“Spiegel”: “Лукашэнка нечакана ператварыўся ў лібэрала”

“Менскі тыгр” – пад такім загалоўкам у нямецкім часопісе “Spiegel” зьмешчаны артыкул аглядальніка часопісу Увэ Клюсмана. Аўтар задаецца пытаньнем, ці сапраўды Беларусі наканавана стаць яшчэ адной “дзяржаваю-тыграм”, заняўшы месца ў адным шэрагу з азіяцкімі краінамі, у якіх імкліва разьвіваецца эканоміка.

“Такім беларусы свайго “бацьку” яшчэ ня ведалі, – піша Клюсман. – Лукашэнка выкрывае чыноўніцкае самавольства, вымагае лібэралізацыі эканомікі і заклікае зрабіць былую савецкую рэспубліку прывабнай для інвэстараў”.

Аглядальнік нямецкага часопісу цытуе дырэктара “Парку высокіх тэхналёгіяў” і асабістага памочніка прэзыдэнта Валер’я Цапкалу, паводле словаў якога Лукашэнка марыць, каб ягоная краіна ператварылася ў лідэра “ў сфэры інфармацыйных тэхналёгіяў у рэгіёне Ўсходняй Эўропы і Балтыі”.
Лукашэнку тэрмінова патрэбны грошы, і ён зьбірае дапамогу адусюль...


Увэ Клюсман, аднак, ацэньвае такую пэрспэктыву скептычна:

“Апошняму востраву сацыялізму ў Эўропе можа заняць дух – нават нягледзячы на тое, што МВФ прагназуе на 2010 год рост эканомікі ў Беларусі. Лукашэнку тэрмінова патрэбны грошы, і ён зьбірае дапамогу адусюль. У першую чаргу ён робіць стаўкі на заходніх інвэстараў”.

На думку нямецкага аглядальніка, мэтаю кіраўніка Беларусі зьяўляюцца не рэформы, а кантроль над найважнейшымі прадпрыемствамі. Першапачаткова, як піша “Spiegel”, было заяўлена аб продажы акцыяў 510 беларускіх дзяржпрадпрыемстваў. Аднак сёньня экспэрты з “German Economic Team” гавораць аб прыпыненьні працэсу прыватызацыі ў Беларусі.

“Калі сумеснае прадпрыемства зь нямецкім вытворцам грузавікоў MAN знаходзіцца ў прыватных руках, – піша Клюсман, – то на Менскім трактарным заводзе імя Леніна сацыялізм не канчаўся: на ім для зьніжэньня выдаткаў эканомяць нават на ацяпленьні. Пры гэтым, паводле намесьніка дырэктара заводу, сытуацыя выдатная і прыватызацыя не ўваходзіць у пляны”. Праўда, як адзначаецца далей у артыкуле, сьледчыя з Камітэту дзяржкантролю выявілі факты продажу па дэмпінгавай цане прадукцыі заводу ў Расею.

“Такія навіны змушаюць Лукашэнку адкрываць сваю краіну для Захаду больш, чым плянавалася. Эўропа таксама на гэта спадзяецца”, – рэзюмуе аўтар публікацыі.