Судовае паседжаньне Менскага раённага суда па справе ўхіленьня ад вайсковай службы верніка габрэйска-мэсіянскай суполкі Івана Міхайлава адбудзецца 29 студзеня.
Пра гэта паведаміў кіраўнік кампаніі "За альтэрнатыўную грамадзянскую службу" Міхась Пашкевіч.
Іван Міхайлаў тры тыдні чакае суду за ўхіленьне ад вайсковай службы ў камэры жодзінскага сьледчага ізалятара. 31 сьнежня справу перадалі ў суд. Іван спадзяваўся на службу ў рэзэрве і казаў, што рэлігійныя перакананьні не дазваляюць яму служыць у войску. Цяпер яму пагражае паўгода арышту.
Сваякі Івана распавялі, што з просьбамі даць хлопцу магчымасьць прайсьці альтэрнатыўную службу яны неаднойчы зьвярталіся ў ваенкамат, Міністэрства абароны і адміністрацыю кіраўніка краіны.
20 сьнежня Івана затрымалі ў салігорскім гатэлі. Ён працаваў рамонтнікам катлоў і быў у Салігорску па працы. З Салігорску хлопца адвезьлі ў Жодзінскі сьледчы ізалятар.