Якое становішча склалася сёньня ў Івянцы Валожынскага раёну ў асяродзьдзі мясцовых палякаў? Апроч сходу прыхільнікаў Анжалікі Борыс, пра які мы падрабязна распавядалі, у мястэчку таксама адбыўся сход суполкі праўладнага Саюзу палякаў, які ўзначальвае Станіслаў Сямашка. Кіраўніком гэтай суполкі зрабіўся Станіслаў Бурачэўскі — дырэктар івянецкага Дому культуры.
Тэрэсе Собаль, якая ўзначальвае івянецкі Дом польскі і застаецца на баку Анжалікі Борыс, выказалі на сходзе сваю падтрымку больш як паўтары сотні мясцовых палякаў. Але наколькі гэта рэальна ўмацавала яе становішча, зважаючы на інфармацыю, што спадарыню Собаль выключылі з праўладнага Саюзу палякаў? Кіраўнік яго менскай абласной структуры Мечыслаў Лысы кажа наступнае:
“Собаль выключана са складу Саюзу палякаў за невыкананьне статутных абавязкаў. Яна фактычна не падпарадкоўвалася рашэньням Галоўнай рады, не выконвала іх, чым парушала статут. Яна сама ня раз выказвалася аб тым, што не належыць і ня мае сувязі са “зьвёнзкам”, яшчэ калі ім кіраваў Лучнік, і ня хоча мець. Ну дык лягічна: калі яна ня хоча мець — калі ласка, ніхто ж не прымушае быць у складзе Саюзу палякаў, гэта добраахвотная арганізацыя. Гэтае рашэньне прыняла Галоўная рада 9 студзеня”.
Карэспандэнт: “Дапусьцім. Чым гэта можа ў рэчаіснасьці пагражаць Тэрэсе Собаль?”
Лысы: “А за гэтым, мы павінны разумець, павінны пайсьці нейкія наступствы. Што я маю на ўвазе? Да гэтага часу фактычна Собаль карысталася нашым пасьведчаньнем аб рэгістрацыі, нашай гербавай пячаткай, апроч культурнай дзейнасьці вяла нейкую гаспадарчую. Зразумела, што яна ўжо ня зможа займацца прынамсі гэтай часткай працы. Раз яна не зьяўляецца членам Саюзу палякаў, яна ня можа весьці далей гаспадарчую дзейнасьць і ад свайго імя падпісваць паперы як кіраўнік Дому польскага”.
Мечыслаў Лысы ня згодны з фармулёўкай, што Дом польскі будзе забраны, перададзены праўладнаму саюзу палякаў:
“Хтосьці кінуў ідэю, што хочуць забраць Дом польскі. Ды ніхто яго ня хоча забраць, ён як быў там, там і застанецца. Ніхто ў ім не зьбіраецца жыць — ні Сямашка, ні Лысы і ніхто іншы. У івянецкіх палякаў ёсьць Дом, ён і будзе. Іншая справа — хто там будзе весьці гаспадарчую дзейнасьць. Там ужо пайшлі даўгі за ацяпленьне — больш за пяць мільёнаў”.
Але ж тым ня менш: частка івянецкіх палякаў разам з Тэрэсай Собаль па-ранейшаму падтрымлівае не прызнаваны ўладамі Саюз палякаў, на чале якога Анжаліка Борыс, другая частка была на сходзе, дзе абралі Станіслава Бурачэўскага кіраўніком суполкі афіцыйнага Саюзу. Што наконт гэтага мяркуе Мечыслаў Лысы, які ўзначальвае Менскую абласную структуру праўладнага Саюзу? Як бы ён расставіў акцэнты?
Лысы: “У гэтай сытуацыі цяжка разабрацца. Трэба, каб людзі самі разабраліся на месцы — за кім яны, з кім яны? Гэта ж не сакрэт, што яны падтрымліваюць не зарэгістраваную ў нас у рэспубліцы арганізацыю, што само па сабе цягне за сабой нейкія наступствы. Калі людзі сьвядома гэтым займаюцца, яны павінны ведаць, што яны, скажам, ходзяць па нейкай мяжы, што яны па-любому могуць парушаць, уступаць у канфлікт…”
Напэўна, у бліжэйшым часе варта разабрацца і, магчыма, пачаць з чыстага аркуша — хто ж будзе ў Саюзе палякаў, хто пойдзе за Бурачэўскім? —падсумоўвае Мечыслаў Лысы.
Дом польскі ў Івянцы носіць імя прафэсара Анджэя Стальмахоўскага. Ён узначальваў арганізацыю “Вспульнота польска”, якая дапамагае землякам за межамі Польшчы. Тэрэса Собаль пакуль што на сваім працоўным месцы ў Доме польскім. Яна кажа:
“Хай яны хоць што хочуць робяць. Я ў 2005 годзе не падтрымала разьдзел Саюзу палякаў. Пяць год нас не чапалі, бо мы на вёсцы нашай палітычнымі справамі не займаліся. Але цяпер сталі нас так актыўна грызьці, што жыць немагчыма — праверкі, допыты, ананімкі, нават крымінальная справа. Напэўна, яны распрацавалі — што далей рабіць. Проста так не абыдзецца, але людзі будуць бараніць гэты дом. Дванаццаць год назад мы напісалі ліст на імя Анджэя Стальмахоўскага ў “Вспульноту польску”, два сказы ўсяго, і сабралі подпісы, каб нам які-небудзь куток наняць, каб можна было праводзіць рэпэтыцыі і вучыць дзяцей”.
Нам было б дастаткова аднаго пакою, з Варшавы прыяжджала дэлегацыя, але нічога ня выбрала, кажа Тэрэса Собаль і дадае:
“А тут сам старшыня пассавету прапанаваў гандлёвы дом занядбаны. Яго выкупілі, адрамантавалі, і тады стала вельмі многа гаспадароў, усе захацелі яго займець… Будзем бачыць. Абяцаюць, што да нас прыедуць прадстаўнікі “Вспульноты” разьбірацца. Будзем чакаць”.