Анкета Свабоды: Алесь Аркуш

Алесь Аркуш — пісьменьнік і выдавец, літаратурны аглядальнік Радыё Рацыя. Ініцыятар і стваральнік Таварыства вольных літаратараў, выдавецтва «Полацкае ляда», рэдактар альманаху «Калосьсе». Закончыў Беларускі інстытут народнай гаспадаркі. Аўтар кніг «Вяртаньне», «Прывід вясны», «Разьвітаньне з Танталам» ды іншых. Нарадзіўся ў 1960 годзе ў Жодзіне, жыве ў Полацку.






Што для вас свабода?


Калі жывеш у прававой краіне, дзе жаданьні індывідуюмаў і патрабаваньні грамадзтва збалянсаваныя, дзе не патрапляеш у «чорныя сьпісы» ўлады за тое, што любіш сваю краіну, але ня згодны з палітыкай уладатрымаўзцаў.


Што найбольш абмяжоўвае вашу свабоду?

Разуменьне, што мой лоб не «чыгунны».


Што для вас шчасьце?

Шчасьце — гэта чароўны аазіс, да якога імкнесься, нібыта дасягаеш, але калі ўздымаеш галаву, бачыш, што яно зноў наперадзе.


Чаго вы найбольш баіцеся?

Сур’ёзных праблемаў у блізкіх людзей.


Які талент вы хацелі б мець?

Моц «добрага» тэрмінатара — не спыніць, не стрымаць.


Кім з сучасьнікаў вы захапляецеся?

Людзьмі, якія трапляюць у складаныя сытуацыі і годна трымаюцца да канца. Такімі, як Ніна Мацяш.


Што вы найбольш любіце рабіць?

Бавіць час у коле сям’і, вандраваць па Беларусі, глядзець на плынь ракі. Люблю калі ідзе сьнег, калі цвітуць сады. Больш падрабязна на маім блогу: http://alesarkush.livejournal.com/profile


Калі б можна было пражыць жыцьцё яшчэ раз, што б вы зьмянілі?

Не рабіў бы тое, што насамрэч абсалютна не патрэбна ў жыцьці.


Якую найлепшую параду вы атрымалі?

Трэба свой розум мець.


Які ваш улюбёны дэвіз?

На Бога спадзявайся, ды сам не агінайся.


У якой палітычнай сыстэме вы хацелі б жыць?

У кастытуцыйнай манархіі. Неяк я нават прапаноўваў асобу, якую можна запрасіць на беларускі трон, — Яўхіма, малодшага сына дацкай каралевы, бо дацкі каралеўскі род мае часьцінку крыві Рагвалодавічаў.


У якой краіне вы хацелі б жыць?

У беларускай Беларусі.


У якую эпоху вы хацелі б жыць?

У гэтую. Цікава было б таксама зазірнуць у Полацак часоў Усяслава Чарадзея. Ёсьць некалькі пытаньняў, якія варта было б з князем абмеркаваць.


Калі б вы сталі кіраўніком Беларусі, што б зрабілі найперш?

Адразу зьмяніў бы кіраўнікоў сілавых міністэрстваў.


Якія адносіны Беларусь павінна мець з Эўразьвязам?

Партнэрскія.


Якія адносіны Беларусь павінна мець з Расеяй?

Партнэрскія.


Некаторыя думаюць так: «Хай дыктатура, абы свая». А Вы?

Дыктатура — гэта загніваньне. Хаця на годзік дыктатуры якога-небудзь разумнага нацыянальнага палітыка я пагадзіўся б...


Калі і як у Беларусі зьменіцца ўлада?

Гэта найвялікшая загадка беларускай сучаснасьці.


Калі беларусы загавораць па-беларуску?

Калі зразумеюць, якая каштоўсьць — уласная краіна. А без беларускай мовы Беларусь не пабудуеш.


Што будзе, калі беларусы не загавораць па-беларуску?

Яны перастануць быць беларусамі.