Эканаміст цэнтру Мізэса Яраслаў Раманчук пракамэнтаваў заявы прэм’ера Сяргея Сідорскага пра неабходнасьць у будучым годзе прыцягнуць у эканоміку і асвоіць 5,6 мільярда даляраў інвэстыцый, зь іх 2,7 мільярда — прамых інвэстыцый.
“Гэтая задача — з сэрыі ўтопіяў і мітаў, як і ўсе дакумэнты, якія ўрад прымаў цягам году. Як і Закон аб бюджэце, які разьлічаны на 11—13% росту ўнутранага валавога прадукту, што нерэальна, калі ўлічыць крызіс у нашым рэгіёне. Наконт інвэстыцый таксама: калі адкінем грошы Газпраму, то атрымаецца вельмі мізэрная сума, нейкія 300 мільёнаў даляраў — значна менш, чым урад плянуе атрымаць у будучым годзе. Паколькі ў бюджэце няма прыватызацыйных спраў, то ўвогуле незразумела, адкуль такія грошы прыйдуць. Відаць, урад зноў разьлічвае на крэдыты, зноў на іх праяданьне. Гэта вельмі дрэнна, калі кароткатэрміновыя рэчы важнейшыя за стратэгічныя, за захады па сапраўднай мадэрнізацыі эканомікі”.
Карэспандэнт: “Сяргей Сідорскі таксама кажа пра карэнную мадэрнізацыю дзеючых прадпрыемстваў. Гэта рэальна?”
Яраслаў Раманчук: “На маю думку, карэнная мадэрнізацыя прадугледжвае найперш рэформу ўлады, рэформу ўраду. А тыя ж людзі, якія рабілі Газпром і Госснаб, якія выконвалі пляны пяцігодак, ня могуць кардынальна зьмяніцца і стаць рыначнікамі. Па-першае, для гэтага ў іх няма ведаў. Па-другое, сумняюся, што ў перадвыбарчы год Аляксандар Лукашэнка ім гэта дазволіць. Калі толькі Беларусь не прадасьць астатнія 50% Белтрансгазу, Беларусбанк альбо Белтопгаз ці некаторыя яшчэ прадпрыемствы, якія завуць “фамільным срэбрам” — інакш такога прытоку інвэстыцый я не магу сабе і ўявіць”.
Карэспандэнт: “Пастаўленая таксама задача за 3—4 гады выйсьці на дадатнае сальда ў зьнешнім гандлі. На вашу думку, пры якіх умовах гэта магчыма?”
Яраслаў Раманчук: “Калі б за гэты час Беларусь адкрыла радовішча нафты, зь якога можна было б здабываць 20 мільёнаў тон нафты, мяркую, толькі ў такім выпадку можна было б казаць пра станоўчае сальда. А паколькі энэрганосьбіты мы будзем купляць толькі ў Расеі, бо іншых крыніцаў няма, паколькі ў нас няма машын і мэханізму дзеля гэтай карэннай мадэрнізацыі... то гэтыя пляны нерэальныя. І яшчэ: калі ўрад плянуе такое сальда, то ён мусіць сказаць, што адпусьцяць беларускі рубель у вольнае плаваньне і курс яго будзе вызначацца рынкам, а не чыноўнікамі. Але, зноў жа, такой палітыкі ўрад не прадугледжвае, таму выйсьці на станоўчы балянс малаверагодна. Калі толькі ня будзе адстаўкі ўраду і на ягонае месца ня прыйдзе каманда рыначнікаў”.