Штораз тупейшая мова?


Давайце пачнем зь невялічкай забавы цацкай, якая называецца Google Translate. Спачатку паспрабуем перакласьці на ангельскую мову кавалак тыповай "журналісцкай прозы", з сайту Радыё Свабода:

"Расейскі бок абураны намерамі Менску падвысіць кошт транзытных паслугаў больш як у 5 разоў. У “Белэнэрга” такі крок тлумачаць амаль 10-разовым меркаваным павелічэньнем аб’ёмаў падачы электраэнэргіі ў Літву ў зьвязку з закрыцьцём Ігналінскай АЭС. А гэта, маўляў, патрабуе істотнага росту выдаткаў".

Russia has angered the intentions Minsk increase the cost of transit services to more than 5 times. In Belenergo this step explain almost 10-fold the anticipated increase in supply of electricity in Lithuania in connection with the closure of the Ignalina NPP. This, they say, requires a substantial increase in cost.


А цяпер кавалачак мастацкай прозы (пачатак аповесьці В. Быкава "Аблава"):

"Прырэчная лугавая імшарына з раскіданымі па ёй бухматымі купкамі лазняку ды грыўкамі зрудзелага бярэзніку дружна зелянела позняю восеньскай атавай. У доле скрозь было мокра, няўходна, мох часам асядаў пад нагамі, і тады з-пад яго цвіркала мутная жыжа. Але мох дужа не правальваўся, дрыгвы тут не было".

"Pryrechnaya imsharyna meadow with scattered along it buhmatymi Kupka laznyaku dy gryvkami zrudelaga Berezniki amicably green late autumn Ottawa. In percentage was wet through, nyavhodna, moss time settled under their feet, and then from under his muddy tsvirkala zhizhey. But Moss strongly not pravalvavsya, the quagmire was not here".

Хтосьці, хто ведае толькі ангельскую мову, першы фрагмэнт зразумее ўсяго зь невялічкай натугай уяўленьня, але пры другім — разгубіцца дазваньня.

Ну, скажаце, праблема тут перш за ўсё ў аб’ёме беларуска-расейскага слоўніка, які канструктары гэтай перакладной машынкі закінулі ў базу дадзеных (Google Translate перакладае зь беларускай пры пасярэдніцтве расейскай мовы).

Магчыма, што і так. Але я ня ўпэўнены, што Google калісьці будзе патрабаваць ажно так аб’ёмістага беларускага слоўніка, каб яго машынка магла больш-менш уцямна перакласьці кавалак прозы Быкава або Мележа.

Мы жывем у век камунікацыі, калі лічыцца перад усім хуткасьць і эфэктыўнасьць перадачы інфармацыі. А эфэктыўнасьць перадачы інфармацыі ў Інтэрнэце вызначаецца перш за ўсё тым, колькі разоў ваш тэкст адчыняць дзесьці на экране кампутара. Або колькі разоў ён трапіцца каму-небудзь пры пошуку машынкай Google Search. Чым больш стандартны ваш тэкст у адносінах лексыкі і стылю, чым больш трафарэтны ў сэнсе фразэалёгіі, тым большая імавернасьць, што ён будзе заўважаны ў сеціве.

На жаль, інтэрнэтная журналістыка — а сёньня ўжо іншай амаль няма — вымушае пісаць "даходлівай" і "нескладанай" мовай. Чым менш эпітэтаў, тым лепш. Так і хочацца сказаць — чым больш прымітыўна, тым больш чытачоў.

Учора я якраз прачытаў сугучны свайму моўнаму пэсымізму фэльетон "Мова як тупая прылада ў лічбавы век". Напісаў яго сталы фэльетаніст International Herald Tribune, Ананд Гірыдгардас. Ён меў на ўвазе не маленькую беларускую мову, а ангельскую, то бок, сусьветную. Ангельская мова ў Інтэрнэце непазьбежна спрошчваецца ці нават прымітывізуецца, бо, як пранікліва падсумоўвае Гірыдгардас, "у нас так шмат людзей, далёка і блізка, да якіх мы хочам дайсьці, і так мала часу, каб гэта зрабіць, і штораз менш цярплівасьці для моўных правілаў, якія тармозяць наш безаглядны рух у моўнае прадоньне".

Кажучы на больш даходлівай інтэрнэтнай мове, "шкада часу на тую жменьку разумнікаў, якія такія тупыя, што ня здольная ацаніць разумнасьць тупасьці".