Першы віцэ-прэм'ер Расеі Ігар Шувалаў заявіў, што краіны Мытнага зьвязу будуць імкнуцца стварыць агульную эканамічную прастору з Эўразьвязам.
Як падае БЕЛТА, Шувалаў зрабіў гэтую заяву на канфэрэнцыі “Расея і сьвет: выклікі новага дзесяцігодзьдзя”. Шувалаў сказаў, што краіны Мытнага зьвязу плянуюць гарманізаваць сваё заканадаўства з законамі Эўразьвязу “ў той меры, у якой гэта будзе спрыяць эканамічнаму росту краін адзінай эканамічнай прасторы”. Шувалаў таксама паведаміў, што апрача гарманізацыі заканадаўства плянуецца паступовае зьняцьце бар’ераў для руху тавараў, капіталаў і грамадзянаў паміж краінамі Мытнага зьвязу і Эўразьвязам.
“Наша мэты – прастора без бар’ераў і візавых рэжымаў, ад Атлянтыкі да Ціхага акіяну”, – сказаў расейскі чыноўнік і дадаў, што зь цягам часу склад Мытнага зьвязу можа быць пашыраны.