Дамова аб дзяржаўнай мяжы Беларусі і Ўкраіны ўнесена на ратыфікацыю ў беларускі парлямэнт, паведамілі ў Палаце прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Беларусі.
Акрамя таго, у Палаце прадстаўнікоў знаходзяцца законапраекты "Аб ратыфікацыі пагадненьня паміж урадам Рэспублікі Беларусь і Кабінэтам міністраў Украіны аб бязьвізавых паездках грамадзянаў" і "Аб ратыфікацыі дамовы паміж Рэспублікай Беларусь і Украінай аб перадачы асобаў, асуджаных да пазбаўленьня волі, для далейшага адбываньня пакараньня". "Дэпутаты плянуюць ратыфікаваць усе тры дакумэнты ў красавіку пасьля адкрыцьця чарговай парлямэнцкай сэсіі", -- удакладнілі БЕЛТА ў Палаце прадстаўнікоў.
Летась у лістападзе пасьля візыту ва Ўкраіну Аляксандар Лукашэнка заявіў, што Беларусь і Ўкраіна зьнялі ўсе праблемныя пытаньні ў адносінах і завяршылі фармаваньне дагаворна-прававой базы, якая налічвае 70 дакумэнтаў. Але, на думку аналітыкаў, самае галоўнае, што Лукашэнка і Юшчанка вырашылі нарэшце даўняе пытаньне дзяржаўнай мяжы. Прэзыдэнты дамовіліся, што прынятае рашэньне накіраваць дамову аб дзяржаўнай мяжы з Украінай на ратыфікацыю ў парлямэнт Беларусі.
6 лістапада 2009 году, аналізуючы візыт Аляксандра Лукашэнкі ва Ўкраіну, рэдактар Кіеўскай газэты “Обзор” Юры Сьвірко адзначыў: .
"Галоўнае пытаньне – пра дзяржаўную мяжу паміж дзьвюма краінамі. У 1998 годзе Лукашэнка заявіў, што "пакуль Украіна не заплаціць свае даўгі Беларусі, дамова пра дзяржаўную мяжу ратыфікаваная ня будзе. Ад таго часу – хаця сама дамова была падпісаная ў 97-м і тады ж ратыфікаваная Вярхоўнай Радай, Лукашэнка трымаўся свайго. І ад таго часу дыскутавалася гэтае пытаньне: як пагасіць даўгі ад 92-га году, калі некалькі беларускіх прадпрыемстваў пастаўлялі прадукцыю ўкраінскім, а тыя не заплацілі – называліся лічбы 150 мільёнаў даляраў, 200, 130. Цяпер украінскія газэты пішуць, што Ўкраіна пагадзілася заплаціць 50 мільёнаў даляраў у такой форме: яна будзе пастаўляць электраэнэргію па цане, ніжэйшай за сабекошт, і гэтая электраэнэргія будзе прадавацца далей у краіны Балтыі: у Літву, дзе закрываюць Ігналінскую АЭС, і нават у Латвію, якая таксама атрымлівала энэргію з Ігналінскай АЭС. Кіеве ўсе перакананыя, што перашкаджала ня толькі само па сабе пытаньне мяжы і даўгоў, а перашкаджала Расея, якая рукамі Беларусі трымала Ўкраіну на кручку, каб тая не ўступіла ў НАТО. Бо калі няма ўрэгуляванай мяжы зь Беларусьсю, гэта значыць, што ёсьць праблема з суседзямі, а таму нельга стаць членам НАТО…"