Усе рэвалюцыі 1989 году ва Ўсходняй Эўропе былі мірнымі і бяскроўнымі. Усе, акрамя адной – румынскай. У Румыніі скіданьне дыктатара суправаджалася сапраўднай, хаця і хуткаплыннай, грамадзянскай вайной з морам крыві.
Але яшчэ адно, і вельмі істотнае, адрозьненьне тычылася “мэханізму” румынскай рэвалюцыі. І гэты сцэнар важны для асэнсаваньня таго, што і як можа здарыцца.
У сэнсе менавіта мэханізму рэвалюцыі супрацьлегласьцю скіданьню Чаўшэску быў прыход да ўлады “Салідарнасьці” ў Польшчы. У 1980-м годзе зьявілася выразная, акрэсьленая апазыцыйная сіла, якая вяла змаганьне, якая за 9 гадоў зазнала спады і ўздымы, але ня страчвала сваёй акрэсьленасьці і нарэшце як такая масавая арганізаваная сіла і перамагла.
На піку папулярнасьці чальцом “Салідарнасьці” быў кожны чацьвёрты паляк. У іншых краінах апазыцыя да рэвалюцыі ня мела такой моцы, як “Салідарнасьць”, але ўсё ж існавала і ў момант “Х” рабілася цэнтрам кандэнсацыі, кіраўніком пратэсту, сілай, што вяла палітычнае змаганьне, якое ня зводзіцца да наўпроставага сілавога сутыкненьня. Таму, дарэчы, сутыкненьняў і не было, уладзе, прынамсі памяркоўнаму крылу ў ёй, было з кім дамаўляцца. І невыпадкова ў Польшчы, там, дзе апазыцыйная сіла была найбольш моцная і арганізаваная, пераход адбыўся ці не найбольш гладка – праз знакаміты “круглы стол”.
У Румыніі нічога падобнага не было нават у зародку. А калі ўзьнікала, то бязьлітасна вынішчалася – іншадумцы адпраўляліся ці за мяжу, ці
”Я павінен ісьці зь імі, я ж іх правадыр”.
А. Ледру-Рален
Лякальныя хваляваньні ў правінцыйным горадзе Тымішаара, як лясны пажар, распаўсюдзіліся на ўсю краіну. І хто ж кіраваў гэтым выбухам народнай ярасьці? А ніхто па сутнасьці. Не, кіраўнікі знайшліся, але іх паводзіны дакладна адпавядалі крыху цынічнай формуле аднаго зь лідэраў францускай рэвалюцыі 1848 году Аляксандра Ледру-Ралена, які, убачыўшы рэвалюцыйны натоўп, сказаў сябрам: "Я павінен ісьці зь імі, я ж іх правадыр".
"Намэнклятура" на чале рэвалюцыі
Стыхія несла гэтых правадыроў, а не яны вялі яе. Ну і каго ж вынесла наверх? Зразумела каго. Самых спрытных, самых славалюбівых прадстаўнікоў таго ж самага рэжыму, на які была скіраваная ярасьць масаў. Контраэліта была вынішчаная, таму ў момант рэвалюцыйнага выбуху яна сфармавалася з таго, з чаго змагла сфармавацца – з уладнай эліты.
Дарэчы, ня выключана, што імклівы суд і неадкладны расстрэл дыктатара Чаўшэску тлумачыўся ня столькі маштабамі ягоных злачынстваў (хаця маштаб быў сапраўды бязьмежны), колькі перасьцярогай, што на нармальным судовым працэсе ён распавядзе шмат цікавага аб правадырах рэвалюцыі – сваіх учорашніх паплечніках і падначаленых. Ну а мёртвыя маўчаць.
З досьведу румынскай рэвалюцыі вынікае шмат урокаў. Ня тое, што запаяны з усіх бакоў кацёл абавязкова выбухне, але часам і выбухае. І мала тады нікому не падаецца. І запайшчыкам ці ня ў першую чаргу. Лёс Чаўшэску не спасьціг нікога зь ягоных калегаў – кіраўнікоў іншых камуністычных краінаў.
Зь іншага боку, такі сцэнар пераходу – ці ня самы кепскі з магчымых. Рэвалюцыя, калі надыходзіць яе час, адбываецца так ці інакш, нават без правадыроў і выразнай апазыцыі. А вось тое, што адбываецца потым, адбываецца так ці інакш у залежнасьці ад таго, з чым грамадзтва і яго эліты прыйшлі да рэвалюцыі. Калі з такім скарбам, як у Румыніі, то атрымліваецца ня надта, краіна хаця і ўступіла і ў НАТО, і ў Эўразьвяз, але застаецца ці ня самай праблемнай і беднай краінай рэгіёну. Рэха крывавай рэвалюцыі ня сьціхла дагэтуль.
Сваёй краіне такога лёсу не пажадаеш. Але і ўлада, якая запайвае кацёл, і стыхія, якая можа разарваць яго, наўрад ці палічацца з маімі пажаданьнямі.
Your browser doesn’t support HTML5