У Беларусі чакаюць папу рымскага

Арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч падчас прэсавай канфэрэнцыі.

Мітрапаліт Менска-Магілёўскі Тадэвуш Кандрусевіч правёў прэсавую канфэрэнцыю, прысьвечаную вынікам візыту біскупаў Беларусі ў Ватыкан — так званай паездкі «ad limina», якая адбылася 11-17 сьнежня. Арцыбіскуп паведаміў пра пэрспэктыву прыезду ў краіну папы рымскага, а таксама пра магчымасьць падпісаньня канкардату паміж Апостальскай сталіцай і Беларусьсю.
На пачатку сустрэчы Мітрапаліт паведаміў пра найбольш значныя падзеі ў жыцьці каталіцкага касьцёлу, якія адбыліся цягам гэтага году. Іх заключнай часткай стаўся біскупскі візыт у Ватыкан, які адбываецца раз на пяць гадоў і мае вельмі вялікую важнасьць для абодвух бакоў, паведаміў Тадэвуш Кандрусевіч:

«Біскупы едуць у Рым, каб зрабіць справаздачу аб дзейнасьці касьцёла. Гэтая справаздача была прыкладна на 70 старонак. Гэта таксама магчымасьць для Ватыкана лепш пазнаць жыцьцё каталіцкага касьцёлу ў краіне. Таксама гэта сустрэча з папам».

Тадэвуш Кандрусевіч паведаміў, што кожны з шасьці біскупаў меў пэрсанальную аўдыенцыю ў пантыфіка, а на заканчэньне адбылася супольная сустрэча. Падчас гэтай сустрэчы беларускія герархі ўручылі папу рымскаму афіцыйнае запрашэньне наведаць Беларусь:

«Папа вельмі добрымі вачыма на нас глядзеў. Калісьці ён сказаў, што калі Бог адчыніць дзьверы, то ён увойдзе ў гэтыя дзьверы. Застаецца маліцца, каб адчыніў дзьверы — толькі і гэтулькі можам ведаць».

Адной з тэмаў, якія абмяркоўваліся падчас сустрэч у розных дзяржаўных установах Апостальскай сталіцы, было таксама падпісаньне дамовы аб супрацоўніцтве паміж Беларусьсю і Ватыканам. Гэтую ж тэму пантыфік закрануў у пасланьні да беларускіх герархаў, кажа Тадэвуш Кандрусевіч:

«Папа падкрэсьліў яшчэ раз, што Ватыкан хоча разьвіцьця адносін зь Беларусьсю і падпісаньня нейкага пагадненьня паміж Беларусьсю і Ватыканам. І таксама папа яшчэ сказаў, што каталіцкі касьцёл, дзяржава і грамадзтва беларускае будуць спрыяць адзін аднаму на карысьць нашага народу».

Як падкрэсьліў Тадэвуш Кандрусевіч, падпісаньне канкардату з Ватыканам, які мае дыпляматычныя стасункі прыкладна са 180 краінамі сьвету, дало б новыя пэрспэктывы і для Беларусі, і для разьвіцьця беларускага касьцёлу. Але гэтае пытаньне павінны вырашыць дзьве краіны як суб’екты міжнароднага права.

На заканчэньне Тадэвуш Кандрусевіч таксама павіншаваў журналістаў з надыходам сьвята Нараджэньня Хрыстовага і з кожным падзяліўся калядным аплаткам — белым хлебам, які сымбалізуе Хрыста.

Перад дзяленьнем аплаткай урывак з Эвангельля чытае а. Юры Санько.

Такая ўжо ёсьць сталая традыцыя, кажа кіраўнік прэсавай службы, айцец Аляксандар Амяльчэня:

«Гэта нашае прызнаньне Хрыста. Гэта нашая радасьць, гэта наш аптымізм, якім мы дзелімся зь людзьмі, з таго, што Езус для нас нарадзіўся».

Чарга па аплатку да арцыбіскупа Кандрусевіча.


Папа рымскі двойчы атрымаў запрашэньне наведаць Беларусь ад кіраўніка краіны Аляксандра Лукашэнкі. Упершыню — летась празь дзяржсакратара Сьвятога Пасаду Тарчызіё Бэртонэ. Другі раз — сёлета ў красавіку, калі беларускі кіраўнік наведаў Ватыкан. Тады, адказваючы на запрашэньне, папа сказаў: «Калі Бог дазволіць і адчыніць дзьверы.