Бліц-агляд падзеяў і тэмаў у Беларусі, сьвеце, гісторыі.
Да канца году застаецца 10 дзён...
НА ДВАРЫ...
Апранайцеся цёпла. Будзе ад 8 да 16 градусаў марозу.
НЕ ПРАХОДЗЬЦЕ МІМА:
Дэлегацыя Парлямэнцкай Асамблеі АБСЭ наведае Менск. Адбудуцца сустрэчы з прадстаўнікамі МЗС Беларусі, палітычных партый і няўрадавых арганізацый і дэпутатамі Нацыянальнага сходу.
Берасьцейскае моладзевае аб’яднаньне “Дзедзіч” ладзіць студэнцкую вечарыну ў беларускім стылі «Дзедзіч-PARTY».
ЗЬВЯРНІЦУ ЎВАГУ:
Беларускія міжнародныя перавозчыкі ад 21 сьнежня павінны будуць кіравацца новымі правіламі рэжыму працы і адпачынку кіроўцаў, якія вызначаныя адпаведным Эўрапейскім пагадненьнем.
ТАМ, ДЗЕ НАС НЯМА:
У армянскім горадзе Цахкадзор пройдзе канфэрэнцыя “Роўнасьць правоў і магчымасьцей мужчынаў і жанчынаў” у рамках праграмы ААН “Супраць гендэрнага гвалту на Паўднёвым Каўказе”.
ТАКСАМА Ў ГЭТЫ ДЗЕНЬ:
У 1991 годзе была падпісаная Алма-Ацінская дэклярацыя, якая абвясьціла стварэньне Садружнасьці Незалежных Дзяржаваў.
У 1913 годзе выйшаў у сьвет першы і адзіны зборнік паэзіі Максіма Багдановіча “Вянок”.
У 2007 годзе ў Шэнгенскае пагадненьне ўвайшлі яшчэ 9 краінаў Эўразьвязу – Літва, Латвія, Эстонія, Польшча, Чэхія, Славаччына, Славенія, Вугоршчына і Мальта.
У гэты дзень нарадзіліся францускі драматург Жан-Батыст Расін, шатляндзкі батанік Робэрт Броўн, імем якога названы броўнаўскі рух, савецкі тыран Іосіф Сталін, нямецкі пісьменьнік Генрых Бёль, амэрыканская акторка Джэйн Фонда, беларускі кампазытар Мікалай Аладаў і грузінскі прэзыдэнт Міхаіл Саакашвілі.
У гэты дзень ў 1981 годзе памёр беларускі сьпявак Міхась Забэйда-Суміцкі, а ў 2006 годзе -- першы прэзыдэнт Туркмэністану Сапармурат Ніязаў.
ЁСЬЦЬ НАГОДА:
21 сьнежня – самы кароткі і самы цёмны дзень у годзе. У Нідэрляндах яго адзначаюць як “Дзень Сьвятога Томаса”.
МІНУС 365:
Год таму на сайце Свабоды: Аляксандар Казулін і Аляксей Кароль выйшлі з партыі
ЦЫТАТА НА ПАМЯЦЬ:
"Жыць стала лепей, жыць стала весялей» — Іосіф Сталін.