крамлём (як гэта зрабіў прэзыдэнт Украіны Віктар Юшчанка), ён сам накліча сваю «палітычную сьмерць».

У гульню ўступае трэці

А 19 студзеня – спрэчкі доўжыліся ўжо тры тыдні – Казахстан выступіў з прапановай, якая зьмяшала ўсе карты. У выпадку адмовы Масквы забясьпечваць беларускія нафтаперапрацоўчыя заводы, як заявіў Казахстан, ён з радасьцю зойме яе месца. Таксама казахі паабяцалі купіць долю акцый беларускага заводу «Нафтан», на які востраць зубы найбуйнейшыя нафтавыя кампаніі Расеі.

«Попыт на нафту з боку перапрацоўчых заводаў Беларусьсю будзе задаволены Казахстанам», – заявіў казаскі амбасадар у Беларусі Анатоль Смірноў. Да гэтага ён дадаў, што прэзыдэнты абедзьвюх краін ужо абмеркавалі гэты праект і «ніхто зь іх не адмовіўся».

«Амаль у любой краіне свету гэта палічылі б абсалютна нармальнай дамоўленасьцю, але ўсё адбываецца не дзе-небудзь, а на заднім двары Расеі. Так што Масква, якая пакуль ніяк не адрэагавала на ініцыятыву Казахстану, можа і не адобрыць такога пагадненьня, заключанага ў яе за сьпінай. Зь іншага боку, тое, што адбываецца, сведчыць: многія краіны зь ліку былых савецкіх рэспублік, магчыма, ня так ужо і баяцца раззлаваць сваіх былых апекуноў. Пасьля расейска-грузінскай вайны, калі стала зразумела, што, дзейнічаючы ў сваёй сфэры ўплыву, Масква не зьбіраецца абмяжоўвацца эканамічнымі мэтадамі для зацьвярджэньня свайго панаваньня, у рэгіёне пачаў узрастаць дух супраціву», – падсумоўвае амэрыканскі часопіс.

Блеф ці пагроза для Расеі?

«Канфлікт цалкам зьмяніў абарончую парадыгму. Стала зразумела, што, знаходзячыся ў сфэры ўплыву Расеі, немагчыма адначасова быць цалкам незалежнай краінай і адчуваць сябе ў бясьпецы», – сказаў Анатоль Грыцэнка, які быў міністрам абароны Ўкраіны з 2005 па 2007 год – у той пэрыяд, калі расейска-украінскія адносіны істотна пагоршыліся . Паводле Грыцэнкі, адным са спосабаў выжываньня ў падобным асяродку стала выбудоўваньне адносін зь іншымі экс-савецкімі рэспублікамі, як гэта зрабілі Грузія з Украінай пасьля таго, як адпаведна ў 2004 і 2005 годзе там прыйшлі да ўлады празаходнія лідэры.

«Калі гэта адбудзецца, то ўсталяванне партнэрскіх адносін паміж Беларусьсю і Казахстанам – самымі адданым саюзьнікамі Расеі – прывядзе да яшчэ большага паслабленьня пазыцыі Расеі ў рэгіёне. Зрэшты, прымаючы пад увагу ступень залежнасьці абедзьвюх краін ад гандлёвых стасункаў з Расеяй, цяжка назваць гэта інакш, чым справай аддаленай пэрспэктывы; больш за тое: асобныя аналітыкі мяркуюць, што прапанова, зробленая Казахстанам Беларусі, насамрэч зьяўляецца блефам. Казахстану будзе складана і дорага адпраўляць нафту ў Беларусь, дый Менск ня зможа расплочвацца за яе па справядлівай рынкавай цане, на што ўказвае аналітык з «Банку Масквы» (аднаго з найбуйнейшых расейскіх банкаў) Дзяніс Барысаў. Зь іншага боку, па яго словах, казахскія кампаніі могуць скласці Расіі канкурэнцыю ў набыцьці заводу «Нафтан», і гэта стане сур'ёзным ударам па энэргетычнай стратэгіі Расеі ва Ўсходняй Эўропе.

Адно ясна: Расея будзе ўважліва сачыць за абедзьвюма краінамі. Калі Беларусь і Казахстан будуць рухацца ў напрамку да гэтага пагадненьня, то Маскве, магчыма, давядзецца шукаць іншыя шляхі задушэньня бунтаў на сумежных тэрыторыях», – робіць выснову амэрыканскі часопіс “Time”.