Аматары творчасьці музыкі Віктара Цоя дамагліся таго, каб улады аднавілі "сьцяну Цоя" ў Менску. Яна будзе месьціцца на рагу вуліцаў Беларуская і Ўльянаўская.
"На зварот быў атрыманы адказ з Менгарвыканкаму. У ім гаворыцца, што месца для разьмяшчэньня "сьцяны Цоя " ўзгоднена, і ўжо дадзена ўказаньне адміністрацыі Ленінскага раёна Мінску на канкрэтным месцы аднавіць гэтую сьцяну", - паведаміў БелаПАН актывіст моладзевага руху Андрэй Кім.
Паводле ягоных словаў, “сьцяна” будзе месьціцца ў цэнтры горада ў сквэры на рагу вуліцаў Беларускай і Ўльянаўскай, недалёка ад стадыёна "Дынама".
"Мы самі прапанавалі гэтае месца, і яно нам вельмі падыходзіць. Гэта месца лепш ранейшага", - патлумачыў Кім.
4 сьнежня ў Менгарвыканкам накіравалі амаль 2 тысячы подпісаў менчукоў з патрабаваньнем аднавіць "сьцяну Цоя".
У верасьні 2008 года два фрагмэнта "сьцяны", якія месьціліся за будынкам Палаца Рэспублікі ў Менску, дэмантавалі "ў сувязі з будаўніцтвам на яе месцы новага будынка".
"Сьцяна Цоя" - стыхійны помнік, які зьвіўся ў Менску ў 1990 годзе пасьля сьмерці лідэра гурта "Кіно" Віктара Цоя. Яна ўяўляла сабой бэтонныя пліты, на якіх прыхільнікі Цою пакідалі графіці і пісалі вершы. Такія сьцены існуюць у шмат якіх гарадах былога СССР.
У Менску такі помнік першапачаткова месьціўся на Кастрычніцкай плошчы побач з будоўляй Палацу Рэспублікі.
Але ў 1997 годзе, пасьля таго, як будаўніцтва скончылі, бальшыню плітаў прыбралі ў плошчы. Дзьве з іх былі перанесеныя за музэй Вялікай Айчыннай вайны, на вуліцу Інтэрнацыянальная, дзе сьцяна “стаяла” да верасьня 2008 года.