Мы жывем у часы суцэльнай дыфузіі жанраў — куплены ў кнігарні раман лёгка можа аказацца інтэрнэт-раманам, зборнік апавяданьняў — перанесеным на паперу блогам, п’еса — смс-перапіскай... Таму жартаўлівае вызначэньне: «Паэзія — гэта тое, што напісана ў слупок, а проза — тое, што ў радок», не такое ўжо і кепскае — ў сьвятле сучаснай літаратуры.
Людміла Рублеўская, Віталь Скалабан, «Время И бремя архивов и времен». Менск, «Літаратура і мастацтва», 2009.
Праца ў архівах дала аўтарам надзвычай цікавы матэрыял — дакумэнты, фота, якія дазваляюць па-іншаму зірнуць на літаратурны працэс мінулага стагодзьдзя. Асабліва сьмешна чытаць урыўкі з такога зусім не дасьледаванага літаратуразнаўцамі жанру, як данос. Часы мяняюцца, а стыль, непаўторны стыль 20-30 гадоў, жыве! Хто што зьеў, хто зь кім выпіў, хто што сказаў... Вось жа здавалася б — каму гэта цікава? Не, заўсёды ёсьць неабыякавыя людзі, якія пільна сочаць за гэтай бытавухай і сыгналізуюць наверх — «тэрмінова прыміце меры!» Аднак і да іх даходзіць чарга — і іх імёны раней ці пазьней становяцца вядомымі. Праўда, гэта не тая літаратурная слава, пра якую, відаць, марылі...
Дзякуй аўтарам, якія не пабаяліся ўлезьці ў старыя забытыя архівы, каб зразумець — «хто правы, хто вінаваты, хто кат, хто даносчык, хто ахвяра...»
Віктар Казько,"Бунт незапатрабаванага праху«. Менск, «Логвінаў», 2009.
«Каму і навошта ўсё гэта трэба? Ці сапраўды на гэтым сьвеце нешта і некаму трэба?» — такім пытаньнем задаецца ня толькі манструозны герой рамана Говар, але, відавочна, і сам аўтар. І гэтая выпакутаванасьць, вусьцішны страх за сябе і блізкіх, адчуваньне суадказнасьці за тое, што робіцца з людзьмі і сьветам, і, адначасова, усведамленьне немагчымасьці зьвярнуць з ужо абранага шляху, «пераіграць жыцьцё», надаюць твору Казько асаблівую шчымлівасьць, пранізьлівасьць, выводзячы гэтае выданьне ня толькі ў адну з лепшых кніг года, а ў адну з лепшых кніг нацыянальнай літаратуры.
Сяргей Календа, «Помнік атручаным людзям». Менск, Галіяфы, 2009
Чытаючы раман «Бунт незапатрабаванага праху», цяжка не згадаць творчасьць пісьменьнікаў-экзыстэнцыялістаў. Камю і Сартр, зь іх трагічным сьветаадчуваньнем асобы, якой адкрылася абсурднасьць існаваньня як быцьця-да-сьмерці, відавочна блізкія і другому беларускаму аўтару — Сяргею Календу, які выдаў сваю дэбютную кнігу. Яго «Помнік атручаным людзям» выяўляе трагічнасьць чалавечага існававаньня праз катэгорыі паўсядзённай побытавай сьвядомасьці. Яго проза падкрэслена- фізыялягічная, як да прыкладу, у наступным урыўку. «Яму ня вельмі падабаецца хадзіць у школу, таму што яго адразу цягне ў прыбіральню. Нейкім магічным чынам яго цягне схадзіць па-вялікаму. Аднойчы, ён пачытаў Фрэйда, і вырашыў для сябе, што гэта ягонае персанальнае несьвядомае ўспрыманьне школы — фэкальна-аральнае, так зазначыў ён, Даніла Лаканаў, для сабе дадзеную з’яву».
Варта дадаць, што ўзыходзячая зорка (заўважым, Календа — ляўрэат шматлікіх літаратурных конкурсаў для моладзі), піша яшчэ вершы і казкі.
Адам Глёбус, «Play.by». Менск, «Логвінаў», 2009
У адрозненьне ад Календы, Глобус аўтар вядомы, і ня толькі, як пісьменьнік, але і як блогер і калумніст. У кнігу з гульнёвай назвай якраз і ўвайшлі яго тэксты, сабраныя з розных інтэрнэт-рэсурсаў: эсэ з сайту «Беларускія навіны», назіраньні за расейскай культурай «Расейская кунскамера», занатоўкі пра сучасьнікаў з інтэрнэт-дзёньніка... Я ж адзначу апавяданьне «Каштан» — сьветлае, лірычнае, натхнёнае. Нязвыклае для аўтара, які любіць пакпіць над людзьмі і абставінамі.
Федарэнка Андрэй, «Нічые». Менск, «Мастацкая літаратура», 2009.
Такога канцэнтрату нацыянальнай ідэі, як у кнізе «Нічые» Федарэнкі, не адчуваецца нават у спрэсаваным паветры памяшканьня БНФ. Прычым гэта датычыць як аповесьці «Вёска», напісанай ў раньні пэрыяд творчасьці пісьменніка, калі ён быў тыповым «сьвядомым», так і твораў «Нічые» і «Рэвізія».
Па сутнасьці, усе тры творы ёсьць спробай дасьледаваньня хваравітай раздвоенасьці «тутэйшых», хоць найбольш поўна гэтая тэма, безумоўна, раскрытая ў рамане «Рэвізія».
Галоўны герой рамана раздвоены і разрэзаны аўтарам на два пэрсанажы — Алеся Трухана, студэнта і наведніка літаратурнага таварыства «Тутэйшыя», які жыве ў горадзе, і Алеся Трухановіча, скалечанага чырвонаармейца, што вярнуўся ў вёску пасьля раненьня. Адзін жыве ў 1990, другі — у 1920... Гэта чарговая «гісторыя хваробы», якую сам пісьменьнік ужо даўно ператварыў ва ўсталяваны літаратурны жанр, на гэты раз ахвярна інтэгруючы ўласныя ўспаміны ў фантазіі на гістарычную тэму. Аўтар даволі пераканаўча «сшыў» свайго пэрсанажа на аперацыйным стале літаратуры, па ходу справы распавёўшы некалькі запамінальных эпізодаў, сярод якіх, асабіста мне былі цікавыя тыя, дзе фігуруе паэт Ведрыч. У ім адразу ж і без вершаванай падказкі пісьменьніка, пазнаецца Анатоль Сыс. А лепшым творам кнігі, на мой погляд, стала аповесьць «Нічые», якая па праву дала назву ўсёй кнізе.
«Нічые» — гэта ўдалае вызначэньне ня толькі для тубыльцаў, якія аказаліся ўцягнутымі ў падзеі Слуцкага паўстаньня. Гэта ўдалае вызначэньне беларусаў наогул — не расейцы, ні палякі, ні «савецкія», ні заходнія. Нацыя ў вечным пошуку ідэнтыфікацыі...і моцнага пляча.