“У вясковай краме штодзённа прадаецца 500 бутэлек “чарніла” на 200 чалавек насельніцтва”

Валянцін Жданко

Новая перадача сэрыі “Паштовая скрынка 111”. Эфір 16 сьнежня 2009 году
Што адбываецца зь беларускай вёскай? Ці ня здарыцца так, што празь некалькі дзесяцігодзьдзяў амаль усё насельніцтва краіны будзе жыць у гарадах, а колішнія ўрадлівыя нівы зарастуць хмызьняком і лесам?

Гэта праблема даўно хвалюе нашага актыўнага слухача і аўтара Кастуся Сырэля з Ушачаў, што на Віцебшчыне. Спадар Кастусь пачынае свой допіс з трох лічбаў, якія сьведчаць пра імклівае выміраньне Ўшаччыны. Насельніцтва раёна на сёньня складае 15 800 чалавек. Дзесяць год таму людзей было на 3000 чалавек болей. Для параўнаньня: у 1970-м годзе ў раёне жылі каля 30 000 чалавек. Разважаючы наконт гэтай зьявы, Кастусь Сырэль піша:

“Няма сумневу, што мы маем справу зь лякальнай дэмаграфічнай катастрофай. Калі і далей пойдзе так, то наш раён у бліжэйшай будучыні проста перастане існаваць.
як гэта ў вясковай краме штодзённа прадаецца 500 бутэлек так званага “віна”...

За сухімі і нежывымі лічбамі статыстыкі хаваюцца сотні і тысячы маленькіх чалавечых трагедый, пра якія, як камсамолец на допыце, маўчыць улада. Такое ўражаньне, што яна ня ведае, як у раёне адна за адной ліквідуюцца фэрмы — часта адзінае месца працы жыхароў бліжэйшых вёсачак. Яна ня ведае, што ў раёне адна за адной зачыняюцца сельскія школы, а ў тых, якія яшчэ не зачыніліся, па 4—5 вучняў у клясе. Пра сельскія клюбы і бібліятэкі і казаць няма чаго. Улада ў раённай газэце зьдзіўляецца: як гэта ў вясковай краме штодзённа прадаецца 500 бутэлек так званага “віна”, у той час як насельніцтва, якое абслугоўвае крама, складае каля 200 чалавек, улучаючы немаўлят і нямоглых старых. Моладзь, якая яшчэ не пасьпела сьпіцца, імкнецца зьехаць куды заўгодна — у Полацак, Наваполацак, Віцебск, Менск, бо ў нашым раёне ўладкавацца на прыстойную працу амаль немагчыма. Ушацкія дзяўчаты ахвотна выходзяць замуж за хлопцаў з названых ды неназваных гарадоў.

На сяле справы зусім дрэнь. Там, акрамя нешматлікіх настаўнікаў са стажам і катэгорыяй, больш ці менш прыстойны заробак маюць хіба толькі работнікі ЖКГ (пэрсанал некалькіх сельскіх кацельняў), сельсаветаў ды лясьніцтваў. Такія на сяле раўнуюцца з Ротшыльдамі, Морганамі ці Ракфэлерамі. Хто ж працуе ў сельскай гаспадарцы… нават ня варта пісаць пра іх заробкі, бо яны добра вядомыя слухачам Радыё Свабода. І адкуль ім узяцца, тым заробкам? Нядаўна пачуў такое: на адной з фэрмаў два дні не кармілі кароў, таму што… не было саляркі заправіць трактар, каб прывезьці рагулям корм. Часта зь лепельскага малаказаводу вяртаюць малако з-за высокага ўтрыманьня антыбіётыкаў (усім вядома пра малочныя войны і высокія патрабаваньні да якасьці малака). Што тычыцца высокіх ураджаяў збожжа, то насамрэч у большасьці зернясховішчаў і мыш павесіцца”.

Далей у сваім лісьце на тэму сёньняшняй вясковай рэчаіснасьці Кастусь Сырэль піша пра тое, наколькі плённыя спробы ўлады ажывіць калгасы. Яшчэ адна цытата:

“Не магу не ўзгадаць пра так званыя “прэзідэнцкія” домікі. Многія зь іх так і засталіся незаселенымі. Некаторыя ўжо разрабаваныя: садраны шыфэр з дахаў, скрадзеныя вокны і падлога, аблуплены сайдынг са сьцен.

Бадзёрыя рэпартажы, якія можна ўбачыць на дзяржаўных тэлеканалах ці прачытаць у дзяржаўных газэтах, няхай застаюцца на сумленьні іх аўтараў і прэзыдэнта. Сталічным наіўным бабулькам, якія думаюць, што па ўсёй краіне ўсё так прыгожа, скажу — вам паказваюць пацёмкінскія вёскі. Гучныя прэзыдэнцкія праграмы адраджэньня сяла, разьвіцьця малых гарадоў з трэскам правальваюцца. І нядаўнія словы прэзыдэнта пра тое, што неабходна абмежаваць міграцыю насельніцтва ў сталіцу — неабвержны доказ гэтага. Рыгоравіч гэтым абмежаваньнем фактычна прызнаў, што зрабіць прывабным жыцьцё ў правінцыі ён ня здольны. Так, нешта жыхары сталіцы не імкнуцца ў наш раён. Я маю на ўвазе, што не імкнуцца на сталае жыхарства. А вось бізнэс на паміраючай вёсцы робяць нядрэнны. Як? Ды вельмі проста: за бясцэнак скупляюць у самых маляўнічых месцах, на берагах азёр, пакінутыя дамы (нават папялішчы!), а потым перапрадаюць іх на лецішчы ў дзясяткі і сотні разоў даражэй — зноў жа жыхарам сталіцы, толькі не такім спрытным. Але толку ад гэтага “бізнэсу” для паміраючай Ушаччыны, як вы разумееце, ніякага: грошыкі ж круцяцца ў сталіцы!”
.

Працэс урбанізацыі на працягу апошняга стагодзьдзя перажылі амаль усе эўрапейскія краіны. З аднаго боку, ён заканамерны. Магутная тэхніка і новыя тэхналёгіі выціснулі зь вёскі, зрабілі лішнімі мільёны колішніх земляробаў, продкі якіх сотні гадоў хадзілі за конным плугам. Іншая рэч, што ў Заходняй Эўропе зямля ніколі не заставалася без гаспадара, уласьніка. Таму і сёньня там рэдка можна ўбачыць кінутыя неапрацаваныя палеткі, якія б зарасталі быльнягом. У Беларусі перасяленьне ў гарады адбывалася і адбываецца на тле калгаснай рэчаіснасьці, калі зямлю ў людзей адабралі і вяртаць нашчадкам “раскулачаных” і гвалтоўна загнаных у калгасы не зьбіраюцца. Таму і карціну, апісаную спадаром Кастусём, можна ўбачыць ня толькі на Ўшаччыне, але і амаль у кожным беларускім раёне, аддаленым ад буйных гарадоў.

Аўтар наступнага ліста — Алесь Цадко з Маладэчна — задае пытаньне: “На што падобен цяперашні палітычны рэжым у Беларусі?” І сам жа на яго адказвае наступным чынам:
Тут і паханы, і блатныя, і злодзеі ў законе, і “шасьцёркі”, і стукачы, і вертухаі. А над імі — турэмная адміністрацыя ...

“Можна параўнаць тое, што ў нас адбываецца, з палатай у псыхіятрычным шпіталі,— піша слухач.— Можна — з куратнікам, дзе птушкі, якія сядзяць на верхніх жэрдках, з пагардай глядзяць на тых, што зьнізу. Аднак найбольшае падабенства створаная ў нас сыстэма мае, на мой погляд, з савецкім ГУЛАГам. Тут і паханы, і блатныя, і злодзеі ў законе, і “шасьцёркі”, і стукачы, і вертухаі. А над імі — турэмная адміністрацыя. Укараніўся ў паўсядзённы ўжытак і жаргон гэтага крымінальнага сьвету.

Усе астатнія — зэкі-рабы, якія гарбацяцца на крымінальную “эліту”. Сярод зэкаў асобна выдзяляюцца небясьпечныя для рэжыму “палітычныя”, паколькі нясуць яму пагібельныя (як паказала гарбачоўская перабудова) ідэі дэмакратыі.

Вось з такім рэжымам з падачы пэўнай часткі беларускай апазыцыі пачаў любоўную інтрыгу быццам бы дэмакратычны Эўразьвяз”.


Многія ў Беларусі гэтак жа, як і вы, спадар Цадко, крытыкуюць кіраўніцтва Эўразьвязу за спробы наладзіць дыялёг з афіцыйным Менскам, змусіць беларускія ўлады да дэмакратызацыі з дапамогай фінансавай і эканамічнай падтрымкі. Відавочна, для такой крытыкі ёсьць падставы: абяцаная беларускім рэжымам “лібэралізацыя” ў многіх выпадках ёсьць толькі дэкаратыўнай падфарбоўкай аднаго і таго ж фасаду, імітацыяй дэмакратычных зьменаў. Ня варта, аднак, забываць, што на працягу мінулых пятнаццаці гадоў Захад ужываў адносна аўтарытарнага менскага рэжыму значна больш жорсткую тактыку, абмяжоўваў зь ім кантакты, адмаўляў у фінансавай дапамозе. Але ці прынесла значны плён тая тактыка?

Наш слухач з Рагачова Віктар Баранаў разважае пра тое, які прэзыдэнт патрэбен Беларусі. У сваім лісьце на “Свабоду” спадар Віктар піша:

“Прэзыдэнт павінен быць інтэлігентным і дыпляматычным. А калі штосьці не атрымліваецца, абавязаны прызнаваць памылкі, браць адказнасьць на сябе, а не шукаць “стрэлачнікаў”.

Лукашэнка абяцае, што наступныя выбары будуць справядлівымі і сумленнымі. Я сумняюся, што ўлада дапусьціць такія выбары. Дасьведчаныя палітыкі разумеюць гэта, таму нават ня будуць вылучацца кандыдатамі і марнаваць час ды сілы на бескарысны занятак.

Мы ж памятаем, як гэта адбывалася падчас мінулых кампаній. Усім, каго пусьцілі ў кандыдаты, далі двойчы па 20 хвілінаў тэлевізійнага часу — на тым усё і скончылася.

Колькі каштуе змаганьне з Лукашэнкам за ўладу, на сабе паспытаў Аляксандар Казулін. Крыху пахуліганіў — і атрымаў за тое цэлых пяць год турмы.

Наша дзяржаўная прапаганда — гэта зайграная да дзірак грампласьцінка. Паглядзіш расейскае тэлебачаньне — там і дыскусіі, і палеміка з уладай, і выступы гісторыкаў і аналітыкаў. Мядзьведзеў і Пуцін ня кідаюцца ад гэтага ў гістэрыку. Расейскі прэзыдэнт мае свой сайт, кожны ахвотны можа выказаць на ім сваю заўвагу, пажаданьне.

А нашы дзяржаўныя тэлеканалы і сайты — гэта нейкае замшэлае балота. З раніцы да вечара пяюць пра тое, якое ў нас шчасьлівае жыцьцё і якім яно стане яшчэ шчасьлівейшым, калі ўлада застанецца нязьменнай”
.

Дзяржаўныя расейскія тэлеканалы таксама ня варта ідэалізаваць, спадар Віктар. Апазыцыянэры, праваабаронцы, ня згодныя з палітыкай Крамля бізнэсоўцы і там рэдка дапускаюцца да дзяржаўнага тэлеэфіру. Хоць, калі параўноўваць зь беларускімі мэдыямі, дык расейскія, сапраўды, выглядаюць асяродкам разьняволенасьці ды вальнадумства.

На заканчэньне — кароткі ліст-падзяка ад Тамары Маханёк зь Менску. Слухачка піша:

“Выпуск кніг сэрыі “Бібліятэка свабоды” — вельмі карысная справа. У мяне ўжо ёсьць некалькі — чытаю іх і перачытваю.

А яшчэ хачу падзякаваць за вашы цудоўныя перадачы. Чакаю іх кожны дзень. Вы апэратыўна знаёміце нас з усімі падзеямі, распавядаеце, якія працэсы адбываюцца ў эканоміцы, палітыцы. Вялікую ўвагу аддаяце палітвязьням. Я дагэтуль пад уражаньнем ад радыёмаратону ў падтрымку Мікалая Аўтуховіча ды іншых палітвязьняў, што гучаў на хвалях “Свабоды” мінулым летам.

Вы несяце праўду, дапамагаеце разабрацца ў нашым нялёгкім жыцьці. Дзякуй за тое, што вы ёсьць”
.

Дзякуй за гэтыя добрыя шчырыя словы і вам, спадарыня Тамара. Мы таксама ўдзячныя ўсім, хто знайшоў час для ліста на “Свабоду”. З вамі быў Валянцін Жданко. Пішыце. Адрас ранейшы: Беларусь. Менск-5, паштовая скрынка 111.

Праграма “Паштовая скрынка 111” выходзіць у эфір кожную сераду.

Аўтару можна пісаць на адрас zdankov_rs@tut.by