Прадстаўнік ЗША: Няма падставаў для скасаваньня санкцыяў

Майкл Скэнлан

Прычыны, што прывялі да ўвядзеньня санкцый ЗША супраць Беларусі, застаюцца. Аб гэтым ў інтэрвію “Нашай ніве” заявіў часовы павераны ў справах ЗША ў Беларусі Майкл Скэнлан.

“Санкцыі прывязаныя да сытуацыі з правамі чалавека, выбарамі, свабодай СМІ. Статус кво спараджае статус кво. І калі гэтыя зьявы не зьменяцца, то санкцыі таксама не будуць зьнятыя. Пытаньне санкцый закранае многа сфэраў. І гэта азначае, што трэба вырашаць пытаньні з правамі чалавека, з незалежнымі мэдыямі, выбарамі.

Мы віталі той факт, што вясной 2009 года беларускі ўрад уключыўся ў абмеркаваньне зьменаў у выбарчае заканадаўства з Бюро па дэмакратычных інстытутах і правах чалавека АБСЭ. Але мы шкадуем, што з таго часу гэты працэс не праходзіў адкрыта і празрыста, каб грамадзтва таксама было ўключанае ў абмеркаваньне.

Яшчэ адно пытаньне — гэта артыкул 193.1 Крымінальнага кодэкса "Дзейнасьць ад імя незарэгістраванай арганізацыі". Нават кіраўніцтва Беларусі кажа, што трэба нешта зьмяняць, але зьменаў няма. Не рэгіструюцца палітычныя партыі, з праблемамі сутыкаюцца недзяржаўныя арганізацыі.

Мы з задавальненьнем успрынялі той факт, што ў 2008 годзе дзьве незалежныя газэты атрымалі доступ да афіцыйнай сыстэмы распаўсюду, але яшчэ 12 выданьняў такой магчымасьці не маюць. Мы вітаем ужо зробленае, і гэта адлюстроўваецца ў нашых рашэньнях у адказ. Маецца на ўвазе, што пасьля вызваленьня палітвязьняў мы прыпынілі санкцыі супраць двух прадпрыемстваў "Белнафтахіма",-- заявіў Майкл Скэнлан.

Адначасова ён зазначыў, што пазытыўна глядзяць на магчымасьць працягу дапамогі Беларусі Міжнародным валютным фондам пасьля красавіка 2010 года, калі будзе завершаная праграма stand by.