Вясёлая Вера

Вера Рыч


Першы раз я пабачыў Веру Рыч у Менску – напэўна, падчас яе першага прыезду ў Беларусь, годзе ў 90-м. Яна тады пасялілася ў кватэры Аляксандра Лукашука ва Ўруччы.

Нягледзячы на арыстакратычнае паходжаньне (карані прасочваюцца ці не ў XII стагодзьдзі, адзін зь яе продкаў – архібіскуп Кентэрбэрыйскі), Вера аддала перавагу беларускай гарэлцы, і гэта здымала псыхалягічны бар’ер (зрэшты, адкуль у звычайнай менскай кватэры ў год татальнага дэфіцыту мог узяцца шатляндзкі віскі, думаецца мне цяпер. Гарэлка і тая была па талёнах). Славутая перакладчыца выказала жаданьне пазнаёміцца з дэпутатам ад БНФ. Дэпутат жа ўпершыню ў жыцьці ўбачыў самую што ні ёсьць сапраўдную англічанку, а да гэтага бачыў толькі “англічанак” – так мы называлі ў школе настаўніц, якія ўбівалі нам ў галовы ўсе гэтыя зэ тэйбл, зэ пэн ды розныя паст і прэфэкт кантыньес.

Настаў час свае веды скарыстаць.

– Тhis is my wolf, – сказаў я, прадстаўляючы Веры сваю жонку.

– Аre you sure? – зьдзівілася лёнданская госьця.

– Absolutely! – упэўнена адказаў я.

(– Гэта мой воўк. – Вы перакананыя? – Абсалютна!)

Зблытаць wоlf (воўк) і wife (жонка) магла, бадай што, большасьць былых савецкіх школьнікаў дый студэнтаў журфаку, якія вучылі ангельскую зь цьвярозым разуменьнем, што наўрад ці ў жыцьці ўдасца пабываць далей за Баўгарыю. Сумняюся, што й Вера Рыч, калі ўпершыню ўзялася за пераклады нашых паэтаў, па-сур’ёзнаму разьлічвала, што атрымае савецкую візу і прыедзе ў Беларусь. На шчасьце для нашай літаратуры, тады яна ня ведала, што нават калі й прыедзе, скарыстаць напоўніцу свае веды ў мове Багдановіча і Купалы ў яе значна менш шанцаў, чым у савецкіх школьнікаў у мове Шэксьпіра і Байрана. Шмат каму здавалася, што варта толькі Беларусі здабыць незалежнасьць – і практыка прымусовай русіфікацыі саступіць месца нацыянальнаму адраджэньню, і людзі самі, паўсюль і заўсёды, загавораць на роднай мове.

У гэтым сэнсе, здагадваюся, Менск быў для яе расчараваньнем, хаця слоў расчараваньня я ад яе ніколі ня чуў.

І ўсё ж да падзеньня “жалезнай заслоны” яна – з “таго” берагу – была падрыхтаваная куды лепей, чым большасьць з нас на беразе “гэтым”. Яна спакойна, з разуменьнем ставілася да нашых першых, няўпэўненых крокаў у цывілізаваны сьвет, які жыў па іншых, нязвыклых для нас законах. Але была перакананая, што абмінуць этапы, якія прайшлі на гэтым шляху іншыя народы, беларусам ня ўдасца. Найперш – у нацыянальным культурным адраджэньні. Але – ня толькі ў ім.

Апошнія дні гістарычнага 1991 году мы з Аляксандрам Лукашуком былі ў айца Надсана ў Лёндане. Гарталі кнігі ў Скарынаўскай бібліятэцы, як раптам прыехала Вера і загадала нам хуценька (“таксі чакае”) сабрацца. Па дарозе высьветлілася, што вязе яна нас да нейкага выдатнага эканаміста, нобэлеўскага ляўрэата, які кансультуе ўрады краінаў Усходняй Эўропы ў справе рэформаў, і вось паміж Варшавай і Нью-Ёркам ёй удалася злавіць яго ў Лёндане (“неверагодная ўдача”).

Вера прывезла нас у нейкі маёнтак, эканамічнае сьвяціла сустрэла нас ветліва і папрасіла прабачэньня, што ў яго на размову толькі сорак хвілінаў. І дадало, што добра ведае, аб чым можам расказаць яму мы, але нам будзе значна больш карысьці, калі проста памаўчым і паслухаем.

Падчас маналёгу мяне ўразілі дзьве фразы. Першая – “вам ня варта рабіць рэзкіх рухаў, можаце проста рабіць па мінімуме, можаце ўвогуле нічога не рабіць – вы ўсё роўна прыйдзеце да ўлады”. Другая – “хутка ў вашай краіне сярэдні заробак дасягне 100 даляраў” (у тыя дні зарплата Шушкевіча была 30 даляраў).

– Неяк мала верыцца, – выказаў я сумнеў.

– Вы ня верыце, што прыйдзеце да ўлады? Так адбываецца ўва ўсіх посткамуністычных краінах.

– У гэта якраз веру. Ня веру, што будзе такі вялікі заробак.

Сьвяціла расьсьмяялася.

На зваротным шляху задаволеная Вера казала, што, бачыце, усё павінна быць у Беларусі нармальна, нікуды мы не падзенемся, будзем эўрапейскай краінай, ня горшай за іншыя.

Аказалася, не заўсёды спрацоўваюць разьлікі нобэлеўскіх ляўрэатаў. І Беларусь, якая па шэрагу эканамічных пазіцыяў мела лепшыя за сваіх суседзяў стартавыя ўмовы, апынулася ззаду – ці ня ў першую чаргу таму, што адставала ў тым, што здавалася шмат каму малаістотным – ва ўзроўні нацыянальнай сьвядомасьці.

Але гэтак жа, як не расчаравалася Вера ў беларусах падчас сваіх першых візытаў у Менск, яна не адышла ад беларусаў у апошнія гады, калі зь Менску ў Лёндан ішлі толькі дрэнныя палітычныя навіны. Будучы па ўсіх бабках і дзядах нашчадкам сялян, я з іроніяй стаўлюся да моды шукаць шляхецкія карані, але падаецца, менавіта адчуваньне стагодзьдзяў са сваёй сьпінай давала Веры разуменьне, што ўрэшце нават самыя змрочныя часы мінаюць. Увогуле, яна была вясёлая і поўнілася аптымізмам – напэўна, без такога запасу аптымізму нармальны эўрапейскі чалавек ня можа гэтулькі доўга дапамагаць нам, беларусам, бяз шкоды для сваёй псыхікі.

Такой яна і застанецца ў маёй памяці.

Месца ж Веры Рыч у беларускай культуры нам ацаніць пакуль ня дадзена.