У Лёндане на 74 годзе жыцьця памерла вядомая ангельская перакладчыца Вера Рыч. З 1957 году яна займалася перакладам беларускай літаратуры на ангельскую мову. Успамінамі пра Веру Рыч дзеліцца літаратурны дасьледчык і крытык Язэп Янушкевіч.
“Мне давялося сустракацца зь ёй і ў Ракаве, і ў Кракаве. Яна прыяжджала да нас на нашыя славутыя Ракаўскія чытаньні, у яе ёсьць верш, прысьвечаны Ракаву. Гэта геніяльны чалавек. Вельмі шкадую, што я ня ваш калега-журналіст і на той момант ня меў адпаведнай тэхнікі, дыктафона, каб запісаць момант, калі мы “шліфавалі” “Тараса на Парнасе”. Гэта было ў Кракаве, і яна мне там паведаміла такі факт, што менавіта ў Кракаве яна ўпершыню й была арыштаваная ў Польшчы падчас пэрыяду “Салідарнасьці”.
Яна была з тых дзейных натур, якія нейкую просьбу, замоўлены тэкст адкладваюць да апошняга. І таму, вядома, высокім чыноўнікам было зь ёй цяжка кантактаваць. Але яна працавала так, як мала хто. Яна ўмела зрабіць у перакладзе тое, што зрабіць магла толькі яна.
Адыход Веры Рыч — страта для кантактаў Беларусі з ангельскамоўным сьветам. Вельмі шкада, што родная Беларусь не адплаціла ёй, як суседка-Ўкраіна, якая ўганаравала яе ордэнам сьвятой Вольгі. Яна мне гэты ордэн якраз і паказвала ва Ўкраіне. Кожны твор, перакладзены Верай Рыч з украінскай мовы на ангельскую, сустракаў адпаведнае шчодрае прызнаньне”.