Нафтавая вайна паміж Беларусьсю і Расеяй, бел-чырвона-белы сьцяг у Віцебску і абліты фарбай помнік Леніну ў Наваградку, а таксама іншыя тэмы – ў сёньняшніх тэлефанаваньнях на Свабоду.
Беларусь і Расея працягваюць супрацьстаяньне ў пытаньні паставак расейскай нафты ў Беларусь у 2010 годзе. Слухачы працягваюць выказвацца на гэтую тэму:
Спадар: “Вам тэлефануе ваш пастаянны слухач Андрэй зь Пінска. Вось што я хацеў сказаць. Зь мінулага году рэзка абвастрыліся адносіны паміж нашай краінай і Расеяй, але ж сёньня мы разумеем, што гэта ў першую чаргу адносіны сапсаваліся паміж Лукашэнкам і кіраўнікамі Расеі. Успомнім малочную вайну, мясную, потым камбайнавую, і вось нафтавую вайну. Мне здаецца, што наш прэзыдэнт паводзіць сябе так таму, што за многія гады сабраў у свае рукі ўсю ўладу і адчуў сябе такім, быццам бы некаму можа дыктаваць свае ўмовы і нейкія прынцыпы, як гэта робіць ён у нас у краіне. На самой справе яго ўлада не распаўсюджваецца далей за нашу краіну, таму яму патрэбна гэта зразумець і перастаць сварыцца. Ён перасварыўся з Эўропай, з Расеяй. Куды ж цяпер падзецца? Як мы будзем з кім сябраваць? Ёсьць яшчэ варыянты, напрыклад, з Эўропай пасябраваць. Але ж Эўропа таксама выставіць свае ўмовы і яны будуць непрымальнымі нашаму прэзыдэнту, ведаючы яго характар, яго прынцыпы”.
Валер Курневіч, Барысаў: “Лукашэнка казаў, нават руку да сэрца прыклаў: для яго прывабная саюзная дзяржава, тады чаму такая з’ява? Энэрганосьбіты, што ў Беларусь ідуць ці з боем паўзуць, іх кошты заўсёды растуць. А можа, трэба рабіць кранты гэтаму саюзу, і гэтай справе, і гэтай “халяве”?
Анастас Семяновіч: “Вельмі шаноўныя і дарагія спадары і спадарыні радыё Свабода! Спрэчка вакол паставак расейскай нафты на беларускія нафтаперапрацоўчыя заводы – моцна ўдар па мытным саюзе Беларусі, Расеі і Казахстана. Мытны саюз выгадны Расеі як самай вялікай дзяржаве з самай працяглай мяжой са зьнешнім сьветам. Таварыш Сідорскі, вашы людзі падрыхтавалі гэты мытны саюз вельмі дрэнна, а таму вам трэба неадкладна ісьці ў адстаўку. І вам, таварыш Лукашэнка, вы вельмі стаміліся за 15 гадоў, таксама трэба ісьці на адпачынак”.
Яшчэ адна тэма, якую актыўна абмяркоўваюць слухачы Свабоды – учынак сябра Кансэрватыўна-Хрысьціянскай партыі БНФ Сяргея Каваленкі, які вывесіў бел-чырвона-белагы сьцяг на вершаліне галоўнай ёлкі ў Віцебску. Паводле крымінальнай справы яму пагражае да шасьці гадоў турмы. Таксама абмяркоўваюць буйны штраф наваградзкаму актывісту партыі Беларуская хрысьціянская дэмакратыя Юрасю Казаку за абліты фарбай помнік Леніну:
Ніна Ярмалінская, Салігорск: “Нядаўна вечарам іду па цэнтральнай плошчы гэтага горада, чую ззаду моцны стук. Аглянулася і бачу: падлеткі б’юць камянямі помнік Леніну. Камяні адляталі ад помніка, як ад парожняй дзежкі. Юрась Казак у Наваградку абліў помнік Леніну фарбай. Учынак заслугоўвае ўдзячнасьці грамадзтва і сьведчыць аб тым, што помнікі Леніну не патрэбны нашай краіны і павінны быць зьнесены”.
Спадарыня: “Правы чалавека ў нас адсутнічаюць у Беларусі. Каваленка Сяргей і маладыя не зьбіраюцца так жыць, як мы жывем. Усіх не перасадзіце. За жыцьцё сваё мы будзем змагацца”.
Мікола Цяліца, Менск: “8 студзеня, набраўшыся вытрымкі і цярпеньня, паглядзеў па тэлебачаньні перадачу: атрыманьня прэміі за духоўнае адраджэньне, якое вялося на першым так званым галоўным беларускім тэлеканале, як заўсёды на мове суседняй дзяржавы. І так духоўна адрадзілі, што мы, беларусы, на сваёй роднай зямельцы можам пачуць па тэлебачаньні сваю родную беларускую мову толькі на тэлеканале Белсат з Польшчы. Шчыры дзякуй палякам, братам славянам, што дапамагаюць нам, беларусам, перажыць гэтую цяжкую часіну ў дзеяньнях сёньняшняй улады, у нянавісьці да сваіх каранёў, роднай мовы, культуры, гісторыі”.
У эфіры “Званкі на Свабоду”. Тэлефон “Свабоды” ў Менску -- 266-39-52, працуе 24 гадзіны на суткі. Нумар мабільнай сувязі для смс-паведамленьняў: +375 29 391-22-24. Тэлефануйце і пішыце! Дзяліцеся навінамі, выказвайце сваё стаўленьне да падзеяў у Беларусі і ў сьвеце. Мы таксама чакаем водгукаў на працу Радыё Свабода.