Парлямэнцкая асамблея АБСЭ занепакоена фактамі выкраданьня маладзёжных актывістаў і свабодай мэдыяў у Беларусі. Пра гэта заявіла кіраўнік дэлегацыі рабочай групы ПА АБСЭ па Беларусі Сэсылія Вігстрэм на прэс-канферэнцыі ў Менску.
Агенцтва БелаПАН цытуе Вігстрэм:
"Мы абмяркоўвалі пытаньне аб арыштах і рэпрэсіях у дачыненьні да палітычных апанэнтаў. Мы занепакоеныя фактамі выкраданьня маладых людзей. Нам таксама вядома пра факты новых адміністрацыйных арыштаў і пра выключэньне адной студэнткі з унівэрсытэту”.
Паводле слоў Сэсыліі Вігстрэм, гэтыя факты, а таксама пытаньне аб адмене артыкулу 193-1 Крымінальнага кодэксу (дзейнасьць ад імя незарэгістраванай арганізацыі) абмяркоўваліся на сустрэчы з прадстаўнікамі Міністэрства юстыцыі Беларусі. "Намесьнік міністра юстыцыі заявіў, што цяпер разглядаецца пытаньне аб адмене гэтага артыкулу, — сказала Вігстром. — Мы лічым, што гэта важна для забеспячэньня права на свабоду сходаў. Гэты артыкул стварае цяжкасьці для многіх палітычных партый і грамадзкіх арганізацый".
Што тычыцца арыштаў паводле палітычных матываў, то прадстаўнік Мінюсту заявіў членам рабочай групы ПА АБСЭ, што ўсе названыя імі людзі не зьяўляюцца палітзняволенымі, а іх справы — "крымінальныя выпадкі".
Рабочая група Парлямэнцкай асамблеі АБСЭ таксама заклапочана сытуацыяй са свабодай СМІ і арганізацый у Беларусі, а таксама магчымасьцямі партый паўнавартасна ўдзельнічаць у палітычным жыцьці краіны.