Беларусь прыступіла да стварэньня нацыянальнага касьмічнага агенцтва.
Сёлетні бюджэт амэрыканскай НАСА (Нацыянальнай управы па аэранаўтыцы дасьледаваньні касьмічнай прасторы) раўняецца прыблізна 17.6 мільярдам даляраў. Расходы ўсяго нацыянальнага бюджэту Рэспублікі Беларусь сёлета -- 27 мільярдаў даляраў.
"Фармаваньне новай структуры ўжо пачалося, мы ўзгаднілі са шматлікімі міністэрствамі, што трэба стварыць сыстэму кіраваньня праектамі ў сфэры касьмічных дасьледаваньняў і касьмічных тэхналёгій", — гэтак дзяржаўнае агенцтва навінаў БЕЛТА працытавала ўчора Пятра Віцязя, першага намесьніка старшыні Прэзыдыюму Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі.
Новы беларускі спадарожнік
Прадугледжана, што агенцтва, якое пакуль што ня мае афіцыйна зацьверджанай назвы, будзе вырашаць усе пытаньні, зьвязаныя з досьледамі і выкарыстаньнем касьмічнай прасторы Беларусьсю, уключна з выкарыстаньнем магчымасьцяў новага беларускага спадарожніка, які мае быць запушчаны ў наступным годзе.
Нагадаем, што запуск першага беларускага спадарожніка быў няўдалы. У 2006 годзе з-за аварыі ракеты-носьбіта “Днепр” спадарожнік “Белка-1”, коштам каля 10 мільёнаў даляраў, быў страчаны.
Новы беларускі спадарожнік сувязі, "Белка-2", будзе лягчэйшы за папярэдні (вагою каля 400 кіляграмаў) і ім лягчэй будзе манэўраваць. "Чакаецца, што сам спадарожнік будзе рабіцца ў Расеі, але праграмнае забесьпячэньне і некаторыя элемэнты будуць беларускімі", — сказаў Віцязь.
Апарат, між іншым, забясьпечыць поўнае пакрыцьцё тэрыторыі Беларусі здымкамі з космасу. У спадарожніка будзе здольнасьць распазнаваньня каля 2 мэтраў.
У шматлюднай кампаніі
"Касьмічных" краінаў у сьвеце — то бок, такіх, якія маюць нацыянальныя касьмічныя агенцтвы або арганізацыі падобнага профілю — пад 60. У гэтую "касьмічную кампанію" ўваходзяць, між іншым, і Туніс, і Шры-Ланка.
Калі аднак узяць пад увагу краіны, якія могуць самастойна запускаць касьмічныя апараты, дык іх сьпіс будзе значна карацейшы: ЗША, Ізраіль, Індыя, Іран, Кітай, Расея, Украіна, Францыя, Японія. "Талакою" можа запускаць касьмічныя апараты і Эўропа, пад шыльдай Эўрапейскага касьмічнага агенцтва зь сядзібай у Парыжы.
Калі ўзяць пад увагу здольнасьць высылаць у космас апараты з экіпажам, дык гэты сьпіс скароціцца ўсяго да трох краінаў: ЗША, Кітай, Расея.
Магчымасьці пранікненьня ў космас залежаць ня толькі ад навукова-тэхнічнага патэнцыялу дадзенай краіны, але і ад бюджэту касьмічнага агенцтва, якое гэтай справай займаецца.
Напрыклад, сёлетні бюджэт амэрыканскай НАСА (Нацыянальнай управы па аэранаўтыцы і дасьледаваньні касьмічнай прасторы) раўняецца прыблізна 17.6 мільярдам даляраў. Для параўнаньня — расходы ўсяго нацыянальнага бюджэту Рэспублікі Беларусь сёлета складаюць 27 мільярдаў даляраў.
Эўрапейскае касьмічнае агенцтва штогод выкладае на сваю касьмічную праграму 5.3 мільярда даляраў, Францыя 2.5 мільярда, Расея 2.2 мільярда, Кітай 1.3 мільярда, Украіна 250 мільёнаў.