Падчас сустрэчы прадстаўнікоў Міністэрства юстыцыі Беларусі з дэлегацыяй працоўнай групы Парлямэнцкай асамблеі АБСЭ абмяркоўваліся пытаньні дзяржаўнай рэгістрацыі беларускіх няўрадавых аб'яднаньняў, паведамляе "Інтэрфакс".
“Абмяркоўваліся таксама пытаньні адказнасьці за дзейнасьць палітычных партыяў і грамадзкіх аб'яднаньняў , якія не прайшлі дзяржаўнай рэгістрацыі”, – адзначылі ў прэс-службе Мін’юсту.
У прэс-службе Мін’юсту дадалі, што на сустрэчы з дэлегацыяй ПА АБСЭ “гутарка мела прадметны характар, закраналіся пэўныя прыклады”. Як паведаміла прэс-служба, прадстаўнікі працоўнай групы ПА АБСЭ па Беларусі “былі паінфармаваныя пра сёньняшнюю сытуацыю ў дадзенай сфэры” і выказалі “задавальненьне вынікамі сустрэчы, а таксама намер працягнуць канструктыўны дыялёг зь Беларусьсю”.
З 2000 году новыя партыі ў краіне не рэгіструюцца. Шматлікія, але пакуль безвыніковыя спробы зарэгістравацца робяць “Беларуская хрысьціянская дэмакратыя”, “Беларуская партыя працоўных”, “Партыя свабоды і прагрэсу”, а таксама грамадзкае аб’яднаньне “Малады фронт”.