"Калі сьцяг разгортваў, было адчуваньне, што душа аддзяляецца ад цела"

Арыштаваны за вывешваньне нацыянальнага сьцяга на гарадзкой ёлцы ў Віцебску сябар КХП БНФ кажа, што зусім не чакаў, каб яго адпусьцілі зь СІЗА. Бо толькі ў суботу пракуратура прыняла рашэньне трымаць яго пад вартай да 2-х месяцаў.

Сяргей Каваленка знаходзіцца на волі яшчэ толькі лічаныя гадзіны. Пра сваё вызваленьне зь сьледчага ізалятару пад падпіску аб нявыезьдзе ён даведаўся каля 5-й вечара:

«Мяне сёньня дзяжурным прызначылі, уся камэра дапамагала мне прыбіраць. А потым прыйшлі па мяне і ў 17.10 мяне выпусьцілі. Ніхто нічога не тлумачыў. Я думаю, проста рэзананс вялікі пра мяне пайшоў... Узялі зь мяне адбіткі пальцаў і падпіску аб нявыезьдзе».

Каля 7-й вечара Сяргей Каваленка быў ужо дома, бо ішоў на другі край гораду пехам. У яго не было грошай на праезд — усё аддаў сваякам перад арыштам. І ў 19.30 актывіст ужо даваў інтэрвію Свабодзе.

Ён распавёў, што сьледчы і міліцыянты ў пастарунку шмат распытвалі яго пра тэхнічныя падрабязнасьці — як яму ўдалося пералезьці праз плот вакол ёлкі, як ён узьбіраўся ўверх па жалезнай канструкцыі. Сяргей кажа, што ёлку тады ніхто не ахоўваў, дзяжурныя міліцыянты нічога нават і не заўважылі, а пад’ём угару яму даўся лёгка:

«Ніхто і не заўважыў, як я пералез цераз агароджу. А ўгару лез хвілін 15-20. Што там лезьці? Страшна мне ані не было, бо я добра валодаю сваім целам, у мяне добрая каардынацыя рухаў. Так што лез і слухаў канцэрт».

Апоўдні 7 студзеня, каля Сяргей Каваленка вывесіў сьцяг на гарадзкой ёлцы на плошчы Перамогі ў Віцебску, на сцэне непадалёк ішоў канцэрт мастацкай самадзейнасьці. Але ў пэўны момант увагу гледачоў прыцягнула відовішча не перад сабой, а ўверсе, дзе па ёлцы караскаўся чалавек.

Свае адчуваньні на вышыні 40- мэтраў над горадам зь бел-чырвона-белым сьцягам у руках Сяргей апісвае так:

«Я лез спачатку унутры, а потым, дзе ёлка звужаецца, я вылез і палез звонку. Усе кінулі канцэрт глядзець, і глядзелі толькі ўверх, і я, канечне, крыкнуў „Жыве Беларусь!“ і „Слава Беларусі!“ Увогуле там, на вышыні, калі я сьцяг разгортваў, было такое адчуваньне, што ў мяне душа аддзяляецца ад цела... І ужо потым, калі мяне ўзялі, у наручніках цераз плот перакінулі, я зноў крыкнуў „Жыве Беларусь!“ А ўсе як аслупянелі — стаялі, як пінгвіны замарожаныя».

Сяргей кажа, што суду за свой учынак не баіцца, хаця яго кваліфікуюць як злоснае хуліганства, за якое могуць прысудзіць і арышт, і да 5 гадоў «хіміі» і нават да 6 гадоў турмы:

«Што будзе, тое й будзе. Галоўнае, справа зроблена, і яна ўжо жыве сама па сабе. А са мной — як будзе, так і будзе».

Паводле расказаў апазыцыянэра, у міліцыі да яго ставіліся нядобразычліва і жорстка. А ў камэры сьледчага ізалятару — з разуменьнем і павагай. Таму яны з маці вырашылі, што перадачу, якую сваякі толькі сёньня сабралі для Сяргея, бо не чакалі яго ўбачыць так хутка, цяпер перададуць зьняволеным у СІЗА. Гаворыць маці спадара Каваленкі, Лідзія Ўладзімераўна:

«Чаго мы толькі не панакуплялі! У мяшочкі расфасавалі... Сшыткі купілі, капэртаў тысяч на 20! Сала, гарбаты рознай, і цыбулі, і часнык, і малако сухое... І як мы гэта усё падбіралі! Як на кірмашы намерзьліся, як у нас рукі адмярзалі! Дык я кажу: зрабі высакародную справу, аднясі гэта ў ізалятар, каб перадалі ў тую камэр, дзе ты быў!»

Маці Сяргея Каваленкі, ягоная жонка Алена і брат Віталь пэўныя, што Сяргея адпусьцілі пад падпіску аб нявыезьдзе толькі дзякуючы таму, што знайшлося шмат людзей ва усім сьвеце, якія яму спачувалі і выказвалі павагу за ягоны учынак.


Нагадаем, што Сяргей Каваленка быў затрыманы 7 студзеня каля гадзіны дня на плошчы Перамогі ў Віцебску, пасьля таго як на вачах у соцень мінакоў вывесіў на 40-мэтровай вышыні бел-чырвона-белы сьцяг, здолеўшы залезьці па зборнай мэталічнай канструкцыі на самую вяршаліну навагодняй ёлкі. 10 студзеня пастановай пракурора Віцебску Каваленка быў зьмешчаны ў СІЗА тэрмінам на два месяцы.