Прыкладна апоўдні 14 студзеня ў Гомелі затрыманы каардынатар па стварэньні партыі "Беларуская хрысьціянская дэмакратыя" Яўген Якавенка.
Як падае БелаПАН, Яўген Якавенка па мабільным тэлефоне паведаміў, што на вуліцы Кніжнай да яго падышлі два чалавекі ў міліцэйскай форме, з прымяненьнем гвалту пасадзілі ў аўтамабіль і прывезьлі ў ваенкамат.
"Яны не прадставіліся, нічым свае дзеяньні не растлумачылі, увесь час пагражалі прымяненьнем сілы, вырывалі з рук мабільны тэлефон, заламалі рукі. У машыне нас чакаў трэці ў цывільным, які сачыў за мной ад самага дому", — адзначыў актывіст.
Паводле актывіста, у ваенкамаце яму заявілі, што ён ухіляецца ад прызыву на ваенную службу, і таму быў прымусова дастаўлены туды з дапамогай міліцыі. "Ніякіх позваў я не атрымліваў. Як я магу ўхіляцца ад прызыву?" — сказаў Якавенка.
Пры гэтым тыдзень таму Яўген Якавенка падаў заяву з просьбай аб альтэрнатыўнай службе.
Актывіст мае намер зьвярнуцца са скаргай на дзеяньні міліцыі ў пракуратуру. "Такія дзеяньні падпадаюць пад артыкул Крымінальнага кодэксу аб выкраданьні людзей", — заявіў ён.