Юрыст царквы “Новае жыцьцё” Сяргей Луканін паведаміў, што ў менскім Камітэце прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяродзьдзя яму прапанавалі падпісаць пратакол, згодна зь якім царкву аштрафавалі на 260 мільёнаў рублёў.
С.Луканін адмовіўся яго падпісаць, калі яму сказалі, што калі цягам двух месяцаў вернікі не заплацяць гэты штраф, справу перададуць у суд.
Апроч таго, вернікі мусяць яшчэ заплаціць штраф за тое, што нібыта нанесьлі шкоду прыродным рэсурсам.
Нагадаем, напрыканцы сьнежня мінулага году каля будынку царквы “Новае жыцьцё” зьявіліся супрацоўніцы камітэту, якія паведамілі, што ім трэба ўзяць пробы глебы. Юрыст царквы адзначае, што пробы яны бралі на месцы, дзе рухаецца транспарт.
Пасьля вернікам налічылі такую суму шкоды, спаслаўшыся на тое, што ў глебе было знойдзена аўтамабільнае паліва. Паводле С.Луканіна, апроч таго, што зь вернікаў хочуць спагнаць 260 мільёнаў рублёў, іх чакае штраф да 300 базавых велічыняў.
На думку вернікаў, такім чынам гарадзкія ўлады прымушаюць іх спыніць барацьбу за свой будынак.
С.Луканін сказаў, што сёньня ён павінен наведаць ваенкамат Савецкага раёну Менску, куды яго выклікалі, каб уручыць мабілізацыйнае прадпісаньне. Ён не выключае, што яго паспрабуюць ізаляваць на той час, калі ў вернікаў будуць адбіраць храм.
“Паколькі вернікі прайгралі ўсе суды, змагаючыся за сваю маёмасьць, у любы момант могуць прыйсьці спэцназаўцы і гвалтоўна адабраць храм”, — сказаў С.Луканін.