Уплывовая міжнародная арганізацыя “Рэпартэры бязь межаў” выказала заклапочанасьць плянамі беларускіх уладаў узмацніць кантроль над інтэрнэтам “у краіне, дзе свабода выказваньня і так абмежаваная».
Пра гэта гаворыцца ў заяве арганізацыі, апублікаванай на яе сайце 6 студзеня, паведамляе прэсавая служба Беларускай асацыяцыі журналістаў.
“Рэпартэры бязь межаў” маюць на ўвазе ўказ прэзыдэнта “Аб мерах па ўдасканальваньні выкарыстаньня нацыянальнага сэгмэнту глябальнай камп’ютарнай сеткі інтэрнэт”, які трапіў да журналістаў у сярэдзіне сьнежня, і які зараз дапрацоўваецца на ўрадавым узроўні.
“Мы павінны асабліва падкрэсьліць нашу заклапочанасьць гэтым законапраектам, які пагражае свабодзе слова online і праву кожнага выказваць меркаваньні ананімна без страху рэпрэсій з боку ўладаў”, — заяўляюць “Рэпартэры”.
Усе спробы супакоіць грамадзкасьць, на думку арганізацыі, ня могуць схаваць рэпрэсіўнага характару праекта дакумэнта, які “падштурхне “інтэрнаўтаў” да самацэнзуры”.
Арганізацыя не выключае, што перагледзіць свой сьпіс "ворагаў інтэрнету", у які ўваходзяць Паўночная Карэя, Кітай, Іран і іншыя краіны, але ў якім зараз няма Беларусі.