Перамовы аб транзыце расейскай электраэнэргіі празь Беларусь у Маскве пачаліся

Прадстаўнікі кампаніі "Интер РАО ЕЭС" і дзяржканцэрну "Белэнэрга" праводзяць перамовы аб пастаўках расійскай электраэнэргіі ў Беларусь і яе транзыце празь беларускія электрычныя сеткі. Пра гэта паведаміў кіраўнік прэс-службы "Интер РАО ЕЭС" Цімур Бялоў.

Пра гэта інфармуе БелаПАН. Папярэдні раунд перамоў адбыўся 12 студзеня ў Менску. Афіцыйнай інфармацыі паводле вынікаў сустрэчы не было.

Паміж "Интер РАО ЕЭС" і "Белэнэрга" дзейнічаюць доўгатэрміновыя ўзаемазьвязаныя дагаворы на пастаўку электраэнэргіі і яе транзыт празь сеткі аб'яднанай энэргетычнай сыстэмы (АЭС) Беларусі. Згодна з гэтымі дамовамі ў 2010 годзе кампанія мае намер паставіць у Беларусь 3 млрд. кВт/гадз электраэнэргіі ў адпаведнасьці з балянсам Саюзнай дзяржавы і да 2,5 млрд. кВт/гадз — "на аснове прынцыпаў камэрцыйнай мэтазгоднасьці".

Сёлета "Интер РАО ЕЭС" таксама плянуе ажыцьцяўляць транзытныя пастаўкі, у тым ліку праз сеткі АЭС Беларусі, у Калінінградзкую энэргасыстэму і краіны Балтыі.

4 студзеня "Белэнэрга" папярэдзіў аб магчымым спыненьні паставак расейскай электраэнэргіі ў Калінінградскую вобласьць з-за няўзгодненасьці ўмоў транзыту. У адказ "Интер РАО ЕЭС" заявіла, што накіроўвала ў Мінск свае прапановы, аднак адказу на іх не атрымала. Паводле інфармацыі кампаніі, перад новым годам беларускі бок запатрабаваў павялічыць кошт транзыту ў некалькі разоў.

"Гэта не адпавядае духу падпісаных раней доўгатэрміновых пагадненьняў і схеме ўзаемадзеяньня "Интер РАО ЕЭС" і "Белэнэрга", якая рэалізуецца на міждзяржаўным узроўні і ў межах паліўна-энэргетычнага балянсу Саюзнай дзяржавы", — адзначалася ў прэс-рэлізе кампаніі.