Настаўніцы гісторыі Натальлі Ільініч зь вёскі Талька Пухавіцкага раёну Менскай вобласьці пагражае звальненьне за яе прыналежнасьць да партыі БНФ.
Сёньня яе выклікалі ў Менскі абласны аддзел адукацыі на размову. Настаўніца лічыць, што зь ёй могуць не падоўжыць кантракт. Натальля Ільініч паведаміла “Свабодзе”, што вядзе ў школе краязнаўчы гурток і вельмі любіць сваю працу. Заўвагаў з боку адміністрацыі школы наконт сваіх прафэсійных абавязкаў яна ня мела.
Паплечнік Натальлі Ільініч Вінцук Вячорка лічыць, што пазбаўленьне працы настаўніцы за палітычную прыналежнасьць да дэмакратычнай партыі ёсьць праявай таталітарызму.
“Гэта ёсьць забаронай на прафэсію. Я яшчэ разумею, калі забараняюць быць сябрамі партый сілавікам – вайскоўцам, міліцыянтам і г.д., але, калі гэта забаронена настаўнікам, дактарам – людзям, якія кантактуюць зь людзьмі, то такое можа адбывацца толькі ў недэмакратычнай краіне”, -- паведаміў Вінцук Вячорка.