Маці Сяргея Каваленкі баіцца, што ў яго можа здарыцца інсульт

Сяргей Каваленка

Жонка актывіста Алена Каваленка некалькі разоў прыяжджала ў Кастрычніцкі РАУС, каб хаця б на хвіліну ўбачыцца зь Сяргеем. Яна распавяла, як затрыманьне ўспрынялі ягоныя сваякі.


Алена Каваленка
, жонка сябра КХП БНФ Сяргея Каваленкі, які апоўдні 7-га студзеня ўзьняў на галоўнай гарадзкой ёлцы бел-чырвона-белы сьцяг, з таго дня бачыла мужа толькі тройчы — у калідоры пастарунку:

“Заўчора бачыла два разы і ўчора. Заўчора дык ён мне падаўся такім сумным, а ўчора — дык і нічога быў настрой”.

Учора гарадзкая пракуратура вынесла пастанову, што Сяргей Каваленка можа быць затрыманы на тэрмін да двух месяцаў. Па ягонай крымінальнай справе, распачатай за вывешваньне бел-чырвона-белага сьцягу на галоўнай гарадзкой ёлцы ў Віцебску, цяпер вядзецца сьледзтва.

Алена Каваленка не ўхваляе ўчынак мужа. Яна настаўніца паводле адукацыі, але ўжо год як працуе ў сыстэме ЖКГ — там большыя заробкі. Кажа, што Сяргей мог бы таксама зарабляць добрыя грошы, каб не займаўся, паводле ейных слоў, “нявартымі справамі”. Хаця ў нечым жонка яго ўсё ж падтрымлівае:

“З аднаго боку, падтрымліваю — падтрымліваю ягоную пазыцыю, але ня мэтады. З другога боку, мне хочацца звычайнага жаночага шчасьця, каб была сям’я і быў спакой”.

Сяргею Каваленку споўнілася 34 гады, ён індывідуальны прадпрымальнік, займаецца рамонтамі і будаўніцтвам. Таму жонка і кажа, што грошай у сям’і магло б быць больш, каб не Сяргеевы арышты за ранейшыя акцыі са сьцягамі. Цяпер Сяргеева маці, малодшы брат, жонка і пяцігадовы сын жывуць разам у двухпакаёвай кватэры — бо зрабіць рамонт у нядаўна атрыманым уласным жытле проста няма на што.

Маці, Лідзія Ўладзімераўна Каваленка, працуе дворнікам. Яна была на плошчы Перамогі ў той момант, калі на навагодняй ёлцы зьявіўся сьцяг. І маці дужа непакоіцца, што Сяргея ў міліцыі будуць зьбіваць і зьневажаць:

Лідзія Каваленка
“Я баюся, што яго будуць зьбіваць і зьдзекавацца. Я гэтага дужа баюся, бо калі яго забіралі, міліцыянты былі такія раззлаваныя, так ляснулі дзьвярыма ў машыне… У мяне сэрца здрыганулася, калі яго забіралі ды адвозілі”.

Маці кажа, што 7-га студзеня Сяргей быў хворы: ён прымаў лекі, бо дактары дыягназавалі парушэньне мазгавога кровазвароту. Цяпер спадарыня Лідзія непакоіцца, што ёсьць небясьпека інсульту або інфаркту, бо пад арыштам лекі яму не даюць. Яна зьбіраецца пісаць заяву, каб Сяргея Каваленку агледзелі дактары ці каб яго ўвогуле адпусьцілі дахаты.

Дома Сяргея чакае 5-гадовы сын Валянцін. У сям’і прынялі рашэньне, што нічога ня будуць тлумачыць малому — проста скажуць, што тата ў ад’езьдзе.


Віталь Каваленка
28-гадовы брат Віталь, які працуе ахоўнікам, застаўся ў сям’і адзіным дарослым мужчынам. Ён згадвае, як Сяргей стаў перакананым беларусам:

“Размаўляў з Барысам Хамайдам, кніжкі па гісторыі Беларусі чытаў. Ён дужа рашучы ў сваіх перакананьнях і перажывае за ўвесь беларускі народ”.

Паводле зьвестак ад родных, Сяргей Каваленка запатрабаваў, каб сьледчы і ахова сьледчага ізалятару размаўлялі зь ім выключна па-беларуску.