Цукеркі з запальнікам


Шакалядныя баталіі


Пяцігодкі бываюць розныя. Вось у нас падбілі бабкі дзьвюх запар пяцігодак “саюзнага будаўніцтва” тутэйшай дзяржавы зь нетутэйшай. І атрымалася, што ня столькі будаўніцтва, колькі сутычак, канфліктаў, якія прамоўцы са смакам называлі войнамі — вайна малочная, цукровая, вайна гарэлачная. “Бач! Гарэлку беларускую браць адмаўляюцца. А чаму? Таму што яна лепшая!” Асабліва знэрвавала аднаго дакладчыка вайна цукерачная. Зь непадробнай горыччу ўзгадаў ён, як маскоўскае кіраўніцтва (аяяй!) сустрэлася аднойчы са штатаўскім і зьнянацку рашуча адмовілася ад нашых “мішак на Северы”, забараніла цукеркі беларускія прадаваць у расейскіх крамах.

Я слухаў, і мне зрабілася крыху сорамна, сорамна, што шакалядна-цукерачная вайна не адбілася ў маёй памяці. Зазірнуў у інтэрнэт, сапраўды было такое: перад “Залатым ключыкам”, “Мішкам на Северы” ды іншымі “закрылі расейскі шлягбаўм”, як напісала тады беларуская афіцыйная прэса. Нашыя браты па “саюзе” заявілі: старыя цукерачныя назвы — інтэлектуальная маёмасьць расейскіх вытворцаў, яны наклалі лапу на яе, запатэнтавалі нашых агульных некалі “мішак”.

Назва гэтых шакалядных цукерак, між іншым, з гаркавым прысмакам, узьнікла ў рамане “Факультэт непатрэбных рэчаў” Юрыя Дамброўскага, ён напісаў, як адзін сьледчы, калі арыштаванаму давалі тэрмін — 20-25 гадоў ГУЛАГу, частаваў таго на разьвітаньне менавіта “Мішкамі на Северы”. З пачуцьцём гумару ў паасобных энкавэдыстаў было ў парадку. Пісьменьнік сам пакаштаваў такіх “мішак”.


Міты прыдумляем самі


Сходкі “Слава роднай уладзе!” для мяне засталіся ў мінулым жыцьці, але вось жа трапіў на такую менавіта цяпер. Прысмак дэжавю адчуў з парогу: ах, які малойца наш беларускі галава, як спрытна спраўляецца з рускім мядзьведзем, які ня хоча дружыць па-сапраўднаму, ухіляецца, каб не плаціць за дружбу з намі, грошы на бочку не кладзе гатоўкай! Хіба з брэжнеўскіх часоў не праслаўлялі гэтак высокае начальства, як у нас сёньня праслаўляюць (андропаўскія часы асабліва не запомніліся, хутка прамінулі).

Дзівісься міжволі прафэсійным дакладчыкам, якія дагэтуль захапляюцца, што беларускі галава з крамлёўскім прэм’ерам зламалі калісьці на мяжы шлягбаўм, каб аднавіць мір-дружбу. Быццам вакол таго шлягбаўма стаялі танкі і гарматы, а зямля была засеяна ўсьцяж супрацьпяхотнымі мінамі. Ведаюць, ведаюць дакладчыкі, што сапраўдны кантроль на мяжы зрабілі якраз толькі пасьля стварэньня славэтнай “саюзнай дзяржавы” (бо як няма шлягбаўма, вязі што хочаш і колькі хочаш), аднак як супрацівіцца празе тварыць новыя “міты і легенды”?!

Мухі і катлеты: дубль два


“Мухі і катлеты” таксама з шэрагу новых мітаў. Пакрыўдзіў, маўляў, з пачуцьцём нагадвае дакладчык, Уладзімір Уладзіміравіч нашага галаву фразай аб тым, што трэба нарэшце “аддзяліць мух ад катлет”, вой як пакрыўдзіў несправядліва! Але я амаль не зьдзіўляюся больш, бо памяць — рэч пераборлівая, адно ў скрыжалі ператварае, другое сьцірае рашуча анучай са школьнай дошкі.

Самому Ўладзіміру Ўладзіміравічу, думаю, вядома, што ён толькі паўтарыў яе за беларускім галавой, але паўтарыў, скажам, не без яхідзтва і — празь нейкі час. Інакш навошта яму маглі спатрэбіцца мухі і катлеты, якія ў той час яўна тырчэлі цьвікамі зь яго досыць прадуманага лексыкону? Гэта быў зусім ня выклік, а хутчэй — адказ. Тэзіс пра мухі і катлеты наш галава заявіў у інтэрвію расейскім тэлеканалам, калі прыляцеў аднойчы ў Маскву, усё гэта было агучана, але аўтарства дасталася ўсё ж Пуціну.

Нічога дзіўнага. Хто ведаў, што “інжынэраў чалавечых душаў” прыдумаў зусім ня Сталін, а вядомы літаратар Юры Алеша? Аўтарам доўга лічыўся менавіта Ёсіф Вісарыёнавіч, пакуль пісьменьнік не наважыўся пра гэта сказаць, пасьля сьмерці “айца ўсіх народаў”, само сабой, калі страх крыху зьменшыўся.

Грошы наперад


Сакрэт палішынэля: чым больш дакладчыкі баяць пра дружбу, тым больш відавочным робіцца, што “саюзная дзяржава” — гэта хвацкі спосаб раскашэльваць “старэйшага брата”. Зразумела, што пад бясконцыя паўторы-рэфрэны пра агульнаславянскае братэрства і любоў, як жа бяз гэтага?! Асабліва важная таксама відовішчнасьць: увесь час абавязкова трэба таргавацца публічна, каб усе чулі і бачылі, і разумелі — хто харошы брат, а хто — скнара, тэлевізійны спэктакль, карацей. Што цікава, адзін з прамоўцаў гэтым разам якраз ня вытрымаў, рэзнуў праўду-матку: “саюзная дзяржава” — гэта форма бізнэсу, кажа. Публіка насьцярожылася. Узаемавыгоднага бізнэсу, удакладніў ён. Запанавала маўчаньне. Выгоднага для ўсіх грамадзянаў бізнэсу, зрэабілітаваўся прамоўца, і ўсе ўздыхнулі з палёгкай. Зараз можна працягваць па завядзёнцы гаварыць “мір”, трымаючы ў галаве “вайна”, ці наадварот, розьніца невялікая.

І вось яшчэ муляе такая думка. Памёр любімы расейцамі і беларусамі кінагерой Шцірліц, актор Ціханаў, і ў Маскве раптам усьвядомілі, што папулярнасьць Пуціна грунтавалася таксама на тым, што ён стаў сучасным палітычным увасабленьнем таго самага Шцірліца, бо таксама пачынаў у Нямеччыне сваю кар’еру ў разьведцы. Са Шцірліцам не маглі даць рады ні Мюлер, ні Кальтэнбрунэр, ён супрацьстаяў ім на роўных. Кім жа трэба быць, каб нароўні весьці гульню з тым Пуціным? Бадай зразумееш захапленьне нашых дакладчыкаў…