Сёньня ва Ўкраіне завяршаецца агітацыя да выбараў прэзыдэнта 17 студзеня. 18 кандыдатаў з самымі рознымі праграмамі праводзяць апошнія мітынгі, паездкі па рэгіёнах, выступы па тэлебачаньні. Фаварытамі выбараў называюць прэм’ер-міністра Юлію Цімашэнку і лідэра апазыцыйнай Партыі рэгіёнаў Віктара Януковіча.
Цімашэнка: “…Усе дэпазыты будуць вернутыя, грыўня зноў стане моцнай! Новы шлях Украіны пачынаецца!”
Яцэнюк: “Я бачу для Украіны адзіны курс, новы курс – на поўную мадэрнізацыю!”
Юшчанка: “Мая мэта – сяброўства Ўкраіны ў Эўрапейскім зьвязе. Украіне быць моцнай і вольнай дзяржавай!”
Агітатар Літвіна: “Час абароны людзей! Час высокіх сацыяльных стандартаў! Час прымнажэньня! Час Літвіна!”
Януковіч: “Разам мы зможам пабудаваць Украіне лепшую будучыню!”
18 кандыдатаў на пасаду прэзыдэнта Ўкраіны штодня зьвярталіся да суграмадзян з экранаў тэлевізараў, на мітынгах, прэсавых канфэрэнцыях, са старонак шматлікіх улётак і газэт. У апошнія дні кандыдаты выступілі з новымі “мэсыджамі” да выбарцаў. Юлія Цімашэнка абяцала праз 5 гадоў далучыць Украіну да Эўразьвязу, Віктар Януковіч абверг, што ім кіруюць з Крамля і адмовіўся ад прапановы паўдзельнічаць у дэбатах зь Юліяй Цімашэнкай. Уладзімір Літвін запалохаў усіх масавымі забурэньнямі пасьля выбараў, больш складанымі, чым у 2004 годзе. Алег Цягнібок абяцаў увесьці візавы рэжым з Расеяй, Арсэній Яцэнюк – змагацца з карупцыяй. Усе гавораць пра пагрозу фальсыфікацый, подкупу выбарцаў і абвінавачваюць у падрыхтоўцы да гэтага сваіх канкурэнтаў.
У канцы гэтай актыўнай агітацыйнай кампаніі прэзыдэнт Юшчанка заявіў:
“Украіна ніколі не стаяла перад пагрозай дыктатуры, рэальнай дыктатуры, як яна стаіць цяпер”.
Віктар Юшчанка пры гэтым крытыкаваў перш за ўсё прэм’ера Юлію Цімашэнку, днямі ён згадаў крымінальную справу супраць яе, калісьці заведзеную ў Расеі. У адказ давераныя асобы апошняй назвалі Юшчанку “тэхнічным кандыдатам Януковіча”, паколькі крытыка Юшчанкі на руку лідэру Партыі рэгіёнаў.
І Януковіч, і Цімашэнка, якія лічацца фаварытамі сёлетняй гонкі, на публіцы дэманструюць сваю поўную ўпэўненасьць у сваёй перамозе, нават у першым туры.
А пакуль што інфармацыйныя намёты розных кандыдатаў мірна суіснуюць у самых бойкіх месцах. Людзі выказваюцца пра сваіх кандыдатаў:
“З усіх кандыдатаў Цімашэнка найлепшая. Яна моцная жанчына. Яна гарантуе стабільнасьць ва Ўкраіне”.
“Грыцэнка – ён вайсковы, ён палкоўнік. Думаю, што пры ім нешта будзе лепей. У нас яшчэ не было вайскоўцаў”.
“Літвін такі ж, як людзі з вёскі. Ён разумее, што трэба рабіць сваімі рукамі, а не з-пад палкі. Добра каб Літвін стаў прэзыдэнтам, а не тое, што ўсё вырашаюць грошы, а не народ”.
“Віктар Януковіч – гэта наш прэзыдэнт. Юлія Цімашэнка – яна жанчына, яна ня можа быць прэзыдэнтам. А Януковіч навядзе парадак з усімі. Мяне не хвалюе, што ён сядзеў у турме”.
Гэтак агітуюць за сваіх кандыдатаў жыхары Кіева. Каму не падабаецца ніхто з названых, могуць галасаваць супраць усіх. Ёсьць і такі кандыдат – Васіль Протывсіх.