Кіраўнік польскага МЗС Радаслаў Сікорскі выказаў сваю занепакоенасьць у сувязі зь нядаўнімі затрыманьнямі ў Івянцы актывістаў Задзіночаньня палякаў у Беларусі.
Радаслаў Сікорскі правёў тэлефонную размову са сваім беларускім калегам – Сяргеем Мартынавым. У часе размовы польскі бок выказаў сваю занепакоенасьць у сувязі з апошнімі затрыманьнямі ў Івянцы беларускімі ўладамі некалькіх дзесяткаў актывістаў Задзіночаньня палякаў у Беларусі. Як заявіў у інтэрвію Польскаму радыё намесьнік міністра Сікорскага Ян Баркоўскі, у часе размовы было падкрэсьлена, што падобныя дзеяньні не спрыяюць разьвіцьцю двухбаковых дачыненьняў.
Паводле Баркоўскага, “хоць міністар Мартынаў і стварыў уражаньне, што гэта ўсё не ўваходзіла у намер беларускіх уладаў, міністар Сікорскі адзначыў, што цяжка сабе ўявіць, што мясцовая міліцыя ажыцьцявілі падобныя акцыі супраць палякаў паводле ўласнага рашэньня”
Баркоўскі заявіў таксама, што яго міністэрства знаходзіцца ў пастаянным кантакце зь сябрамі ЗПБ і ўважліва адсочвае іх сытуацыю.