Грамадзкая рэдактарка гэтага тыдня – Тацяна Шапуцька. Скончыла сталічную гімназію №1 імя Францішка Скарыны з паглыбленым вывучэньнем ангельскай мовы. Летась паступіла на юрыдычны факультэт БДУ. Апошнія два гады – сябра «Маладога фронту», неаднаразова затрымлівалася. 7 лістапада 2008 году за ўдзел у антыкамуністычным пікеце ля КДБ была арыштаваная на трое сутак. Днямі Тацяну выключылі з унівэрсытэту.
Што для вас свабода?
Свабода — гэта магчымасьць чалавека раскрыць сябе абсалютна ва ўсіх талентах, здольнасьцях, дадзеных ад нараджэньня. І ня толькі пасіўная магчымасьць, але й актыўная рэалізацыя, увасабленьне гэтага.
Што найбольш абмяжоўвае вашу свабоду?
Мае духовыя недасканаласьці й адмоўныя рысы характару, што перашкаджаюць мне раскрыцца напоўніцу.
Што для вас шчасьце?
Шчасьцем ёсьць унутраная гармонія, яднаньне рацыянальнага розуму з сакральным зьмесьцівам душы, асэнсаваньне набліжэньня да ісьціны.
Чаго вы найбольш баіцеся?
Згубіць веру: у Бога, сябе, людзей навокал.
Які талент вы хацелі б мець?
Талент імгненна забываць усё дрэннае, што здараецца ў жыцьці, і бесьперашкодна йсьці далей.
Кім з сучасьнікаў вы захапляецеся?
Са сталейшага пакаленьня —Барадуліным, Бураўкіным, Гілевічам, Арловым, Зінаідаю Бандарэнкай, бо гэта людзі, што ня сталі падзяляць культуру й палітыку й нават у даволі сталым узросьце маюць актыўную жыцьцёвую пазыцыю. З маладзейшых — спадаром Стэфанам Эрыксанам, які палюбіў беларушчыну больш за саміх беларусаў, і я ўдзячна спадару Эрыксану за гэтую любоў да нашай нацыі і краіны. А таксама я захапляюся ўсімі таленавітымі людзьмі на нашай зямлі.
Што вы найбольш любіце рабіць?
Аналізаваць людзей, неістотна — ці то знаёмых, ці не. Спрабаваць адгадаць іх сацыяльны статус, думкі й перажываньні. Гэта вельмі цікавы й карысны занятак: аналізуючы тых, хто вакол цябе, ты ўвесь час пераасэнсоўваеш сваю сутнасьць і перамяняеш сябе.
Калі б можна было пражыць жыцьцё яшчэ раз, што б вы зьмянілі?
Нічога, акрамя таго, што хацела б атрымаць добрую хрысьціянскую адукацыю ў сям'і ў дзяцінстве. А так я вырасла на спадчыне атэістычнага савецкага грамадзтва, і мой шлях да Бога даецца са значна большымі цяжкасьцямі.
Якую найлепшую параду вы атрымалі?
Нічога не ўспрымаць і не рабіць пасьпешлівых высноў безь яўных на тое падставаў. Пасьпешлівасьць у высновах і, адпаведна, далейшых дзеяньнях можа моцна нашкодзіць людзкім стасункам.
Які ваш улюбёны дэвіз?
“Дзейнічай!” Чалавек створаны актыўным, руплівым і творчым і ня мае права пасыўнічаць. Інакш ён прыніжае званьне Чалавека.
У якой палітычнай сыстэме вы хацелі б жыць?
У манархіі з парлямэнцкім ладам, як тое ёсьць, да прыкладу, у Англіі, Нарвэгіі, Даніі, Гішпаніі. Манархія ў такіх краінах — прыгожая гістарычная традыцыя й важкі чыньнік, што аб'ядноўвае нацыі.
У якой краіне вы хацелі б жыць?
У Беларусі. І ня толькі хачу, а й павінна, бо мне наканаваны менавіта такі шлях і я ня маю маральнага права яго пазьбегнуць.
У якую эпоху вы хацелі б жыць?
Шчыра, у сучасную, калі ў сусьвеце людзі маюць хаця б нейкую фізычную й духовую роўнасьць (гутарка ня йдзе пра фінансавае становішча ў розных краінах і г.д). Канечне, часіны ВКЛ, Рэнэсанс і Асьветніцтва зараз здаюцца вельмі рамантычнымі й моцна прывабліваюць, аднак ня варта забывацца, што большая частка людзей у гэтыя пэрыяды была запрыгонена. У прынцыпе, эпоха ня так важная, важны статус — свабодны чалавек.
Ну, і жыць у час Беларускай Народнай Рэспублікі таксама няблага!
Калі б вы сталі кіраўніком Беларусі, што б зрабілі найперш?
Правяла рэфэрэндум па пытаньні пераўтварэньня Беларусі з прэзыдэнцкай рэспублікі ў парлямэнцкую. Канцэнтрацыя вялікай улады ў руках аднаго разбэшчвае любога, нават самага сьветлага чалавека.
Якія адносіны Беларусь павінна мець з Эўразьвязам?
Партнэрскія, аднак ня поўнай інтэграцыі. Можна быць краінаю, што адпавядае сучасным эўрапейскім стандартам, аднак зусім не абавязкова ўваходзіць у Эўрапейскі Зьвяз. У Эўропе таксама хапае нэгатыву, які б я не хацела распаўсюджваць на Беларусь.
Якія адносіны Беларусь павінна мець з Расеяй?
Варта вярнуць назад мяжу. Сучасная сытуацыя бязьмежавага рэжыму спрыяе пранікненьню расейскай культуры ў нашу краіну й узмацненьню расейскага ўплыву.
Некаторыя думаюць так: “Хай дыктатура, абы свая”. А вы?
Дыктатура па сутнасьці ня можа быць “сваёй”, бо яна скіравана супраць людзей той ці іншай краіны, супраць іх свабодаў, правоў, індывідуальнасьці й непаўторнасьці. Лепшы варыянт — “свая дэмакратыя”!
Калі і як у Беларусі зьменіцца ўлада?
Як толькі кожны з нас пачне прыкладаць нейкія мізэрныя намаганьні для гэтага на сваім узроўні: сям'я, школа, праца й г.д. Калі кожны скажа: я супраць Сыстэмы й ня буду падпарадкоўвацца ёй, Сыстэма рухне ў адно імгненьне. Беларусам даўно варта зразумець, што Сыстэма мацуецца нашым агульным страхам, і перастаць баяцца.
Калі беларусы загавораць па-беларуску?
Дастаткова трох-пяці год узмоцненай палітыкі беларусізацыі: пераводу чынавенства на беларускую мову, пераклад дакумэнтацыі; абавязковае ўжываньне беларускай мовы гандлярамі ў крамах, цырульнікамі ў цырульнях, афіцыянтамі ў рэстарацыях і г.д; сацыяльная праграма для людзей, хто ня ведае мовы ці хоча яе разьвіць; буйная піяр-кампанія, каб папулярызаваць родную мову, гісторыю й псыхалягічна падрыхтаваць людзей да адзінай (у будучым) дзяржаўнай мовы. Гэта ня так складана, як прынята меркаваць. Галоўнае, не паўтарыць памылкі й не насаджваць мову гвалтам — людзі самі прымуць яе, калі сасьпеюць. Наша задача — паскорыць гэтае сасьпяваньне.
Што будзе, калі беларусы не загавораць па-беларуску?
Беларусы загавораць па-беларуску. І гэта аксіёма.